Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.10.2021

Навацыі на службе ў аграрыяў. У СВК "Свитязянка-2003" цукровыя буракі вырастае на любата дзякуючы сістэме кантролю пустазелля, а для кароў з кукурузы робяць шматкі

 У СВК “Свіцязянка-2003” уборка цукровых буракоў перасягнула экватар: убрана 60% салодкага кораня. Ураджайнасцю ў гаспадарцы задаволены: дасягае 680 цэнтнераў з гектара супраць 670 летась. Галоўны аграном Аляксандр Мяцеліца лічыць, што на вынік паўплывала не столькі надвор’е, якое да таго ж не адрознівалася стабільнасцю, колькі строгае захаванне тэхналогіі і стаўка на інавацыйную сістэму кантролю пустазелля ў пасевах цукровых буракоў Канвіза Смарт.

— У нашай гаспадарцы ўжо некалькі гадоў запар выкарыстоўваюць гэтую тэхналогію, — расказвае Аляксандр. — Сутнасць яе простая: мы набываем спецыяльнае насенне, дзякуючы якому замест 3-4 традыцыйных хімічных праполак спецыяльнымі гербіцыдамі патрэбны ўсяго дзве. Уявіце сабе, якая гэта эканомія на гербіцыдах, прагоне тэхнікі, чалавека-гадзінах. Канвіза Смарт таксама вядзе барацьбу з так званымі дзікімі буракамі, якія засмечваюць палі пасля таго, як выкопваюцца цукровыя.

У гэтым годзе ў “Свіцязянцы” пад салодкі корань адведзена 400 гектараў. Пазалетась пасеялі 500, аднак са з’яўленнем у гаспадарцы лініі па перапрацоўцы рапсу плошчы пад буракі зменшылі, хаця культура не менш рэнтабельная, чым рапс.

 

Па словах галоўнага агранома, цукрыстасць культуры таксама расце, цяпер складае 16,5%. На Гарадзейскі цукровы камбінат ужо адпраўлена 14800 тон сыравіны.

На ўборцы культуры шчыруе Віктар Чубрык, — механізатар з 28-гадовым стажам, патомны земляроб. Яго бацька 40 гадоў працаваў на зямлі ў калгасе імя Гастэлы, любоў да земляробства перадаў і сыну.

— Наша работа адна з самых патрэбных і важных на зямлі, — мяркуе мужчына. — Вынікі яе бачныя ўсім. Напрыклад, я сею зерневыя, буракі, кукурузу, прасую сена і салому, заняты на касьбе. Цяпер вось капаю буракі. Потым памыю камбайн, пастаўлю яго на захоўванне. Затым буду на фермах парадак наводзіць. Шчыра кажучы, у водпуску сумую без працы, бо за столькі гадоў прывык да работы, яна радуе сэрца. Ды і не засумуеш тут: хочаш навіны слухай ці музыку, хочаш на прыроду дзівіся. Прыгажосць жа вакол! Частыя госці на полі — зайцы, ласі, казулі.

Аляксандр Мяцеліца прапануе паглядзець яшчэ адну навацыю, якую пачалі выкарыстоўваць у гаспадарцы, — плюшчэнне кукурузы з далейшым захоўваннем у поліэтыленавых рукавах.

— У гэтым годзе плануем атрымаць каля трох тысяч тон кукурузы на зерне, — расказвае спецыяліст. — Уся яна пойдзе на стол да буйной рагатай жывёлы як кампанент камбікармоў. У мінулыя гады кукурузу проста сушылі на зернесушылках і захоўвалі ў сховішчах. У гэтым годзе вырашылі рыхтаваць яе метадам плюшчэння, дзякуючы чаму ў корме захоўваецца больш пажыўных рэчываў. Акрамя таго, па падліках нашых эканамістаў, атрымаецца значная эканомія газу.

На тэрыторыі МТФ “Райца-1”  бялеюць сем 60-метровых поліэтыленавых рукавоў. Кожны змяшчае 90 тон кукурузных шматкоў. Плануецца, што 1,5 тысячы тон кормоў будзе закладзена ў рукавы, яшчэ столькі ж высушана традыцыйным спосабам.

У гэтым годзе пад кукурузай у гаспадарцы занята 997 гектараў, 667 здрабнілі на сілас. Атрымалі 28 337 тон пры ўраджайнасці 425 цэнтнераў з гектара. Сілас у бягучым годзе аддзячыў аграрыям, ураджайнасць на 45 ц/га вышэй мінулагодняй.  На зерне засталося ўбраць 197 гектараў, 40% ужо ў засеках. У мінулым годзе ўраджайнасць складала 114 ц/га. Сёлета крыху ніжэйшая (100-101 ц/га), аднак гэта на горшых участках.  Наперадзе — лепшыя палі, таму і аддачы ў сельгаспрадпрыемстве ад культуры чакаюць лепшай.