Галоўная / Навiны / Навiны раёна
04.04.2020

Карэліччане далучыліся да рэспубліканскай акцыі "Тыдзень лесу”

 28 сакавіка па ўсёй Беларусі стартавала рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу», сутнасць якой заключаецца ў неабходнасці беражліва адносіцца да ляснога фонду. Мерапрыемства прымеркавана да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праводзіцца ўжо ў трынаццаты раз.

Паблізу вёскі Вялікае Сяло Мірскага сельсавета настаўнікі і тэхнічны персанал Турэцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа (на здымку) ўжо з самай раніцы працавалі на карысць раёна. Узброіўшыся рыдлёўкамі і ўсім неабходным, пятнаццаць чалавек пасадзілі некалькі радоў саджанцаў, якія, стануць паўнавартаснай часткай ляснога багацця Беларусі. Плануецца, што з наступнага тыдня да пасадкі далучацца выкладчыкі Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, якія таксама зробяць значны ўнёсак у азеляненне краіны.

Як расказаў ляснічы Мірскага лясніцтва ДЛГУ “Навагрудскі лясгас” Андрэй Масько, усяго на ўчастку паблізу Вялікага Сяла плануецца пасадзіць пяць радоў сасны, тры – елкі і столькі ж – бярозы, якія, дарэчы, кожны год лясніцтва закупляе ў спецыяльным пітомніку аграгарадка Уселюб Навагрудскага раёна.

Актыўна праходзіць пасадка лясных культур і ў Карэліцкім лясніцтве, якое ўжо абагаціла зялёныя лёгкія краіны на 0,3 га. Дзякуючы супрацоўнікам Карэліцкага РЭС саджанцы бярозы і алешыны пасаджаны на тэрыторыі за гарпасялковымі могілкамі.

Каля 3,2 га елкі, бярозы і сасны высадзілі работнікі Ярэміцкага лясніцтва паблізу вёскі Рудзьма. Непадалёк ад вёскі Косічы Навагрудскага раёна работнікі Валеўскай школы разам са спецыялістамі Свіцязянскага лясніцтва папоўнілі лясныя запасы елкі, сасны, дуба, алешыны і бярозы на 11 га.

Дарэчы

У бягучым годзе плануецца аднавіць 3,6 тысячы гектараў лясной плошчы Гродзеншчыны, што складае каля 10 мільёнаў саджанцаў. Галоўным пасадачным матэрыялам стануць хвойныя насаджэнні, такія, як хвоя і елка, а таксама дуб, клён, ясень, бяроза, ліпа і бук.