Сёння мы стаім на парозе новага 2022 года. Перагорнута яшчэ адна старонка гісторыі нашага раёна.
Навагоднія ўрачыстасці папярэднічаюць падзеям наступнага года, дазваляюць падвесці вынікі, надаюць імпульс будучым справам і пачынанням. Аналізуючы зробленае ў годзе адыходзячым, можна з упэўненасцю сказаць, што ён быў шчодры на добрыя справы, цудоўныя падзеі, цікавыя мерапрыемствы.
Хочацца зрабіць невялікі экскурс у прайшоўшы сельскагаспадарчы год. Халодная і зацяжная вясна прывяла да таго, што частку азімых збожжавых прыйшлося перасеяць. Аднак лён і травы парадавалі — мы змаглі забяспечыць Карэліцкі льнозавод сыравінай, а грамадскае пагалоўе — якаснымі кармамі на ўвесь зімовы стойлавы перыяд. Азімы рапс паказаў сябе на ўзроўні мінулага года. У двух сельгаспрадпрыемствах: «Свіцязянка-2003» і «Жухавічы» паспяхова працуюць лініі па перапрацоўцы насення гэтай культуры. Атрыманы добры валавы збор цукровых буракоў, аднак у наступным годзе гэтую планку неабходна ўзняць.
СВК «Свіцязянка-2003» зноў ставіць вытворчы рэкорд, атрымаўшы ад кожнай каровы 10 450 кг малака. Цяпер мы закладваем істотны падмурак для вытворчасці вялікага малака: будуем малочнатаварную ферму на 610 галоў у СВК «Жухавічы», яшчэ дзве МТФ знаходзяцца ў стадыі праектавання.
Істотна ўмацаваўся машынна-трактарны парк раёна. Набыта 13 трактароў, 5 збожжаўборачных камбайнаў і іншая сельскагаспадарчая тэхніка. На гэта затрачана больш за 6 млн рублёў.
Пільная ўвага ўдзелена пытанню добраўпарадкавання. Заасфальтаваны дарогі ў аграгарадку Лукі і вёсцы Загор’е, уладкавана новая пешаходная дарожка да сярэдняй школы № 1 райцэнтра, ачышчана возера Быкава і прыведзена ў парадак прылеглая тэрыторыя (работы будуць працягнуты ў 2022 годзе), адрамантаваны фасады будынкаў, заменены граніт на мемарыяльным комплексе “Зорка”.
Паспяхова развіваецца сацыяльна-культурная сфера. Радавалі сваімі поспехамі навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна ў алімпіядным руху, аглядах-конкурсах, спорце. На спартыўных дасягненнях неабходна спыніцца асобна. 21-гадовы карэліччанін Аляксей Алфёраў стаў уладальнікам срэбра Чэмпіянату свету па боксе і такім чынам упісаў сваё імя ў гісторыю спорту. Карэліцкія футбалісты занялі другое месца ў абласных спаборніцтвах у праграме спартакіяды «Залаты колас» сярод сельскіх жыхароў па футболе.
Нягледзячы на цяжкасці, удалося забяспечыць планамернае сацыяльна-эканамічнае развіццё Карэліччыны. Адказнасць, мэтанакіраванасць, зладжаная праца працоўных калектываў дапамагалі нам вырашаць самыя складаныя задачы, захоўваць стабільнасць і згоду ў грамадстве.
Раённы выканаўчы камітэт у новым годзе разлічвае на кожнага з вас, спадзяецца на поўную аддачу ў працы, на смелыя ініцыятывы, беражлівыя адносіны да культурных і духоўных каштоўнасцяў.
Дарагія сябры!
На фінішы адыходзячага года дзякую вам за добрасумленную працу, за ўклад у развіццё Карэліччыны, зямны паклон ветэранам вайны і працы!
Няхай будучы год прынясе ў кожны дом, у кожную сям’ю дабрабыт і ўтульнасць, падорыць яркія справы і здзяйсненні, адкрые новыя магчымасці і перспектывы, пройдзе пад знакам мудрасці, спакою і дастатку. Хай спраўдзяцца надзеі і самыя запаветныя мары, сыдуць засмучэнні і нягоды. Жадаю вам моцнага здароўя, энергіі, аптымізму, шчасця, міру і згоды, светлага святочнага настрою!