Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.07.2021

8 студатрадаў пачалі сваю працу ў Карэліцкім раёне

 З самага ранку ў складскіх памяшканнях КСУП «Племзавод Карэлічы» ажыўлена. Група рабят з мяцёлкамі і шуфлямі наводзіць парадак, прыбірае назапашанае за зіму дробнае смецце: хутка тут будзе ляжаць-пералівацца спелая пшаніца ці чарнець рапс. 13 юнакоў і дзяўчат — члены студэнцкага сельскагаспадарчага атрада, які прыступіў да працы ў панядзелак.

— У гэтым годзе мы традыцыйна стварылі на базе нашага прадпрыемства студэнцкі атрад, — расказвае галоўны аграном Раман Шэўка. — Рабяты будуць рыхтаваць складскія памяшканні да прыёму новага ўраджаю. Акрамя таго, сушка збожжа заўсёды прадугледжвае вялікую колькасць вораху. Задача моладзі — падтрымліваць тэрыторыю зернесушыльнага комплексу ў парадку: чысціць, падмятаць, выносіць смецце.

Кожны год ад жадаючых папрацаваць у атрадзе няма адбою. Яно і зразумела, сучасная моладзь хоча зарабіць сваю капейку. Так, у мінулым годзе за 15 дзён кожны студатрадавец у сярэднім атрымаў 400 рублёў. У гэтым годзе на прадпрыемстве абяцаюць заробак не ніжэй за леташні.

Працоўны дзень пачынаецца ў рабят у 9 раніцы. Тыя, хто маладзейшы за 16 гадоў, працуюць 4 гадзіны, старэйшыя — па 7. Пры жаданні яны могуць атрымліваць гарачае харчаванне. Усе ўжо забяспечаны спецвопраткай і прыладамі працы.

Трэцякурсніца Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа Анастасія Макоўская працуе з 14 гадоў:

— У племзаводзе «Карэлічы» я не ўпершыню, неяк нават 2,5 месяца працавала ў паляводстве. Заробленае выдаткоўвала на падрыхтоўку да школы, потым — да каледжа, на самаразвіццё. Лічу, што моладзі важна папрацаваць яшчэ ў школе, каб даведацца цану працы і заробленым грошам.

11-класніца Віялета Лісоўская ў студатрадах працуе другі год запар:

— У мяне набліжаецца паступленне, патрэбныя дадатковыя навучальныя матэрыялы. Ды і абноўкамі хочацца сябе парадаваць да 1 верасня. Акрамя таго, тут не засумуеш. Калі ёсць вольны час, чаму б не папрацаваць?

Дзевяцікласніка Ілью Валчэцкага ў студатрад запісалі бацькі:

— Буду працаваць 4 гадзіны ў дзень. Пакуль што нескладана, думаю, спраўлюся. У нас ёсць дача, я дапамагаю бацькам, так што трымаць у руках венік ці лапату не ў навіну.

Другакурсніца Лідскага ліцэя меліярацыйных сістэм Яна Алёх — сапраўдны студатрадаўскі старажыл. Трэці год запар дзяўчына самастойна зарабляе:

— Атрымаю зарплату, абавязкова куплю што-небудзь маме. Хочацца зрабіць ёй прыемнае. Лічу, што маладым людзям трэба паспрабаваць самастойнага хлеба, каб зразумець, што цябе чакае ў будучыні. Напрыклад, я стала больш беражлівай, разумею, што бацькам нялёгка зарабляць.

Студэнцкія атрады ў летні перыяд 2021 года будуць наступнымі: педагагічны, будаўнічы, сельскагаспадарчыя. Моладзь гэтым летам прымуць дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка», раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама ўсе 9 сельгаспрадпрыемстваў раёна.

© Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт, 2024.