Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Благочинный церквей Кореличского округа Николай Орса — о любви к Богу, семейных ценностях и Пасхальных традициях

05.05.2024
Благочинный церквей Кореличского округа Николай Орса — о любви к Богу, семейных ценностях и Пасхальных традициях
 

Благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса, яго жонка матушка Валянціна і дочкі Кацярына, Еўлалія і Анастасія

Вялікдзень… У дзіцячыя і юнацкія гады мы не задумваліся аб сапраўдным і глыбокім сэнсе гэтага свята. Нас больш прыцягваў яго знешні бок: фарбаваныя яйкі, духмяныя пірагі, прыгатаваная мясная смаката, чырвонае яечка ў рукамыйніку (лічылася, што той, хто памыецца такой вадзіцай Велікодным ранкам,  увесь год будзе румяным і здаровым), нецярплівае чаканне прыходу валачобнікаў у хату, а ў святочную ранічку — узыходу сонейка, бо існавала павер’е: на Вялікдзень можна ўбачыць, як яно радуецца Уваскрэсенню Хрыста, і, узнімаючыся над гарызонтам, «купаецца», весела разгойдваючыся з боку ў бок… І толькі ў сталым узросце  прыйшло ўсведамленне, што Вялікдзень — свята духоўнага абнаўлення, вялікай невымоўнай радасці, не зямной, а нябеснай, якая напаўняе нашы сэрцы, наваколле, гучыць у малітвах, чуецца ў кожным слове песнапеваў Велікоднай службы. Менавіта таму ў дні Вялікага Паста, падрыхтоўкі да свята душа прагне пераасэнсавання жыццёвых каштоўнасцяў, спасцігнення сілы сапраўднай веры, удумлівага пазнавання  Велікодных традыцый у сем’ях праваслаўных хрысціян. Па гэтай прычыне адбылася прадыктаваная сэрцам сустрэча з благачынным цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэем Мікалаем Орсам і яго жонкай, матушкай Валянцінай, шчырых, мудрых, адкрытых, сціплых, прыцягальных у сваёй людскасці, якая стала своеасаблівым Урокам духоўнасці, а размова з імі дапамагла па-іншаму глянуць  на многія рэчы ў сённяшняй рэчаіснасці, перанесла ў атмасферу наступаючага свята.

Асэнсаваны жыццёвы выбар. Лёсавызначальная сустрэча.

Адразу ж цікаўлюся ў айца Мікалая, як прыйшоў ён да рашэння стаць святаром, у чым бачыць сваё прызначэнне, пры якіх абставінах адбылося лёсавызначальнае знаёмства з будучай матушкай, як не памыліцца ў выбары спадарожніцы жыцця.

Айцец Мікалай распавядае: «Вёска Лаўрышава Навагрудскага раёна, мая малая радзіма, — намоленая зямля. Наведванне царквы з’яўлялася для сяльчан святой справай, у тым ліку для маіх бабулі і мамы, якія з маленства бралі на службу і мяне. Спачатку мае паходы ў храм былі праяўленнем дзіцячай паслухмянасці, пазней сталі абавязкам, патрэбай і ўрэшце рэшт паўплывалі на асэнсаваны выбар жыццёвага шляху, вызначылі мой лёс. Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю, затым Варшаўскую духоўную акадэмію, шэсць гадоў быў настаяцелем Валеўскай Петрапаўлаўскай царквы, шэсць гадоў — Барысаглебскага сабора ў Навагрудку, і  вось ужо амаль 10 гадоў служу Богу на Карэліцкай зямлі. Быць святаром — велізарная адказнасць, бо ў яго асобе людзі бачаць перш за ўсё носьбіта высокіх духоўных якасцей, каму можна даверыцца ў хвіліны споведзі і не толькі. Атрымоўваецца, што святар штодзённа здае экзамен перад вернікамі, перад сваім сумленнем. Ён павіннен лячыць людскія душы сілай сапраўднай веры, жыць з дабрынёй у сэрцы, умець знайсці падыход да кожнага чалавека, а гэта патрабуе пастаяннай працы над сабой, накладвае адбітак на асабістае жыццё. Сілы дае Усявышні і сям’я. Перакананы, што жонка святара павінна быць матушкай не па назве, а па наяўнасці душэўнай чысціні, духоўнага багацця. Валянціна пакарыла мяне менавіта гэтымі якасцямі, сустрэча з ёю наканавана Богам.»

