Старшы інспектар групы кадраў Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі родам з вёскі Сулятычы, што на Навагрудчыне.
– З дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Мне падабалася дапамагаць людзям, абараняць тых, хто меншы і слабейшы. Пачуццё адказнасці і справядлівасці, бясспрэчна, уласцівыя людзям гэтай прафесіі. І ў маім характары гэтыя якасці адыгрываюць не апошнюю ролю. Барацьба са злом, са злачынцамі – усё гэта здавалася мне цікавай, займальнай і патрэбнай справай. Заўсёды падабалася форма, выпраўка людзей у пагонах, – успамінае Аляксандр Іванавіч.
Пасля службы ў арміі ў 2003 годзе вырашыў ажыццявіць мару дзяцінства і паступіў на службу ў РАУС г. Навагрудка. Працаваў спачатку ў патрульна-паставой службе. Для таго, каб удасканаліцца ў прафесіі, паступіў у Магілёўскі каледж МУС Рэспублікі Беларусь, пазней скончыў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Давялося некаторы час быць інспектарам ДАІ г. Навагрудка. А перайшоўшы на службу ў Іўеўскі РАУС, папрацаваў з непаўналетнімі. У 2019 годзе жыццёвыя абставіны склаліся так, што паступіў на службу ў Карэліцкі РАУС, дзе займаю пасаду старшага інспектара групы кадраў.
У паслужным спісе Аляксандра Шыдлоўскага маюць месца заслужаныя ўзнагароды сістэмы МУС, органаў выканаўчай улады і іншых сілавых ведамстваў, якімі ён быў неаднаразова адзначаны.
За гады службы Аляксандру Іванавічу рознае давялося пабачыць. Не раз даводзілася сутыкацца як з нязначнымі правапарушэннямі, так і з небяспечнымі, і жорсткімі. Ніколі ён не пашкадаваў аб сваім выбары, хаця былі і складаныя моманты. Галоўнымі якасцямі, як для любога чалавека, так і для супрацоўніка міліцыі, ён лічыць сумленнасць, цвярозасць розуму, кампетэнтнасць і прынцыповасць у рабоце. Час не стаіць на месцы. Ён патрабуе ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў высокага адукацыйнага ўзроўню і прафесійных навыкаў, умення хутка арыентавацца ў экстрэмальных сітуацыях, дзейнічаць самастойна, умела і рашуча, праяўляць уважлівасць, павагу да людзей.
Да графіка работы ў органах унутраных спраў за дваццаць гадоў прызвычаіўся. Змог знайсці і такі неабходны баланс паміж працай і сям’ёй. Усе службовыя пытанні пакідае ў сценах райаддзела і не абмяркоўвае іх у сямейным крузе. Дома спраў хапае: трэба больш часу прысвяціць дзецям, а іх у сям’і чацвёра: два сына і дзве дачушкі. Менавіта бацькоўскі прыклад з’яўляецца правадніком для засваення агульначалавечых каштоўнасцяў.