Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.11.2020

На Карэліччыне адбыўся аўтапрабег "За адзіную Беларусь", прысвечаны 80-годдзю Карэліцкага раёна

 21 лістапада на Карэліччыне адбыўся аўтапрабег «За Адзіную Беларусь»,  прысвечаны 80-годдзю раёна. Арганізатары — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкагага райвыканкама, раённыя грамадскія арганізацыі «Белая Русь» і » Беларускі саюз жанчын».

У правядзенні акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый раёна. Маршрут пралёг праз населенныя пункты Карэліччыны. У аграгарадках Лукі, Жухавічы, пасёлку Мір, вёсцы Пясочная, на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі, а падчас сустрэч падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Іна САНЧУК,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама,

старшыня Карэліцкай РГА «Беларускі саюз жанчын»:

— Я адчуваю асаблівы гонар за сваю краіну, за людзей, якія адданы сваёй Радзіме, якія любяць яе ўсім сэрцам і даказваюць гэта сваёй штодзённай бездакорнай працай. Я ганаруся сваёй Карэліччынай, дзе жыву і працую. З кожным годам Карэліцкі край становіцца прыгажэйшым, узводзяцца новыя дамы, добраўпарадкоўваюцца населеныя пункты. Лічу мудрым выказванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу: «Беларусь — наша, яна любімая. А любімую не аддаюць!»

Аляксандр РУДАК,

дырэктар Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства

жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Карэліччына — мой другі дом. Больш 35 гадоў аддаў гэтаму краю. Усе гэтыя гады працую ў Карэліцкім РУП ЖКГ. За гэты час змяніліся раён і Карэлічы. Заўсёды разам з узначальваемым працоўным калектывам імкнуліся, каб у кватэрах карэліччан пастаянна прысутнічала цяпло, была ў дастаковай колькасці і неабходнай якасці пітная вада, існавалі парадак на вуліцах і дварах. Створаныя ўмовы дапамагаюць падтрымліваць у насельніцтва здароўе, настрой, жаданне працаваць дзеля дабрабыту Радзімы і нашага раёна.

Алена МОНІЧ,

настаўнік-дэфектолаг

ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:

— Настаўнік — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. За 23 гады педагагічнай працы я імкнулася раскрыць у вучнях асобу, дапамагала ім набыць веды і навыкі. Поплеч працуюць вопытныя, разумныя, справядлівыя настаўнікі, якія з’яўляюцца прафесіяналамі сваёй справы. Яны даюць не толькі веды па пэўнаму прадмету, а выхоўваюць у вучнях любоў да Радзімы, пачуццё патрыятызму, дабра, адказнасці, справядлівасці. У аўтапрабегу ўдзельнічаю ў другі раз з дачкой васьмікласніцай Ульянай. Хачу, каб у маёй дачкі і ўсіх дзяцей была будучыня, а таксама — мір і спакой на зямлі.

Ірына ПЯНЬКОЎСКАЯ,

старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

— У маім разуменні, патрыёт — гэта той чалавек, які прыносіць карысць там, дзе ён нарадзіўся. Нездарма ў народнай прымаўцы гаворыцца: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Амаль пяцьдзесят гадоў жыву і працую у Карэлічах. На ўсіх сваіх пасадах імкнулася не згубіць гонар і годнасць роднага края. Калі даводзілася працаваць з моладдзю, то выхоўвала ў іх пачуццё гонару і адказнасці, а ўзначальваючы райкам прафсаюзаў АПК, стараюся абараніць і падтрымаць працаўнікоў вёскі і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці. З кожным годам наш раён становіцца ўсё прыгажэйшым, а яго жыхары прадаўжаюць мацаваць яго дабрабыт. Спадзяюся, што так будзе і ў далейшым, бо тут жывуць шчырыя, добрыя, працавітыя людзі. Я ганаруся імі і з нагоды юбілею зычу здароўя, дабра, шчасця.

Ксенія і Аляксандр БАРАНЧЫК,

жыхары г.п. Карэлічы:

— Мы пастаянна ўдзельнічаем у акцыях за Беларусь. Мы — за мірную Беларусь, за стабільную і квітнеючую. У нашай сям’і выхоўваецца трое дзяцей. Хочацца, каб яны маглі спакойна выйсці на вуліцу, вучыцца ў школе, атрымаць бясплатную адукацыю, вызначыцца ў жыцці. Усе гэтыя гады мы адчувалі падтрымку і клопат дзяржавы аб сям’і. У нас ёсць праца і стабільны заробак. Жадаем захаваць тое, што маем, а галоўнае — мір на планеце.

Сяргей РУСАН,

Сантэхнік УАЗ «Карэліцкая ЦРБ»:

— Я — карэліцкі. Нарадзіўся ў вёсцы Лемнікі Жухавіцкага сельсавета. Служыў у арміі. Пасля працаваў на розных участках работы. Адно скажу: любая праца ў пашане, галоўнае, як да яе адносішся. А каб жыць, трэба працаваць. Я — за Беларусь, у якой пануе мір і спакой. Хочацца, каб іх ніхто і ніколі не парушыў. Беларусы заслугоўваюць самых добразычлівых адносін. Мы ўмеем ладзіць з суседзямі, прыходзім адзін аднаму на дапамогу — і няхай усё добрае, што збіралася на працягу многіх гадоў, не згубіцца. Яго забяром у заўтрашні дзень, які будзе светлым і шчаслівым.