Главная / Новости / Новости района
07.12.2020

6 декабря — День юриста. Юрисконсульт СПК «Свитязянка-2003» Валентина Жучко: «За три с половиной года работы я приобрела бесценный опыт»

 Заўтра Дзень юрыста адзначаць усе тыя, хто звязаў сваё жыццё з запатрабаванай на рынку працы юрыдычнай дзейнасцю. Да іх ліку належаць суддзі, юрысконсульты, натарыусы, адвакаты, прадстаўнікі іншых прафесій, якія стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Сваё прафесійнае свята рыхтуецца адзначыць і юрысконсульт СВК “Свіцязянка-2003” Валянціна Жучко, якая у 2017 годзе прыйшла ў гаспадарку ў якасці маладога спецыяліста.

Сёння свае першыя крокі ў прафесію выпускніца факультэта эканомікі і права Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла з чырвоным дыпломам, лепшы студэнт універсітэта ў навуковай дзейнасці, стыпендыят спецыяльнага фонду  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая знаходзіцца ў Банку дадзеных адоранай моладзі краіны і перспектыўным кадравым рэзерве Гродзенскай вобласці, Валянціна Жучко ўспамінае з лёгкай усмешкай.

– На сваё першае месца працы я прыбыла амаль адразу пасля дзяржаўных экзаменаў. Як кажуць, з карабля на баль, – расказвае юрысконсульт гаспадаркі, якая нарадзілася і вырасла ў г. Клецку Мінскай вобласці. – Шчыра кажучы, калі ўпершыню пачула назву СВК “Свіцязянка-2003”, яна мне абсалютна нічога не сказала. Падумала: радавое сельгаспрадпрыемства, работы будзе няшмат. Потым зразумела, што памылілася. Аб шматграннай дзейнасці гаспадаркі не ведала, але назва “Свіцязянка” адразу спадабалася. Ды і краявіды тут вельмі жывапісныя. Загадзя, яшчэ да канчатковага размеркавання, прыехала на райцаўскую зямлю, пазнаёмілася са старшынёй сельгаспрадпрыемства Уладзімірам Галавачом, часткова з калектывам, пабывала ў інтэрнаце. І засталася ўсім задаволена. Зразумела, спатрэбіўся некаторы час, каб прывыкнуць да жыцця ў сельскай мясцовасці. Але ў “Свіцязянцы” працуе шмат моладзі, што мне вельмі дапамагло.

Валянціна Жучко, якая, адпрацаваўшы два гады па размеркаванні, засталася ў СВК “Свіцязянка-2003”, добра памятае свае першыя працоўныя дні.

– Як толькі прыступіла да працы, мяне ахапіла лёгкая паніка. Я нічога не ведаю, не ўмею, у мяне нічога не атрымаецца. Думкі блыталіся ў галаве, – дзеліцца малады юрысконсульт. – Аднак я заўсёды магла разлічваць на падтрымку і дапамогу Уладзіміра Арсенцьевіча і калектыву гаспадаркі. Так, крок за крокам, тэорыя, атрыманая ва ўніверсітэце, спалучалася з практыкай. Я ўнікала ва ўсе нюансы і спецыфіку прафесіі. Юрыст – гэта не той, хто ўсё ведае, а той, хто ведае, дзе ўсё знайсці. З гэтым выразам поўнасцю пагаджуся.

Па словах Валянціны, работа ў юрысконсульта разнапланавая, аб’ёмная, шматгранная і ўключае шэраг накірункаў, сярод якіх заканадаўчае суправаджэнне дзейнасці гаспадаркі, заключэнне шматлікіх дагавораў па куплі-продажы і на аказанне паслуг, тэндэраў, мытнае афармленне тавараў, напрыклад, насення, набытага за мяжой, аказанне работнікам гаспадаркі дапамогі пры пошуку неабходных нарматыўных прававых актаў і іншае.

– Сваю работу я люблю. Яна мне падыходзіць, бо па характары я ўраўнаважаная, спакойная, стрыманая, – дзеліцца Валянціна. – Лічу, што мне вельмі пашанцавала з першым месцам працы: “Свіцязянка-2003” – моцнае сельгаспрадпрыемства, якое развіваецца ў розных напрамках. Таму я пастаянна пашыраю свой прафесійны кругагляд, развіваюся як спецыяліст у юрыдычнай дзейнасці. Упэўнена, што за тры з паловай гады працы ў “Свіцязянцы” я набыла бясцэнны прафесійны вопыт. Зразумела, у кожнай спецыяльнасці ёсць свае нюансы і асаблівасці. Гэта датычыцца і юрыдычнай дзейнасці. Справа ў тым, што ў заканадаўчых дакументах часта адбываюцца змены, за якімі трэба пастаянна сачыць, трымаючы руку на пульсе часу. Аднак сёння гэта лёгка рабіць дзякуючы прававым базам у інтэрнэце. Трэба толькі мець жаданне і працаваць над сабой.

Валянціна Жучко з аптымізмам глядзіць у будучыню і ўсур’ёз разглядае варыянт застацца ў Райцы на пастаяннае месца жыхарства. А чаму б і не? Работа прыносіць задавальненне, маладыя кадры ў гаспадарцы падтрымліваюцца і цэняцца, асабістае жыццё наладзілася, ды і жыллёвае пытанне вырашана. Адным словам, ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця ў сельскай мясцовасці.