Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Главная / Новости / Новости района
22.03.2021

История выжившего очевидца дважды сожженной деревни Новое Село Анатолия Синицы

 Сустрэцца з жыхаром вёскі Новае Сяло Анатоліем Аляксандравічам Сініцам хацела яшчэ летась, але пандэмія зблытала планы. Як-ніяк Анатолію Аляксандравічу 91, зразумела, асцярожнічаў, не хацеў лішніх сустрэч. Але на гэты раз даў дабро, сказаў так: “Разумею, што я апошні сведка тых страшных падзей”. Так, сведка дзвюх жудасных трагедый яго роднай вёскі — лютаўскай і ліпеньскай 1943 года. Новае Сяло забівалі і палілі двойчы.

Да Новага Сяла, што ў 23 кіламетрах ад Карэліч, едзем са старшынёй Ярэміцкага сельсавета Пятром Наумовічам:

— Да вайны ў Новым Сяле жыло 285 жыхароў, было 95 двароў. Фашысты датла спалілі вёску, знішчыўшы 315 чалавек. Гэта была помста за тое, што вяскоўцы дапамагалі партызанам. У час блакады гітлераўцы, акрамя Новага Сяла, поўнасцю спалілі вёскі Лядкі, Пагарэлка, Сіняўская Слабада, Антанёва, хутар Рудзьма і расстралялі многа людзей: старых і маладых, і зусім маленькіх. Нікога не пашкадавалі фашысты…

Анатолій Аляксандравіч сустракае нас на падворку, запрашае ў хату. Ён крыху хвалюецца, вядома, столькі часу мінула, нешта сцерлася з памяці…

— Нарадзіўся я ў Новым Сяле ў 1930 годзе ў небагатай сям’і. Зямлі ў нас было няшмат, але гаспадарку, як і ўсе, трымалі. За польскім часам вучыўся 2 гады.

Нашу вёску немцы называлі Новая Масква, таму што тут часта бывалі партызаны, бралі прадукты для сем’яў, якія знаходзіліся ў партызанскім лагеры. У адзін з лютаўскіх дзён раніцай мы ўбачылі двух коннікаў, якія імчалі з боку Пагарэлкі. Гэта былі паліцаі. У гэты час конніца камандзіра партызанскага атрада Дзмітрыя Дзенісенкі знаходзілася ў Новым Сяле. Раптам над лесам узляцела ракета. Аказалася, у гэты дзень немцы і паліцаі задумалі акружыць і знішчыць партызан. Мабыць, хтосьці данёс, што яны ў нашай вёсцы. 700 чалавек паліцаяў прыехала з Баранавіч. Партызаны хутка асядлалі коней і памчаліся ў бок Слабады. Я, спалохаўшыся стрэлаў, пабег да Нёмана. Бягу, а насустрач мне дзяўчынка з нашай вёскі: «Толік, куды ты бяжыш?» І ў гэты момант яе параніла асколкам. На маіх вачах яна памерла. Я стаіўся ў вялікай гурбе снегу на беразе Нёмана. Вакол свісталі кулі, у сяле таксама стралялі. Амаль над самай галавой праляцеў фашысцкі самалёт. Так я сядзеў некалькі гадзін. Іду дадому, на дарозе адзін забіты ляжыць, другі… А вёскі зусім няма, сцертая з твару зямлі! Адно папялішча, толькі каміны тырчаць.

Я прыйшоў на тое месца, дзе быў наш дом, і пачаў плакаць: «Зайчыкі мае бедныя…» Мы трымалі ў хляве трусоў, я іх вельмі любіў, карміў сам, падсцілаў. Мне ў той момант было больш жывёлін шкада, чым хаты. Побач стаяла мама і таксама плакала. Адзіны дом на ўсю вёску, які быў крыты бляхай, ацалеў. Увечары нас, дзяцей, сабралі ў гэтым доме, каб мы не мерзлі. Ішоў час, людзі выкапалі зямлянкі, так-сяк абжыліся.

Улетку пачалася блакада Налібоцкай пушчы, людзі сышлі ў лес, за Нёман. У вёсцы засталіся старыя і жанчыны з немаўлятамі. Мы і яшчэ некалькі сем’яў хаваліся каля азярыны. І не ведалі, што ў гэты час фашысты і паліцаі сагналі людзей, якія засталіся ў вёсцы, у адну хату і падпалілі. Увесь дзень немцы абстрэльвалі тэрыторыю за Нёманам. Увечары, калі ўсё сціхла, мы вырашылі прабрацца ў вёску. Я ішоў далёка наперадзе астатніх. Раптам насустрач немцы. Я закрычаў, кінуўся не назад да сваіх, а ў іншы бок. Раздаліся стрэлы, куля апякла левую руку. Немцы пачалі праследаваць мяне. Я зразумеў, што трэба стаіцца, лёг у ваду ў густой асацэ. Ляжу, не варушуся. Фашысты прайшлі за 10-15 крокаў ад мяне. Я зразумеў, што яны раззлаваныя, не разумеюць, куды я мог дзецца. Крыкі немцаў былі чутны да заходу сонца. Толькі калі сцямнела, я выбраўся з вады і вырашыў прабірацца да вёскі.

Уся акруга асвятлялася нямецкімі ракетамі, я раз-пораз прыпадаў да зямлі. Так і бег па калена ў вадзе некалькі сотняў метраў, сцякаючы крывёю. Заўважыў кусты, дзе стаіўся да раніцы. Прачнуўся, калі развіднела. Быў моцны туман. Па дарозе сустрэў двух сваіх вясковых таварышаў, далей пайшлі разам. Калі ўвайшлі ў вёску, убачылі дым і пачулі нейкі моцны пах, падумалі, што пагарэлі куры. Аказалася, гэта пахла спаленымі целамі нашых аднавяскоўцаў. Я прыйшоў у зямлянку, неўзабаве вярнулася мама, паволі сталі вяртацца тыя, хто хаваўся за рэчкай, у лесе, у жыце. Мама адвяла мяне ў Вялікую Слабаду да фельчара, які цэлы месяц лячыў маю руку.

У 1944 годзе тату забралі на фронт. Ён ваяваў на Другім Беларускім, быў паранены асколкам у лёгкае. Яго сябар напісаў нам, што таты не стала.

Анатолій Аляксандравіч раз-пораз выцірае набягаючыя слёзы, яго голас дрыжыць. Цяжка ўспамінаць чорныя дні роднай вёскі і тых, хто загінуў у пякельным агні. Магчыма, гэтая святая памяць і незагойная рана ў сэрцы так і не змаглі адпусціць яго з роднага сяла. Адслужыўшы тры гады ў Маскве, ён птушкай ляцеў у Новае Сяло, дзе чакалі мама і брат. Тут ён стаў адмысловым, вядомым на ўсю акругу будаўніком і цесляром, ажаніўся на ўвішнай і працавітай Валянціне, з якой 50 гадоў пражылі душа ў душу, выгадавалі дваіх дзяцей, прычакалі ўнукаў і праўнукаў.

— Зімой я ў дзяцей, а як толькі сыходзіць снег, адразу сюды, у вёску, — гаворыць Анатолій Аляксандравіч. — Тут мне спакайней, лягчэй дыхаецца. Добра мы цяпер, дзеткі, жывём, без вайны…

© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.