Галоўная / Навiны / Навiны раёна
12.10.2020

11 кастрычніка-Дзень работнікаў культуры. Работнікі сферы мастацтваў г. п. Карэлічы распавядаюць пра свой творчы шлях

 Сапраўдная прыгажосць жыве ў сэрцы,

адлюстроўваецца ў вачах і праяўляецца ва ўчынках.

Ошо

 

Восень — залатая пара года, якая дорыць шчаслівыя імгненні незабыўных сустрэч. А яшчэ шмат свят, сярод іх і Дзень работнікаў культуры.

нагоды прафесійнага свята  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Міхайлаўна САНЧУК адрасоўвае калегам па працы найлепшыя словы прызнання і віншаванняў.

— Іна Міхайлаўна, у гэтыя дні работнікі культуры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Хто гэтыя людзі?

— Яны напаўняюць наша жыццё святам, сваёй творчасцю дораць людзям радасць і добры настрой, усёй душой аддадзены мастацтву і дзякуючы бязмежнай фантазіі і натхненню напаўняюць кожны дзень нашага жыцця яркімі незабыўнымі фарбамі.

— Назавіце, калі ласка, знакавыя падзеі культурнага жыцця — дасягненні, з якімі прыйшлі да прафесійнага свята.

— Хочацца адзначыць, што ў галіне культуры раёна працуюць творчыя  і нераўнадушныя людзі, якія ствараюць праекты і ладзяць добрыя святы. З нагоды Дня работнікаў культуры хочацца ўспомніць тых, хто ўсяго сябе аддае любімай справе.  Адкрыць гэты «залаты спіс» хачу з Міхаілам Башко, заснавальнікам тэатральнай студыі «Эксперымент» ДУ «Карэліцкі  РЦКіНТ». Яе ўдзельнікі шматразова ўзнагароджваліся дыпломамі І і ІІ ступені, атрымлівалі гран-пры абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў. За 2020 год удзельнікі тэатральнай студыі атрымалі каля 140 узнагарод міжнародных фестываляў і конкурсаў, з іх 5 гран-пры, 35 дыпломаў лаўрэата І ступені, 19 дыпломаў лаўрэата ІІ ступені, 14 дыпломаў лаўрэата ІІІ ступені і інш.

Міхаіл Пятровіч асабіста мае 24 падзякі арганізатараў рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў за прафесійную падрыхтоўку ўдзельнікаў.

У 2019-2020 навучальным годзе ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» прыняла ўдзел у 30 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах і фестывалях і вярнулася дамоў з 60 узнагародамі розных ступеняў. З пачатку гэтага навучальнага года запушчаны творчыя інфармацыйныя праекты: «Навіны», «Школьны каламбур», «Хвілінка разважанняў», дзейнічаюць розныя марафоны. Усю  пазакласную работу ДШМ трансліруе ў відэафармаце, і ў сацыяльнай сетцы штодзень вучні, бацькі, выпускнікі могуць убачыць працу музычнай установы.

Аддзел рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» вырабляе роставыя лялькі  — лялькі-фігуры ў рост чалавека. У супрацоўнікаў ужо назапашаны пэўны вопыт работы, іх вырабы адрозніваюцца добрай якасцю, карыстаюцца попытам у раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Супрацоўнікі Дома рамёстваў сёлета ўпершыню наведалі рэспубліканскае свята ў Александрыі. Карэліччане прадэманстравалі мясцовы строй — беларускае адзенне, паказалі майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў.

І ў рэшце рэшт, самай знакавай падзеяй з’яўляецца ўдзел работнікаў культуры ў акцыях «За Беларусь», дзе яны сталі не толькі актыўнымі ўдзельнікамі, але і ініцыятарамі.

— Вашы пажаданні з нагоды Дня работнікаў культуры.

— За ўсімі дасягненнямі — тыя, хто аднаўляе, захоўвае, развівае традыцыі і абрады, зберагае гісторыка-культурную спадчыну беларускага народа. За кожным супрацоўнікам — талент, натхненне, дух творчасці. Асаблівыя словы прызнання і віншаванні адрасую нашым паважаным ветэранам працы, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё галіны, заўсёды дзеляцца з намі багатым жыццёвым і творчым вопытам.

Усім работнікам культуры жадаю спаўнення творчых задумак і вялікай любові да ўсяго на зямлі. Заставайцеся здаровымі і шчаслівымі, добрымі  і шчырымі. Будзьце ўпэўненымі ў сабе, і няхай нішто і ніколі не зможа зламаць вас у жыцці. Любіце жыццё ва ўсіх яго фарбах.

