Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка граматна і ўпэўнена выбудоўвае знешнюю палітыку Беларусі. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў розных сферах, у першую чаргу ў эканамічнай, з важнымі партнёрамі: Расіяй, Кітаем, Іранам, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.
Сёння гэта буйныя сусветныя краіны, якім патрэбны беларускія калійныя ўгнаенні, сельскагаспадарчая тэхніка, якасныя прадукты харчавання. Краіны з моцнай уладай аб’ядноўваюцца, каб вырашаць праблемы санкцый, развіваць эканоміку і будаваць шматпалярны свет.
Тое, што санкцыйнаму ціску Захада можна супрацьстаяць, даказвае Іран. Ужо больш за 40 гадоў краіна жыве ва ўмовах жорсткіх фінансавых абмежаванняў, якія ініцыявалі ЗША. І нядрэнна жыве, даволі паспяхова развіваецца.
Па выніках 2022 г. Кітай стаў другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. Тавараабарот з Паднябеснай пабіў усе рэкорды і склаў практычна 5,8 мільярда долараў, павялічыўшыся за апошнія пяць гадоў у 1,5 раза. Па выніках 2022 г. Беларусь знаходзіцца ў дзясятцы краін-пастаўшчыкоў у Кітай калійных угнаенняў (2-е месца), рапсавага алею (4-е), мяса курыцы (6-е), сухога малака (7-е), замарожанай ялавічыны і малочнай сыроваткі (8-е). І гэтыя паказчыкі ў новым годзе будуць толькі расці.
Зараз на ўзроўні кіраўнікоў дзяржавы разглядаецца развіццё сухапутнага транспартнага калідора Поўнач-Поўдзень, які пройдзе праз Расію, Азербайджан і Іран. Як заявіў Уладзімір Пуцін, Расія можа сабраць пул інвестараў і сама праінвеставаць у будаўніцтва. Беларусь жа ў гэтым зацікаўлена: пасля стварэння калідора па ім, як плануецца, будуць ісці пастаўкі звыш 40 млн т грузаў.
Як бачым, не Захадам адзіным жыве чалавецтва, і для Беларусі шырока адкрыта акно на ўсход.
СКАЗАНА
— Усё грунтуецца на эканоміцы… Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым. На працягу года мы не раз праводзілі нарады, выпрацоўвалі папераджальныя і кампенсавальныя меры, ацэньвалі іх дзейснасць, знаходзілі вокны магчымасцяў. Такім чынам атрымалі каласальны вопыт развіцця нават у такіх беспрэцэдэнтных умовах. Таму можна з упэўненасцю казаць, што экзамен на эканамічную ўстойлівасць мы ў цэлым вытрымалі… Усе павінны бачыць перспектыву і дзейнічаць стратэгічна. Тады 2023 год стане яшчэ адным крокам нашага развіцця.
10 сакавіка 2023 года,
Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Прэзідэнта.