Афіцыйны сайт
9 красавіка 2021

У рамках акцыі "Малым рэкам-вялікі клопат" у Карэлічах ачысцілі бераг Руткі

 Прырода, як клапатлівая маці, прыпадносіць нам свае дары. І трэба быць удзячнымі за яе падарункі і праяўляць клопат аб навакольным асяроддзі.

Члены валанцёрскага атрада Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя адгукнуліся на абласную экалагічную акцыю «Малым рэкам — вялікі клопат». Рабяты прыйшлі на бераг Руткі ў г.п. Карэлічы, што непадалёку ад цэнтральнай шашы, і навялі парадак.
Навучэнцы першага курса 234 групы, якія выбралі прафесіі машыніста крана аўтамабільнага, вадзіцеля катэгорыі «С», слесара па рамонту аўтамабіляў, працавалі рупліва. І гэта праца пойдзе ім на карысць. Юнакі ўбіралі прыбярэжную тэрыторыю, даставалі смецце з самой рэчкі.
— Мы часта ўдзельнічаем у акцыях па ўборцы і азеляненні райцэнтра, чысцім снег на падворках у пажылых людзей, — гаворыць сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ будаўнічага ліцэя Юлія Ліхута. — Дзякуючы такім учынкам фарміруюцца характар і самасвядомасць, а адказныя адносіны да прыроды і працы дапамагаюць рабіць карысныя справы. Гэтыя навыкі і якасці спатрэбяцца рабятам у будучым.

Да моладзі далучыліся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Санчук і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аксіння Ждан.

У выніку працоўны дэсант убраў 60 мяшкоў смецця.