Главная / Новости / Новости района
28.09.2021

27 сентября — Международный день туризма. О том, как развивается туризм в Кореличском районе, рассказывает главный специалист сектора спорта и туризма райисполкома Нелли Моисеенко

 Карэліцкі раён даўно перастаў быць месцам, дзе турысту можна паглядзець толькі Мірскі замак. У рэгіёне распрацавана больш за дзясятак турыстычных маршрутаў на любы густ і кашалёк, працуюць аграсядзібы, якія сталі асабліва папулярнымі з пачатку пандэміі.

Якім шляхам ідзе развіццё турызму ў нашым раёне, што можна паглядзець у нас і прапанаваць турыстам — наша размова з галоўным спецыялістам сектара спорту і турызму райвыканкама Нэлі Маісеенка.

— Нэлі Аляксандраўна, ці ёсць у Вас дадзеныя, колькі турыстаў у год прыязджае на Карэліччыну?

— Вядома, такая статыстыка ў нас ёсць. Напрыклад, у 2019 годзе наш раён наведала 12800 турыстаў, прычым гэта толькі так званыя зарэгістраваныя падарожнікі, якія прайшлі праз гасцініцы і музеі і зафіксаваны пры дапамозе квіткоў і іншых справаздачных дакументаў. Але калі ўлічыць тых, хто вандруе самастойна, можна смела дадаваць да гэтай лічбы 30%. У 2020 годзе у нас пабывала 9800 турыстаў. Зразумела, лічба знізілася з-за таго, што іншаземцы не змаглі прыехаць да нас з-за пандэміі і зачыненых межаў. Аднак у саміх беларусаў узрасла цікавасць да ўнутранага турызму, яны пачалі вывучаць сваю краіну. Напрыклад, у мінулым годзе наведваемасць нашых аграсядзібаў вырасла на 40% у параўнанні з 2019 годам.

— Якія турыстычныя маршруты існуюць у нашым раёне?

— Распрацавана 12 маршрутаў, якія адпавядаюць густам усіх катэгорый насельніцтва: рэлігійны, краязнаўчы, экалагічны, вытворчы. Напрыклад, “Легенды Свіцязі” акунуць падарожніка ў свет гістарычных фактаў і легенд, “Яўрэйская спадчына г.п. Мір” закране самыя таемныя струны душы. Экалагічны маршрут “Пагаворым з прыродай” нядаўна прамаркіраваны для зручнасці турыстаў: у г.п. Мір устаноўлена інфармацыйная карта-схема і ўказальнікі па ўсяму шляху следавання. Падрабязней азнаёміцца з усімі маршрутамі можна ў сацыяльных сетках “Фейсбук” і “Вконтакте” ў групах “Korelichi VIZIT”. На сёння нам не стае штатных экскурсаводаў і турысцка-інфармацыйнага цэнтра, які забяспечваў бы турыстаў інфармацыяй. Спадзяюся, у наступным годзе гэтая сітуацыя выправіцца.

—  Які з маршрутаў самы папулярны?

— Вядома, тыя з іх, што датычацца Мірскага замка. Гэта “Яўрэйская спадчына Міра”, “Храмы г.п. Мір”. Усё ж большасць турыстаў ведаюць пра наш раён дзякуючы гэтаму велічнаму збудаванню, і яно з’яўляецца кропкай прыцягнення падарожнікаў з усяго свету.

— Што, акрамя праходжання гэтых маршрутаў, раён можа прапанаваць турыстам?

— У раёне працуюць 18 цудоўных аграсядзіб, дзе можна ў вясковай цішы адпачыць ад гарадскога тлуму, харчавацца натуральнымі прадуктамі, рыбачыць ці хадзіць па грыбы, заняцца сапраўднай сялянскай працай. Цікаўных падарожнікаў чакаюць 2 прыватных музея, 2 дзяржаўных і 2 школьных. У рамках прамысловага турызму можна наведаць Карэліцкі льнозавод, Мірскі спіртзавод, ТАА “Вівака-Тэхна” і “Керам-Дэкор”. Хутка да гэтай работы далучацца вытворчыя мастэрні Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

—  Адміністрацыя раёна падтрымлівае энтузіястаў турыстычнага руху?

—   Мы вельмі рады з’яўленню новых аграсядзібаў у нашым раёне. Іх гаспадарам дапамагаем у вырашэнні заканадаўчых пытанняў, рэкламуем іх, накіроўваем да іх турыстычныя групы, забяспечваем рэкламнай прадукцыяй. За апошні год у раёне адчынілася 5 новых аграсядзібаў: у Карэлічах, Міры, Цінявічах, Сіняўскай Слабадзе, Францішкове.

— Як Вы лічыце, развіццё турызму ў раёне — перспектыўная справа?

—  Бясспрэчна. Дзякуючы такому моцнаму козыру як Мірскі замак справа пойдзе. Дзякуючы яму будуць развіваца і турмаршруты, і аграсядзібы. Тут будуць праводзіцца культурна-масавыя мерапрыемствы, што прыцягне новых і новых турыстаў.

— У якіх населеных пунктах турызм найбольш развіты?

— Вядома ж, у Міры. Расце цікавасць да Райцы. Храм святой Варвары, настаяцелем якога з’яўляецца айцец Аляксей Шышкір,  і сядзіба Раецкіх, дзе жывуць майстар саломапляцення Вера Салдатава і яе муж, іканапісец Аляксандр, — сапраўдныя дыяменты на турыстычнай кароне нашага раёна. Людзі-энтузіясты — адна з галоўных перадумоў развіцця рэгіянальнага турызму. Спадзяюся, з’явіцца цікаваць да Варончы, якая знакамітая сваімі касцёлам святой Ганны і некропалем.

— Якія ёсць намеры па развіцці турызму?

— Па-першае, трэба рэкламаваць тое, што ў нас ёсць, праз сацыяльныя сеткі, друкаваныя выданні, праводзіць семінары для тураператараў. На бягучым тыдні прадстаўнікі турыстычнай індустрыі рэспублікі прыязджалі ў Мір і адкрылі для сябе цудоўныя турыстычныя аб’екты, здольныя прыцягнуць  разнастайныя катэгорыі айчынных і замежных турыстаў. Гэта Мірская батлейка, якая працуе на базе Мірскага прафтэхкаледжа, музей імя Ігнація Дамейкі і народны краязнаўчы, якія знаходзяцца ў СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай.

Яшчэ адна з прадстаячых задач — прыцягнуць увагу турыстаў не толькі да г.п. Мір, але і да Карэліч. Зразумела, што замкаў тут не будавалі, але свае разынкі таксама ёсць. Плануем устаноўку аншлагаў са старажытнымі назвамі вуліц: Маставая (Савецкая), Заламанка (8 Сакавіка), Дворная (Фаменкі), Рынак (плошча 17 Верасня). У цэнтры пасёлка ўсталюем стэнд з картай-схемай старажытных Карэліч 1855 года і размесцім на ім партрэты знакамітых ураджэнцаў, якія праславілі нашу зямлю ва ўсім свеце.