Галоўная / Навiны / Навiны раёна
31.12.2020

Старшыня райвыканкама Генадзь Шатуеў падводзіць вынікі 2020 года і віншуе карэлічан з надыходзячым Новым годам

 Зусім хутка 2020 год стане часткай гісторыі. Якім ён быў для жыхароў Карэліччыны, чым адметным запоўніўся ім адыходзячы год? Стоячы на парозе Новага года, самы час азірнуцца назад, узгадаць значныя падзеі 2020 года і ацаніць дасягнутыя паказчыкі. У святочным інтэрв’ю са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Генадзіем Шатуевым падводзім вынікі адыходзячага года і будуем планы на будучыню.

– Генадзій Мікалаевіч, роўна год назад Вы ўзначалілі наш раён. Быць кіраўніком – справа сур’ёзная і нялёгкая. Як Вам удалося наладзіць работу?

– Безумоўна, было дастаткова складана і вельмі адказна рабіць першыя крокі ў якасці кіраўніка раёна. Засвоіцца на новым месцы і знайсці агульную мову з калектывам дапамог папярэдні вопыт працы. Карэліцкі раён мае значныя паказчыкі, трымае высокую планку вытворчага і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Галоўная сіла і багацце Карэліччыны – моцныя і таленавітыя кіраўнікі, добрасумленныя і адказныя працаўнікі, якія ў тандэме дэманструюць плённую працу і паступальны рух наперад.

–  Наколькі паспяхова склаўся адыходзячы год для Карэліччыны і чым ён запомніўся?

– На мой погляд, у 2020 годзе можна вылучыць тры знакавыя падзеі, якія ў той ці іншай ступені вызначылі ход нашай працы і надзённага жыцця карэліччан. Па-першае, нягледзячы на святочны настрой, нельга не ўзгадаць пра пандэмію, якая, перавяла мерапрыемствы ў анлайн-фармат, навучыла нас працаваць дыстанцыйна, беражліва адносіцца да свайго здароўя і, здаецца, нават змяніла мысленне людзей.

Галоўнай палітычнай падзеяй адходзячага года сталі выбары кіраўніка нашай дзяржавы, якія прайшлі пры высокай яўцы выбаршчыкаў. Гэта кампанія стала сапраўдным іспытам на сацыяльную і палітычную сталасць, яна ў чарговы раз паказала, што няма нічога даражэйшага на зямлі, чым мір, адзінства і незалежнасць.

У 2020 годзе Карэліцкі раён і ўсе яго жыхары адзначылі 80-гадовы юбілей, якому папярэднічала маштабнае добраўпарадкаванне ў райцэнтры. Хочацца выказаць словы падзякі кіраўнікам гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам, якія падтрымалі ініцыятыву па добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы і зрабілі асабісты ўнёсак у развіццё Карэліччыны. Так, агульнымі намаганнямі на вуліцах райцэнтра напярэдадні юбілею раёна з’явіліся 26 лавак. Хочацца, каб і надалей кожны карэліччанін імкнуўся зрабіць свой раён прыгажэйшым і больш утульным.

– Якія вынікі паказалі ў бягучым годзе аграрыі Карэліччыны?

– Літаральна на днях жывёлаводы СВК “Свіцязянка-2003” атрымалі 10 тысяч кг малака ад адной каровы – вынік, якім па праве можна ганарыцца. Дарэчы, у бягучым годзе гаспадарка занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару ў пяты раз. Калі гаварыць пра ўзнагароды, то адыходзячы год прынёс прызнанне на дзяржаўным узроўні старшыні СВК “Жухавічы” Дзмітрыю Янкоўскаму, якому прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.

2020 год  аказаўся спрыяльным для аграрыяў раёна. У чарговы раз Карэліччына стала адным з лідараў жніва ў вобласці. Агульны каравай раёна склаў амаль 112 тысяч тон зерня. Карэліцкія льнаводы атрымалі высокую ўраджайнасць ільнотрасты – 44,05 ц/га, ільновалакна – 13,4 ц/га. Выдатна прайшла корманарыхтоўчая кампанія бягучага года. Нарыхтавана 32,6 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У цэлым жа асноўны вынік работы сельгаспрадпрыемства – гэта яго фінансавы дабрабыт. Зразумела, зарабіць грошы трэба ўмець. Але вельмі важна навучыцца імі граматна распараджацца, накіроўваючы фінансы на паляпшэнне ўмоў працы і жыцця людзей. Прыемна канстатаваць, што 2020 год усе гаспадаркі раёна завяршаюць са станоўчай дынамікай развіцця.

– Генадзій Мікалаевіч, закранаючы сацыяльную сферу, што Вы можаце сказаць аб яе развіцці ў адыходзячым годзе?

– З упэўненасцю скажу, што ўстановам сацыяльнай сферы на Карэліччыне надаецца першачарговая ўвага. На іх развіццё і добраўпарадкаванне штогод з раённага бюджэту выдзяляюцца значныя сродкі. На сённяшні дзень раён мае моцную адукацыйную і спартыўную базы, высокі ўзровень развіцця сферы культуры. Нашы медыкі працягваюць самааддана змагацца з распаўсюджваннем і лячэннем хворых з дыягназам COVID-19. Аб бяспецы і спакоі карэліччанам клапоцяцца супрацоўнікі РАНС і РАУС.

– Калі ласка, падзяліцеся планамі на надыходзячы год.

– У 2021 годзе добраўпарадкаванне Карэліччыны набудзе новы накірунак. Плануем удзяліць перпершарадную ўвагу будаўніцтву і рамонту спартыўных аб’ектаў раёна. Так, добраўпарадкаванне закране стадыён “Юнацтва” ў г.п. Карэлічы і тэрыторыю прылягаючага парка, возера Быкава. У г.п. Мір будзе пабудаваны футбольны манеж. На мой погляд, спорт павінен прысутнічаць у жыцці кожнага з нас, асабліва падрастаючага пакалення.

Яшчэ адзін накірунак, якому плануем удзяліць значную ўвагу, – раздзельны збор смецця, для ажыццяўлення якога на тэрыторыі раёна Карэліцкі РУП ЖКГ плануе ўстанавіць больш за 2 тысячы кантэйнераў.

Па-за ўвагай не застануцца жывёлагадоўчыя аб’екты Карэліччыны. Нам неабходна займацца мадэрнізацыяй, рэканструкцыяй фермаў раёна, узяўшы за прыклад малочны флагман вобласці і рэспублікі – СВК “Свіцязянка-2003”.

– Генадзій Мікалаевіч, што Вы пажадаеце жыхарам Карэліччыны напярэдадні Новага года?

– Дарагія карэліччане, мы разам прайшлі адыходзячы 2020 год. Магчыма, ён быў нялёгкім, але мы зрабілі ўсё магчымае, каб падысці да яго завяршэння з дастойнымі вынікамі. Ад усёй душы віншую вас з надыходзячым 2021 годам і Нараджэннем Хрыстовым, жадаю вам моцнага здароўя, беражыце сябе і сваіх блізкіх. Няхай Новы год прынясе мір і дабрабыт у вашы сем’і. Няхай спраўдзяцца ўсе мары і надзеі, а ўсё добрае толькі прымножыцца!