З гэтай колькасці 277 дзяцей будуць наведваць 13 лагераў з дзённым знаходжаннем і 4 лагеры працы і адпачынку, 345 — з кругласутачным. 240 юных карэліччан прыме дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка”. Запланаваны тры 15-дзённыя змены: першая з 22 чэрвеня па 6 ліпеня, другая — з 10 па 24 ліпеня, трэцяя — з 28 ліпеня па 11 жніўня.
Па традыцыі працягнуць функцыянаванне перасоўныя палатачныя лагеры на базе ДАЛ «Вясёлка», дзе рамантыку жыцця на прыродзе адчуюць 210 навучэнцаў.
Асаблівая ўвага будзе нададзена дзецям з сацыяльна ўразлівых катэгорый. Так, плануецца аздаравіць 35 дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў, 8 дзяцей з інваліднасцю. Будзе прадоўжана практыка арганізацыі лагера для дзяцей з інваліднасцю на базе Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і развіцця Карэліцкага раёна, дзе паправяць здароўе 6 дзяцей.
Па пытаннях набыцця пуцёвак ад арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна і ў прыватным парадку трэба звяртацца ў аддзел адукацыі Карэліцкага райвыканкама і Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна па тэлефонах: 2-13-82, 2-22-82.