Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.07.2020

Хто яны-чэмпіёны раёна па гандболе і футболе? У Карэлічах Дзень Незалежнасці адзначылі спартыўна

  На стадыёне «Юнацтва» ў Карэлічах Дзень Незалежнасці аматары актыўнага ладу жыцця адзначылі ў лепшых спартыўных традыцыях нашага краю. Адкрылі спаборніцтвы  гандбалісты . На пляцоўцы сустрэліся даўнія супернікі –  зборная г.п. Карэлічы  з камандай  СВК “Маяк-Заполле” . Падтрымаць гульцоў карэліччане прыйшлі цэлымі сем’ямі. Так,  Аляксандр Саковіч  асабліва пільна сачыў за ходам змаганняў:  “Сёння за Карэлічы выступаў мой унук Аляксандр Лукшо, а яго маці Аксана стала суддзёй спаборніцтваў. Увогуле, у нас уся сям’я спартыўная. Я сам калісьці сур’ёзна займаўся валейболам і баскетболам. Дарэчы, разам са мной прыйшлі на сённяшнюю гульню і адны з самых маленькіх прадстаўнікоў нашай сям’і. Яны таксама маюць намер працягнуць спартыўныя традыцыі: Іван марыць пра валейбол, а Паліна – пра спартыўную гімнастыку. А пакуль, як бачыце, яны актыўна балеюць за брата і яго каманду”. Але нават такая гарачая падтрымка не дапамагла на гэты раз зборнай г.п. Карэлічы атрымаць перамогу. Гульня скончылася з лікам 21:25 на карысць гандбалістаў з СВК “Маяк-Заполле”. Як адзначыў капітан каманды-пераможцы  Мікалай Гавака , пасля вымушанага перапынку праз эпідэміялагічную сітуацыю ды яшчэ з такім сур’ёзным супернікам спаборніцтвы не даліся гульцам лёгка. Так што цяпер варта ўзмоцнена трэніравацца, каб увайсці ў былую форму і надалей утрымаць першую ступеньку п’едэстала. Дырэктар Карэліцкай ДЮСШ  Аляксандр Галушка  таксама падкрэсліў, што сёлета спартсменам давялося за кароткі час падрыхтавацца да спаборніцтваў, але гэта ніяк не паўплывала на градус гульні. Яна атрымалася цікавая і напружаная. Сапраўды, трапна заўважыў адзін з балельшчыкаў:  “Гэта вам не шашкі!” Кіпелі страсці і падчас кубка раёна па футболе, дзе на адным полі сышліся нашы мацнейшыя каманды – СВК “Свіцязянка-2003”  і  СВК “Жухавічы” . Старшыня раённага ФСК  Вячаслаў Царук  заўважыў, што па напалу матч традыцыйна нагадваў мінулыя сустрэчы гэтых супернікаў:  “Нават па выніках двух таймаў мы мелі такі ж лік, як і летась, 2:2. Таму, каб выбраць пераможцу, давялося на радасць трыбунам прызначыць серыю пенальці. У выніку тры меткіх ўдары па варотах суперніка прынеслі СВК “Свіцязянка-2003” заслужаную перамогу”. Капітан раённых чэмпіёнаў  Павел Карпач  так адрэагаваў на ўсмешку спартыўнай фартуны:  “Сёння ўсё нам спрыяла, у тым ліку і надвор’е. Мы атрымалі задавальненне ад гульні і разам з СВК “Жухавічы” паказалі добры футбол. Вялікая падзяка арганізатарам кубка за такое спартыўнае свята, гледачам – за пазітыўныя эмоцыі падчас матча, а кіраўніцтву СВК “Свіцязянка-2003” – за падтрымку нашай каманды. Упэўнены, што наперадзе нас чакае яшчэ багата эфектных гульняў, і мы не раз, у прыватнасці ў гэтым годзе, парадуем землякоў прыгожымі галамі”.