Афіцыйны сайт
15 ліпеня 2019

Фестываль «Мір-1812» стартаваў. У першы дзень на тэрыторыі Мірскага замка разгарнуліся эпічныя баі пад казацкія спевы і танцы

 Каля Мірскага замка ўсё ў дыме, на полі — адважныя салдаты дзвюх магутных армій, стрэлы і агонь, удалыя казакі і кавалерысты на канях, смелыя атакі ды заварожаныя гледачы. Нават Леў Талстой здзівіўся бы тым эпічным эмоцыям, якія зведалі сёння старажытныя муры славутасці. У трэці раз міжнародны фестываль «Мір-1812» сабраў мноства рэканструктараў і гледачоў на карэліцкай зямлі.

На фестывалі госці ў поўнай меры змаглі адчуць атмасферу 1812 года. Адных прыцягнула пляцоўка ВПЦ «Казацкі Спас» і Праваслаўнага брацтва Праабражэння Гасподняга Нясвіжскага благачыння, іншыя з задавальненнем наведалі белы лагер рэканструктараў, дзе пазнаёміліся з воінамі рускай і напалеонаўскай армій.

Мы, як і ўся публіка, трапілі і да адных, і да другіх. Пра дух брацтва і асаблівасці сёлетняй праграмы падчас экскурсіі па казацкіх прасторах распавёў адзін з арганізатараў фестывалю «Мірскія Шэрміцыі», казак ВПЦ «Казацкі Спас» Алег Саковіч з Баранавіч : «Адразу скажу, што гэтыя землі для нас як родныя. Ды і род Святаполк-Мірскіх звязаны з гісторыяй казацтва. І мы ўжо другі год праводзім тут спаборніцтвы па валоданні шашкай (шабляй). Яны прысвечаны змаганню казакоў атамана Мацвея Платава з напалеонаўскай кавалерыяй. На гэтай зямлі якраз адбылася першая перамога айчыннай зброі і казацтва над сіламі французскай арміі. І мы яе святкуем: але не толькі з шашкамі, але і са спевамі ды танцамі на канцэрце. Да таго ж, у нашым лагеры кожны жадаючы можа пазнаёміцца з сучаснай зброяй, нават уласнаруч разабрацца з аўтаматам. Усяго ў фэсце ўдзельнічаюць каля 50 чалавек, якія прадстаўляюць розныя казацкія аб’яднанні».

Белы лагер сустрэў нас актыўнай падрыхтоўкай воінаў рускай і напалеонаўскай армій да бітвы. Між тым, пакуль адны прадумывалі пераможную тактыку і будучыя подзвігі на полі змагання, астатнія насалоджваліся мірным жыццём. Дамы аддавалі перавагу свецкім размовам і маляванню, а пары адпраўляліся на шпацыр да возера. Лізавеце Харута з мінскага «22-га палка» такі лад жыцця даспадобы, і дзяўчына ўжо трэці раз прыязджае на фестываль «Мір-1812»: «Я даўно зацікаўлена гэтай эпохай. У маленстве чытала шмат кніг пра тыя часы. І зараз я здзяйсняю свае дзіцячыя мары, актыўна наведваю ўсе тэматычныя падзеі ў Беларусі». А вось Станіслаў Рыжанкоў з гомельскага танцавальнага клуба «Карункі крокаў» на фестывалі ўпершыню: «Я нядаўна трапіў у незвычайны свет мінулага. І як толькі прыехаў у Мір, то адразу адчуў, як моцна мне падабаецца месца. Вельмі атмасферна!»