Кіраўнік музейнага пакоя, педагог дадатковай адукацыі ўстановы Іна Гацкая знаёміць з музейным пакоем. У ім знаходзяцца чатыры экспазіцыі: «З глыбіні мінулага…», «Па старонках цяперашняга…», «Іх імёнамі названы дружыны нашага раёна», «Піянерскія сімвалы і атрыбуты».
Тут сабраны летапісы 12 піянерскіх дружын, матэрыялы па гісторыі піянерыі ў фотаздымках, уставы грамадскага аб’яднання. Аформлены стэнд «Дакументы рэгістрацыі раённага савета грамадскага аб’яднання Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі».
Піянерскімі дружынамі Карэліччыны сабраны матэрыялы пра лідараў піянерскага руху розных гадоў. Сярод іх — Соф’я Мінзар і Арына Шавейка (СШ № 1 г.п. Карэлічы), Лізавета Адамушка (Цырынская), Вераніка Сак (Варанчанская), Аляксандра Полагава (Жухавіцкая), Лізавета Шпак (СШ № 2 г.п. Карэлічы), Крысціна Ламан (г.п. Мір) і іншыя.
У экспазіцыі дапаможнага фонду маюцца ганаровыя граматы, дыпломы, падзякі розных гадоў (1956-2020 г.г.), а таксама матэрыялы паходаў піянерскіх дружын па родным краі (1968-1980 г.г.). Ёсць газеты «Зорька» (1985 г.), «Пионерская правда» (1983 г.), «Полымя» (2002 г.), у якіх расказваецца пра піянерскі рух тых гадоў.
Найбольш цікавымі экспанатамі музейнага пакоя асноўнага фонду з’яўляюцца вымпелы, гальштукі трох пакаленняў, піянерскі сцяг, акцябрацкі сцяжок, піянерскія і акцябрацкія значкі, горны, барабаны, школьныя прылады.
Метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вікторыя Русецкая адзначае, што музейны пакой «Гісторыя піянерскага руху Карэліччыны» валодае значным адукацыйна-выхаваўчым патэнцыялам, бо захоўвае і экспануе сапраўдныя гістарычныя дакументы, фотаздымкі, атрыбуты і сімвалы піянерыі мінулых гадоў. Таму важна эфектыўнае выкарыстанне гэтага патэнцыялу для выхавання рабят у духу патрыятызму, грамадзянскай самасвядомасці, высокай маралі, любові да сваёй Радзімы.
Слова — членам аб’яднання па інтарэсах «Піянерскі лідар» Карэліцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
Алеся ШКАДАВА,
вучаніца 5 «Б» класа СШ № 2 г.п. Карэлічы:
— Мае бацькі былі піянерамі і расказвалі шмат цікавага з піянерскага жыцця. Мяне зацікавіла гісторыя піянерскага руху, і ў гэтым мне дапаможа створаны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі музейны пакой.
Аляксандра БАШКО,
вучаніца 5 «А» класа СШ № 2 г.п. Карэлічы:
— Мне ўсё падабаецца ў гэтым пакоі, бо так жылі нашы равеснікі ў ХХ стагоддзі. Я буду экскурсаводам музейнага пакоя і расказваць яго наведвальнікам пра гісторыю піянерыі тых гадоў.