Главная / Новости / Новости района
12.07.2021

При раскопках возле Еремичей найден уникальный костяной гарпун, которому около 5 тысяч лет

 Пры раскопках каля вёскі Ярэмічы знойдзены касцяны гарпун, рэдкі артэфакт для нашай мясцовасці, якому прыкладна пяць тысяч гадоў. Акрамя таго, у рукі навукоўцаў патрапілі тысячы знаходак розных эпох, якія можна датаваць ад 7 тысячагоддзя да нашай эры да 12 стагоддзя нашай эры.

Гарпун для лоўлі рыбы, якому прыкладна 5 тысяч гадоў

За два тыдні раскопак знойдзены 5 наканечнікаў стрэл, крамянёвая сякера, 3 цяслы, мноства крамянёвых скрабкоў, нажоў, разцоў, якія выкарыстоўваліся для апрацоўкі дрэва і косці, рэшткі глінянага посуду. Сустрэлася вельмі шмат фрагментаў начыння Нёманскай неалітычнай культуры Беларусі з 6-тысячнай гісторыяй. Таксама выяўлены матэрыялы як самага старажытнага палеаліту, так і мезаліту, асноўную частку складае неалітычны матэрыял.

Акрамя таго, ёсць матэрыялы жалезнага веку і нават Сярэднявечча.

У раскопках удзельнічаюць 19 чалавек, сярод якіх студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — будучыя гісторыкі і археолагі. Экспедыцыю ўзначальваюць археолоаг, супрацоўніца Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Святлана Велент-Шчэрбач і дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Загідулін.

— У мінулым годзе ў Інстытут гісторыі звярнуўся мінчук, які, па яго словах, тут прагульваўся і знайшоў шмат археалагічнага матэрыялу: крэмень, рэшткі гаршчкоў і іншае, — расказвае Святлана Велент-Шчэрбач. — У тым жа годзе мы прыехалі на разведку, заклалі шурф. На 4 квадратных метрах было знойдзена каля 3 тысяч артэфактаў, а гэта вельмі шмат. Напрыклад, звычайна на помніку на квадратны метр прыходзіцца 100-150 артэфактаў, а ў нас каля 700, у 6-7 разоў больш.

Пакуль гісторыкі дайшлі да месца, знайшлі яшчэ пяць помнікаў каменнага веку. Пакуль не будзе праведзена навуковае даследаванне, цяжка сказаць, стаянка гэта старажытных людзей ці, напрыклад, майстэрня, дзе апрацоўвалі крэмень ці выраблялі скуры.

Найбольш каштоўным са знойдзеных экспанатаў з’яўляецца касцяны гарпун для лоўлі рыбы.

— Мы не чакалі знайсці ў гэтым месцы костку. Але потым зразумелі, што да меліярацыі тут было балота. А раз тэрыторыя забалочана, то пры мінімальным доступе кіслароду костка добра захоўваецца. Адметна, што гэта адзіны гарпун, знойдзены на тэрыторыі Верхненёманскай нізіны, — гаворыць Святлана. — Пакуль знаходку захоўваем у вільгаці. Ужо ў Мінску яна будзе закансервавана.

Археолагі выказваюць падзяку Карэліцкаму райвыканкаму і кіраўніцтву дзяржаўнага прадпрыемства “Царука” за падтрымку ў правядзенні раскопак. Штодзень гісторыкам дастаўляецца гарачая ежа і свежая вада.

— Каштоўнасць нашай экспедыцыі яшчэ і ў тым, што нашы студэнты, у асноўным гараджане, у палявых умовах праходзяць сапраўдную школу жыцця: вучацца распальваць вогнішча, ставіць палатку, гатаваць ежу на агні, — мяркуе Аляксей Загідулін. — Бачу, што яны пасталелі, сталі больш самастойнымі.

Першакурснік Антон Вашкевіч расказвае:
— У экспедыцыі я ўпершыню. Для мня знаходзіцца тут — гэта, свайго роду, свабода. З самага пачатку спадзяваўся на тое, што мы абавязкова знойдзем нешта каштоўнае. Самае галоўнае у нашай справе — вера ў сваіх настаўнікаў.

Валерыя Самаль, якая вучыцца на першым курсе, задаволена практыкай у палявых умовах:
— Тут сапраўды добрая кампанія, цудоўныя людзі, аб’яднаныя адной мэтай. Фізічная праца, вядома, стамляе, але з кожным знойдзеным прадметам з’яўляецца натхненне, жаданне працаваць яшчэ больш і лепш.