Манефа КОХАН, ветэран працы з 47-гадовым стажам:

— Змястоўным і цікавым было жыццё ў дзяўчат і юнакоў маёй маладосці. Мы не толькі шмат працавалі, але маглі з карысцю праводзіць і свой  вольны час. Мне, як культработніку, выпала выдатная магчымасць быць арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў. У памяці не раз усплываюць выступленні танцавальнага калектыву «Тудараўская кадрыля», жаночай вакальнай групы, хору, агітбрыгады — усё няпроста пералічыць.

47 гадоў адпрацавала ў галіне культуры. Пачынала адразу ў Асташынскім клубе, а затым — у Тудараўскім Доме культуры. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, прадаўжала  працаваць у Тудараўскай бібліятэцы.

Падабалася працаваць у галіне культуры. Праводзіліся заняткі гурткоў і дыскатэкі. Што да апошняга, то на танцы прыходзіла шмат моладзі, нават з Заполля і Горнай Руты. Зараз часта ўспамінаю тыя гады. Добрым  і вясёлым  быў час, і здавалася, што ніколі не закончыцца. Галоўнае, было з кім працаваць і каму дарыць часцінку сваёй душы.

Святлана АБЛАМЕЙКА, загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі ДК»:

— Больш за 40 гадоў працую ў галіне культуры. Шмат усяго было, як у той прымаўцы “З рога ўсяго многа”. Мая культурная дзейнасць шматлікая: працавала і загадчыцай сельскага клуба ў вёсцы Церабостынь, і бібліятэкарам у вёсцы Радунь, і загадчыцай сельскага Дома культуры вёскі Кожава.  З 2007 года — дырэктар Жухавіцкага ЦСДК.

На той момант самымі папулярнымі былі тэатралізаваныя прадстаўленні, канцэрты, святы, абрады. І, вядома, такія мерапрыемствы не абыходзіліся без самадзейных артыстаў. Таму на базе Жухавіцкага ДК дзейнічаў народны ансамбль песні “Вечарынка”, які быў створаны па ініцыятыве Аляксандра Герасімавіча Круглікава ў 2000 годзе і ў 2004 атрымаў званне “народны”. Ансамбль дзейнічае па сённяшні дзень і ў бягучым годзе яму споўніцца 20 гадоў. Да таго ж быў вядомы не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за мяжой. Пабывалі ў Польшчы, Літве, Эстоніі.

Але час не стаіць на месцы і дыктуе новыя ўмовы. Такімі ўмовамі сталі платныя паслугі. Тады ў нас пачалася актыўная канцэртна-гастрольная дзейнасць. Ансамбль песні “Вечарынка” пабываў у розных санаторыях Беларусі. Гэта «Магістральны», «Пад’ельнікі», «Азёрны», «Юнацтва», «Сасновы Бор», «Крыніца», «Энергетык», «Радон».

Не забывалі і пра сваіх аднавяскоўцаў. Акрамя канцэртна-гастрольнай дзейнасці, шукалі новыя формы работы з насельніцтвам, якія паспяхова праходзілі ў Доме культуры. Такімі формамі работы з’яўляліся караоке-батл, шоу «Дзве зоркі», музыкальны рынг, танцавальнае шоу, «Голас 30+» у два этапы, музычнае шоу “Музыка нас звязала” ў чатыры этапы, дзіцячы конкурс “Таленты малой Радзімы” і іншыя.

Вольга УЛАН, загадчык фартэпіяннага аддзялення, выкладчык фартэпіяна ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»:

— Музыка — гэта ўсё маё жыццё: з 5 да 54 гадоў. Яна дае мне сілы, радасць жыцця, натхненне, настрой. І ўсё гэта на працягу маёй працоўнай дзейнасці я перадаю сваім вучням. Іх у мяне было так шмат, што падлічыць немагчыма. Кожны год яны прыходзяць, і я стараюся ім прывіць любоў і інтарэс да музыкі, якія ёсць у мяне, і непасрэдна да фартэпіяна.

Я ўдзячна маім бацькам Валянціне Нікіфараўне і Георгію Мікалаевічу Каспяровічам, якія мяне заўжды падтрымлівалі і падтрымліваюць, маім шматлікім настаўнікам, маім калегам, нашаму кіраўніцтву музычнай школы, з кім робім агульную справу.

