Главная / Новости / Новости района
24.08.2020

Як працуюць і зарабляюць студатрадаўцы ў Карэліцкім раёне

 У Карэліцкім раёне кожнае лета працуюць студэнцкія атрады для моладзі. Маладыя людзі могуць паспрабаваць сябе як у педагагічнай, будаўнічай дзейнасці, так і ў сферы сельскай гаспадаркі.

У змене звычайна працуюць па 4 чалавекі, працоўны дзень доўжыцца 7 гадзін. Большасць юнакоў і дзяўчат ужо не першы год праводзяць лета за работай. Мы пагутарылі з маладымі байцамі студатрада на базе сушыльнага комплексу КСУП «Цырын-Агра», якія працуюць ужо чацвёрты год, і даведаліся, на што рабяты трацяць заробленыя летам грошы.

Яўген Шчэрба не першы год праводзіць лета за ўборкай збожжа і дапамогай у гаспадарцы. Усе заробленыя грошы малады чалавек адкладвае на будучыню, магчыма, для нейкай сур’ёзнай пакупкі, а, можа, для дапамогі ў навучанні. Дарэчы, сёлета ён паступіў у БДУ на кафедру сацыялогіі.

Аляксей Качкарык ужо другі год працуе на сушыльным комплексе, прыйшоў ўжо з вопытам работы ў атрадзе. Сёлета Аляксей скончыў школу і паступіў у БДТУ на спецыяльнасць «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў». Грошы, якія ён зарабіў за час летніх падпрацовак, юнак не траціць, а збірае на аўтамабіль.

Арцемій Каралько таксама не навічок у студэнцкім атрадзе Цырына, усе заробленыя грошы плануе пусціць на падарожжы. Так, напрыклад, пасля змены ў мінулым годзе на ўласныя грошы адправіўся ў Львоў са сваімі сябрамі. Не адстае Арцемій і ад сваіх сяброў: паступіў на біятэхналагічны факультэт Гродненскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта па спецыяльнасці заатэхнік.