АБ МУЗЕІ
УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» быў
створаны згодна з рашэннем Карэліцкага раённага камітэта КПБ 23 мая 1969 года
як раённы музей народнай славы. У 1972 годзе выдзелен будынак для
гісторыка-краязнаўчага музея.
З 1970
года вёўся збор матэрыялаў па гісторыі раёна, які распачала Валянціна Антонаўна
Клімаш. Праз год гэту справу прадоўжыў Іван Аляксеевіч Шыбут. Менавіта ён і
стаў стваральнікам першай экспазіцыі краязнаўчага музея, якая была адкрыта 29
чэрвеня 1974 года да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў. Менавіта ён і стаў яго першым дырэктарам. Цяперашняя экспазіцыя
музея адкрыта 4 чэрвеня 1995 года да 600-годдзя з дня першага згадвання пра
Карэлічы ў пісьмовых крыніцах.
Іван
Аляксеевіч нарадзіўся 1 красавіка 1925 года ў Карэлічах, вучыўся спачатку ў
польскай, а потым у рускай школах, скончыў Гродзенскае культасветвучылішча, а
затым Маскоўскі інстытут культуры. Атрымаўшы прапанову ўзначаліць музей, Іван
Аляксеевіч з энтузіязмам узяўся за справу. Ён паездзіў па многіх вёсках і
хутарах, сустракаўся з былымі падпольшчыкамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай
вайны, жыхарамі раёна, ад якіх атрымліваў цікавую інфармацыю, фотаздымкі,
дакументы і іншыя матэрыялы. Акрамя таго, ён працаваў у архівах Мінска, Гродна,
Брэста, Баранавіч, дзе знайшоў шмат новых фактаў па гісторыі раёна. У
выніку гэтай вялікай працы ў 1973 годзе пачалося стварэнне першай музейнай
экспазіцыі. Шмат фотаздымкаў для музея Іван Аляксандравіч зрабіў сам.
Экспазіцыя музея знаёміць наведвальнікаў з
помнікамі археалогіі на тэрыторыі раёна (сярод экспанатаў ёсць матэрыялы
раскопак з неалітычнай стаянкі ля в. Ярэмічы і гарадзішча жалезнага веку ля в.
Варонча), з гісторыяй края ў перыяд сярэднявечча (змешчаны археалагічныя
знаходкі з раскопак ў г. п. Мір і Мірскім замку, скарб медных манет солідаў XVIII ст.,
рукапісныя кнігі XVIII - XIX ст. і
інш.), з земляробчымі каляндарнымі абрадамі беларусаў.
У
экспазіцыі знаходзіцца калекцыя рэчаў сялянскага побыту і
дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XIX - XX стст.,
творы беларускіх жывапісцаў і графікаў.
У музея захоўваюцца і экспануюцца
шматлікія матэрыялы, якія расказваюць пра жыццё, навуковую і творчую дзейнасць
славутых людзей Карэліччыны (Я. Чачота, І. Дамейку, А. Мілюця, А. Бажко, Я.
Брыля, А. Дзеркача, В. Іпатаву, Р. Тармолу, У. Калесніка, П. Конюха, А.
Ільінскага, П. Ламана і інш.).
Значны
раздзел экспазіцыі музея прысвечаны падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі раёна
ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі могуць убачыць дакументы
акупацыйнага перыяду, фотаздымкі загінуўшых жыхароў раёна, даведацца пра
трагедыю спаленых на Карэліччыне вёсак.
Асобная
вітрына прысвечана дзейнасці Мірскага камсамольска-маладзёжнага падполля, якое
ўзначальваў І. М. Мацко. Шматлікія фотаздымкі і дакументы расказваюць пра
ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пра дзейнасць партызанскіх атрадаў і брыгад
на тэрыторыі раёна, пра вызваленне Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Былы навуковы супрацоўнік музея Крысціна Іванаўна Буйвалава, якая пачала працаваць у музеі незадоўга да яго адкрыцця, успамінала, што цікавасць да гісторыі раёна была вялікая, часам у музеі праводзілі па некалькі экскурсій у дзень. І. А. Шыбут, між тым, працягваў работу па збору новых матэрыялаў, запісваў успаміны людзей, друкаваў артыкулы ў раённай газеце "Полымя".
І. А. Шыбут плённа працаваў у раённым краязнаўчым
музеі да выхаду на пенсію. У 1986 годзе яго замяніў на гэтай пасадзе В. В. Чартко,
а з 1988 года выконваць абавязкі дырэктара стала В. У. Уласевіч, якая да гэтага
9 гадоў працавала навуковым супрацоўнікам. У гэты час будынак музея быў
падрыхтаваны да капітальнага рамонту. З 1990 года ім займаўся І. А. Шыбут, які
зноў стаў дырэктарам музея.
Адначаова пачалася работа над планам новай
экспазіцыі. Завяршалі рамонт В. М. Мароз, якая ўзначаліла музей у 1991 годзе, і
Э. А. Арабей, які працаваў у музеі з 1994 года да адкрыцця новай экспазіцыі.
Дзякуючы напружанай працы работнікаў музея (над стварэннем новай экспазіцыі
працавалі навуковы супрацоўнік С. А. Кошур, галоўны захавальнік фондаў Т. С.
Варабей, а таксама мясцовы мастак П. Л. Коршун, гродзенскія і мінскія мастакі),
у снежні 1994 года была аформлена першая зала музея, а 4 чэрвеня 1995 года
адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі "Зямля і людзі", якое
было прымеркавана да 600-годдзя з дня першага ўпамінання аб Карэлічах ў
пісьмовых крыніцах. Жыхары Карэліч атрымалі да юбілею пасёлка цудоўны падарунак
- сучасны музей.
Супрацоўнікі музея штогод папаўняюць фонды музея
новымі матэрыяламі. Агульная колькасць музейных прадметаў - 12 697, з іх
асноўнага фонду: 9 135, навукова-дапаможнага: 3 562. У музеі праводзяцца
аглядныя і тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі вайны і мерапрыемствы,
прысвечаныя нашым славутым землякам. Акрамя таго, кожны год супрацоўнікі
рыхтуюць перасоўныя выставы, з якімі жыхары Карэліччыны могуць пазнаёміцца на
раённых святах, у школах і іншых установах. Для школьнікаў і дарослага
насельніцтва чытаюцца лекцыі на краязнаўчую тэматыку.
Паводле кнігі “Памяць”.
Кантакты
Адміністрацыя: 09: 00-18: 00, субота, нядзеля-выхадныя
Каса: 09: 00-17: 30, панядзелак-выхадны
Экспазіцыі: 09: 00-18: 00, панядзелак-выхадны
Дырэктар -Арцюх Дзмітрый Уладзіміравіч,
+375 (1596) 7-35-75
навуковыя супрацоўнікі, тэл.:
231430, Гродзенская вобл., г. п. Карэлічы, вул.
e-mail: grkr_muzey@mail.grodno.by