Адкрытая прыёмная для бізнесу адбылася ў Карэлічах
07.10.2024
Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталь Невера і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч правялі адкрытую прыёмную з прадстаўнікамі бізнесу Карэліччыны. Падобная адкрытая прыёмная працуе ў вобласці з 2019 года. У 2021 годзе яна ўпершыню прайшла ў Карэлічах. 6 кастрычніка спецыялісты прыехалі на сустрэчу з карэліцкімі бізнесменамі ў трэці раз. Мерапрыемства “Адкрытая прыёмная для бізнесу” стала своеасаблівай дыялогавай пляцоўкай паміж прадстаўнікамі бізнесу і ўлады.
На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне зарэгістравана 399 індывідуальных прадпрымальнікаў, 100 арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, 117 фізічных асоб, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць па заяўным прынцыпе, 16 уладальнікаў аграсядзіб і 101 рамеснік. Кожны жадаючы мог звярнуцца да прадстаўнікоў камітэта дзяржаўнай маёмасці аблвыканкама, абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, камітэта дзяржаўнай маёмасці аблвыканкама, упраўлення інфармацыйна-тлумачальнай работы інспекцыі Міністэрства па падатках і сборах Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, Гродзенскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, камітэта па архітэктуры і будаўніцтву аблвыканкама, установы “Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”, галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама, упраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама, ДУ “Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”, Карэліцкай раённай іспекцыі прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяроддзя, Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Кожны прадпрымальнік, які наведаў прыёмную, мог адкрыта пагутарыць са спецыялістамі, задаць хвалюючыя пытанні і, што самае галоўнае — атрымаць неабходную інфармацыю. Ні адна праблема, закранутая падчас гутаркі, не засталася без увагі.
Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, такія сустрэчы праходзяць у раёне два разы ў год:
— Некаторыя прадпрымальнікі не першы раз прыходзяць сюды. Кожны раз яны задаюць новыя пытанні, не прыходзяць з аднымі і тымі ж, а значыць вынікі ёсць. Напрыклад, сёння адзін наведвальнік звярнуўся да Віталія Іосіфавіча з пытаннем аб добраўпарадкаванні дарогі. Праблема ўзята на кантроль, прадпрымальніку паабяцалі садзейнічанне.
Індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Калбаска лічыць такія сустрэчы вельмі неабходнымі:
— Я атрымаў адказы на ўсе пытанні, якія мяне цікавілі. Я прыходжу на адкрытую прыёмную другі раз і атрымліваю карысць ад наведвання. Гэта вельмі патрэбнае мерапрыемства.
— Вельмі важна валодаць правільнай інфармацыяй, — кажа прадпрымальнік Наталля Шынкевіч. — Я атрымала адказы на ўсе пытанні, якія задавала, спецыялісты многае мне патлумачылі.
— Я ўжо трэці раз на такім мерапрыемстве, — расказвае бізнесмен Уладзімір Ратаў. — Кожны раз прыходжу сюды і вырашаю пытанні, якія ў нас узнікаюць. Карысць ёсць, каб яе не было, я б не прыходзіў сюды.