Нарадзілася Сафія Якаўлеўна ў 1924 годзе ў в. Лясок. У сям’і была адна, бацька памёр, калі яна была яшчэ малая. Гадавала адна маці, цяжка даводзілася жыць, многа трэба было працаваць. Калі дзяўчыне споўнілася васямнаццаць гадоў, выйшла замуж за мясцовага юнака Аляксея.
– Хутка ў нас нарадзіўся старэйшы сын Мікалай. А калі ў 1941 годзе пачалася вайна, мой Аляксей пайшоў на фронт. Вельмі складаным было жыццё: жылі ў беднасці і страху, але нягледзячы на гэта, усё роўна стараліся дапамагаць нашым салдатам – калі ежай, а калі нават і начлег у хаце давалі. Не раз наведваліся ў хаты вяскоўцаў і немцы, – успамінае жанчына.
Сафія Якаўлеўна і Аляксей Кірылавіч выраслі побач, сябравалі з дзяцінства, прайшлі выпрабаванне расстаннем і ў згодзе пражылі больш як сорак гадоў. За гады сумеснага жыцця пабудавалі дом, выхавалі дваіх дзяцей, а дзвюх дачушак пахавалі, калі тыя былі яшчэ маленькія. Сын Мікалай усё жыццё працаваў рабочым у розных арганізацыях г. п. Карэлічы, а дачка Ірына была настаўнікам беларускай мовы і літаратуры адной з Мінскіх школ. Сужэнцы заўсёды славіліся сваёй працавітасцю.
Сафія Якаўлена ў мясцовай гаспадарцы і жала, і касіла, і лён падымала, і арала, і нават людзей на падводзе вазіла, адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Да 92 гадоў пражыла ў в. Лясок. Жанчына садзіла агарод, трымала курэй і ёй цяжка было ўявіць, што некалі яна будзе жыць у гарадской кватэры. Вось ўжо пяць гадоў пра яе клапоціцца ўнук Сяргей з жонкай Таццянай. Вялікая радасць для яе – трое ўнукаў, трое праўнукаў і чатыра прапраўнукі.
Спыталася ў юбіляршы, як атрымалася так добра выглядаць і адчуваць сябе, што да гэтага часу вочы гараць, энергія не згасае? Жанчына расцэньвае гэта як падарунак ад Бога. Яе сакрэт просты: рабіце толькі дабро і не жадайце нікому зла.
– Калі мяне хтосьці крыўдзіў, усім даравала, злосці ні на каго не трымала. Сама нікому ніколі не зрабіла нічога дрэннага. Вось такія простыя, але важныя прынцыпы, – з упэўненасцю сказала суразмоўца.
Урачыста павіншавалі юбіляра ганаровыя госці на чале з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Інай Богуш.
Звяртаючыся да імянінніцы, Іна Аляксандраўна адзначыла:
– Сто гадоў – гэта сур’ёзны ўзрост. Прыемна, што Вы пражылі годнае жыццё, Вамі ганарацца і сваякі, і землякі. Радуе, што да гэтай даты падышлі ў добрым стане духу, захаваўшы і фізічную моц. Хочацца пажадаць Вам здароўя, каб кожны дзень прыносіў радасць, а блізкія людзі заўсёды былі побач.
Словы віншавання прагучалі ад дырэктара ЦСАН Карэліцкага раёна Інэсы Сямібратавай, намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК ”Маяк-Заполле” Вольгі Грыгаровіч і піянераў СШ №2 г.п. Карэлічы.
Асабліва парадавалі стагадовую юбіляршу Дзед Мароз і Снягурачка, а таксама музычны падарунак ад гасцей і супрацоўнікаў ЦСАН Карэліцкага раёна.
Бабулька, якая перасягнула векавы юбілей, дрэнна чуе, але пажадаць дабра, міру і здароўя яна змагла ўсім, хто яе віншаваў.
Бываюць людзі, сустрэчы з якімі не проста акрыляюць і дораць зарад добрага настрою і энергіі. Яны не забываюцца нават праз гады, бо асобы гэтыя, нібы каштоўныя камяні, нясуць на сабе адбітак гістарычных вехаў краіны.