Галоўная / Культура / УК "Карэліцкі раённы краязнаўчы музей"

УК "Карэліцкі раённы краязнаўчы музей"

АБ МУЗЕІ

Сайт музея

УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» быў створаны згодна з рашэннем Карэліцкага раённага камітэта КПБ 23 мая 1969 года як раённы музей народнай славы. У 1972 годзе выдзелен будынак для гісторыка-краязнаўчага музея.

З 1970 года вёўся збор матэрыялаў па гісторыі раёна, які распачала Валянціна Антонаўна Клімаш. Праз год гэту справу прадоўжыў Іван Аляксеевіч Шыбут. Менавіта ён і стаў стваральнікам першай экспазіцыі краязнаўчага музея, якая была адкрыта 29 чэрвеня 1974 года да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта ён і стаў яго першым дырэктарам. Цяперашняя экспазіцыя музея адкрыта 4 чэрвеня 1995 года да 600-годдзя з дня першага згадвання пра Карэлічы ў пісьмовых крыніцах.

Іван Аляксеевіч нарадзіўся 1 красавіка 1925 года ў Карэлічах, вучыўся спачатку ў польскай, а потым у рускай школах, скончыў Гродзенскае культасветвучылішча, а затым Маскоўскі інстытут культуры. Атрымаўшы прапанову ўзначаліць музей, Іван Аляксеевіч з энтузіязмам узяўся за справу. Ён паездзіў па многіх вёсках і хутарах, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, жыхарамі раёна, ад якіх атрымліваў цікавую інфармацыю, фотаздымкі, дакументы і іншыя матэрыялы. Акрамя таго, ён працаваў у архівах Мінска, Гродна, Брэста, Баранавіч, дзе знайшоў шмат новых фактаў па гісторыі раёна. У выніку гэтай вялікай працы ў 1973 годзе пачалося стварэнне першай музейнай экспазіцыі. Шмат фотаздымкаў для музея Іван Аляксандравіч зрабіў сам.

Экспазіцыя музея знаёміць наведвальнікаў з помнікамі археалогіі на тэрыторыі раёна (сярод экспанатаў ёсць матэрыялы раскопак з неалітычнай стаянкі ля в. Ярэмічы і гарадзішча жалезнага веку ля в. Варонча), з гісторыяй края ў перыяд сярэднявечча (змешчаны археалагічныя знаходкі з раскопак ў г. п. Мір і Мірскім замку, скарб медных манет солідаў XVIII ст., рукапісныя кнігі XVIII - XIX ст. і інш.), з земляробчымі каляндарнымі абрадамі беларусаў.

У экспазіцыі знаходзіцца калекцыя рэчаў сялянскага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XIX - XX стст., творы беларускіх жывапісцаў і графікаў.

У музея захоўваюцца і экспануюцца шматлікія матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё, навуковую і творчую дзейнасць славутых людзей Карэліччыны (Я. Чачота, І. Дамейку, А. Мілюця, А. Бажко, Я. Брыля, А. Дзеркача, В. Іпатаву, Р. Тармолу, У. Калесніка, П. Конюха, А. Ільінскага, П. Ламана і інш.).

Значны раздзел экспазіцыі музея прысвечаны падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць дакументы акупацыйнага перыяду, фотаздымкі загінуўшых жыхароў раёна, даведацца пра трагедыю спаленых на Карэліччыне вёсак.

Асобная вітрына прысвечана дзейнасці Мірскага камсамольска-маладзёжнага падполля, якое ўзначальваў І. М. Мацко. Шматлікія фотаздымкі і дакументы расказваюць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пра дзейнасць партызанскіх атрадаў і брыгад на тэрыторыі раёна, пра вызваленне Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Былы навуковы супрацоўнік музея Крысціна Іванаўна Буйвалава, якая пачала працаваць у музеі незадоўга да яго адкрыцця, успамінала, што цікавасць да гісторыі раёна была вялікая, часам у музеі праводзілі па некалькі экскурсій у дзень. І. А. Шыбут, між тым, працягваў работу па збору новых матэрыялаў, запісваў успаміны людзей, друкаваў артыкулы ў раённай газеце "Полымя". 

І. А. Шыбут плённа працаваў у раённым краязнаўчым музеі да выхаду на пенсію. У 1986 годзе яго замяніў на гэтай пасадзе В. В. Чартко, а з 1988 года выконваць абавязкі дырэктара стала В. У. Уласевіч, якая да гэтага 9 гадоў працавала навуковым супрацоўнікам. У гэты час будынак музея быў падрыхтаваны да капітальнага рамонту. З 1990 года ім займаўся І. А. Шыбут, які зноў стаў дырэктарам музея.

Адначаова пачалася работа над планам новай экспазіцыі. Завяршалі рамонт В. М. Мароз, якая ўзначаліла музей у 1991 годзе, і Э. А. Арабей, які працаваў у музеі з 1994 года да адкрыцця новай экспазіцыі. Дзякуючы напружанай працы работнікаў музея (над стварэннем новай экспазіцыі працавалі навуковы супрацоўнік С. А. Кошур, галоўны захавальнік фондаў Т. С. Варабей, а таксама мясцовы мастак П. Л. Коршун, гродзенскія і мінскія мастакі), у снежні 1994 года была аформлена першая зала музея, а 4 чэрвеня 1995 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі "Зямля і людзі", якое было прымеркавана да 600-годдзя з дня першага ўпамінання аб Карэлічах ў пісьмовых крыніцах. Жыхары Карэліч атрымалі да юбілею пасёлка цудоўны падарунак - сучасны музей.

Супрацоўнікі музея штогод папаўняюць фонды музея новымі матэрыяламі. Агульная колькасць музейных прадметаў - 12 697, з іх асноўнага фонду: 9 135, навукова-дапаможнага: 3 562. У музеі праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і мерапрыемствы, прысвечаныя нашым славутым землякам. Акрамя таго, кожны год супрацоўнікі рыхтуюць перасоўныя выставы, з якімі жыхары Карэліччыны могуць пазнаёміцца на раённых святах, у школах і іншых установах. Для школьнікаў і дарослага насельніцтва чытаюцца лекцыі на краязнаўчую тэматыку.

Паводле кнігі “Памяць”.

Кантакты

Адміністрацыя: 09: 00-18: 00, субота, нядзеля-выхадныя

Каса: 09: 00-17: 30, панядзелак-выхадны

Экспазіцыі: 09: 00-18: 00, панядзелак-выхадны

Дырэктар -Арцюх Дзмітрый Уладзіміравіч, 

+375 (1596) 7-35-75

навуковыя супрацоўнікі, тэл.:

231430, Гродзенская вобл., г. п. Карэлічы, вул.

 e-mail: grkr_muzey@mail.grodno.by