З нагоды Дня работнікаў культуры хачу пажадаць усім жыць з іскрынкай у вачах і любоўю ў сэрцы сустракаць кожны новы дзень. Маладым жадаю знайсці сябе ў жыцці і крочыць абранай дарогай, пакідаючы за сабой любоў, дабро, шчырасць да іншых людзей. Няхай у вас усё і заўсёды ладзіцца.

Ларыса КУЗЬМІЧ, бібліятэкар аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:

— Бібліятэка сёння ідзе ў нагу з тэхналагічным працэсам. У аддзеле камплектавання адбыліся змены: усю літаратуру і дакументы апрацоўваем на камп’ютары, што дае магчымасць хутчэй правесці апрацоўку кніг і электронных дакументаў, давесці навінкі літаратуры да чытачоў.

Поруч з інфармацыяй у інтэрнэце і электроннымі кнігамі па-ранейшаму застаецца патрэбнасць у звычайных папяровых. Выдавецтва не застаецца ў баку, выпускаюцца новыя кнігі. У аддзеле камплектавання яны праходзяць праз рукі бібліятэкараў. За дзевяць месяцаў гэтага года апрацаваны 1132 экзэмпляры, якія былі размеркаваны ў бібліятэкі раёна. Мы афармляем падпіску на газеты і часопісы. Бібліятэкі раёна атрымліваюць 112 перыядычных выданняў, з іх 75 часопісаў і 37 газет.

З нагоды свята хочацца запрасіць жыхароў раёна наведаць бібліятэкі і пазнаёміцца з навінкамі літаратуры, а калегам па працы пажадаць ад сонца цяпла, ад людзей дабра, маладосці вечнай і цеплыні сардэчнай.

Кацярына ЖАМОЙДА, культарганізатар аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі ДК»:

— Свет актыўна развіваецца,  з ім разам і галіна культуры. У сваёй працы мы не толькі шукаем новыя формы работы, але і заўсёды выкарыстоўваем у іх інфармацыйныя тэхналогіі. Новыя сродкі даюць нам новыя магчымасці. Акрамя гэтага,  ствараем новыя інтэрнэт-праекты, такія, як рубрыка “Народныя прыкметы”, дзе перадаём мудрасць і традыцыі нашых продкаў, майстар-класы online па пашыве незвычайных цацак, праводзім арт-тэрапію, як спосаб аднавіць свае ўнутраныя сілы пры дапамозе мастацтва і правесці больш часу са сваімі дзецьмі, канцэртны зал online, віктарыны, квэсты і шмат іншых у фармаце online.

Яшчэ адным самым цікавым нашым праектам з’яўляецца радыё “Жухавічы”, вяшчанне ў рэальным рэжыме, дзе мы асвячаем апошнія навіны раёна, Жухавіцкага сельсавета і СВК «Жухавічы», віншуем з Днём нараджэння і іншымі святамі. Асвячаем анонсы будучых мерапрыемстваў і, вядома, ставім добрую музыку. На базе дадзенага праекта ў нас праходзяць радыё-канцэрты, гістарычныя радыё-гадзіны, гадзіны віншавання і шмат іншага.

мы актыўна працуем у сацыяльных сетках для таго, каб кожны змог прыняць удзел у культурным жыцці грамадства і павысіць свой культурны ўзровень.

Максім ШАХ, выкладчык па класу фартэпіяна ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў»,малады спецыяліст:

— Я нарадзіўся і вырас на Карэліччыне, у невялічкай вёсцы Крынкі Турэцкага сельсавета. Пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа вярнуўся на радзіму. Жыву з бацькамі ў роднай вёсцы і вучу дзяцей музыцы ў Цырыне. У мяне 13 вучняў, усе розныя, але аб’ядноўвае іх любоў да музыкі. Я імкнуся знайсці падыход да кожнага і навучыць бачыць прыгожае. Усяму гэтаму мяне ў свой час вучыла мая настаўніца Вольга Георгіеўна Улан. За 6 гадоў вучобы яна раскрывала не толькі таямніцы музыкі, а і сакрэты жыцця.

Музыка ў сённяшні час робіць маё жыццё больш цікавым і разнастайным, душа прагне да дабра і прыгажосці. Хочацца, каб у жыцці было больш добрага, каб людзі жылі мірна паміж сабою. Каб працавалі з натхненнем і аддавалі сябе любімай справе. Як малады спецыяліст хачу пажадаць калегам ніколі не астываць душой, гарэць працай, быць здаровымі і шчаслівымі. І радасці ад кожнага дня.