Матушка Валянціна ўспамінае: «Я расла любіміцай у сваёй сям’і, таму, паступіўшы на рэгентскае аддзяленне Жыровіцкай духоўнай акадэміі, старалася добра вучыцца, каб не падвесці родных, думкі аб замужжы былі на другім плане. Аднойчы, молячыся перад іконай Мікалая Цудатворца, папрасіла, каб ён паказаў мне чалавека, які можа стаць маім лёсам. І пачула голас за спінай: «Мяне завуць Орса Мікалай». Азірнулася і ўбачыла сімпатычнага хлопца, твар яго свяціўся дабрынёй. Падчас сустрэч я адкрыла багаты духоўны свет Мікалая (самае важнае для мяне) і зразумела: ён мой лёс! Праз тры месяцы мы атрымалі благаслаўленне ад кіраўніцтва семінарыі на стварэнне сям’і. Гасподзь даў мне магчымасць быць за мужам!  Як маці, жонка, як матушка імкнуся адпавядаць гэтаму прызначэнню: увесь час вучуся зразумець кожнага, хто звяртаецца за парадай, дапамогай, стараюся ва ўсім падтрымліваць бацюшку, дапамагаць, аберагаць  ад стрэсаў, любімым дачушкам дарыць пяшчоту, ласку свайго сэрца…

Роздум пра запаветнае, вечнае — сям’ю, сілу веры, каханне, шчасце.

Думкі ўслых

Сям’я для айца Мікалая і матушкі Валянціны — малая царква, дзе павінна гарэць святло сапраўднай веры і сапраўднага кахання. Моц сям’і, на іх думку, правяраецца выпрабаваннямі, пераадолець якія магчыма толькі з дапамогай сілы веры і самаахвярнасці ў імя любові. У гэтым ім давялося пераканацца не раз…

Першая цяжарнасць далася матушцы Валянціне нялёгка. Урачы, гледзячы на яе пакуты, угаворвалі зрабіць аборт. «Лепш памру, а дзіцятка загубіць не дазволю!» — катэгарычна заявіла маладая жанчына. Дзевяць месяцаў праляжала ў гінекалагічным аддзяленні бальніцы на захаванні, пастаянна малілася, жыла падтрымкай мужа, яго малітвамі. Прыйшлося ўзяць акадэмічны водпуск, нараджэнне Лізачкі стала Божым падарункам за ўсе выпрабаванні. Скончылі семінарыю, пераехалі ў Валеўку: айцец Мікалай быў накіраваны настаяцелем у мясцовую царкву. Купілі дом, сталі наладжваць быт. І тут іх напаткала непадуладная розуму бяда: па віне вадзіцеля грузавіка сям’я Орса трапіла ў аўтааварыю! З пераломам ключыцы, рэбраў айцец Мікалай аказаўся ў хірургічным аддзяленні, Валянціна абышлася ўдарамі, васьмігадовую Лізу  даставілі ў рэанімацыю, зрабілі складанейшую аперацыю. Дзяўчынка ўпала ў кому. Урачы не гарантавалі ёй жыццё, папярэдзілі аб гэтым айца Мікалая, а Валянціну прывялі ў рэанімацыю развітацца з дачушкай. Што можа быць страшней для бацькоў?! Яны ж адганялі чорныя думкі, суцяшалі адзін аднаго, прасілі ў Бога дапамогі, верылі ў сілу малітваў. Кажуць, калі на зямлі плача маці, то Божая Маці на нябёсах таксама плача, а слёзы яе — паратунак у бядзе. І здарыўся цуд: на чацвёрты дзень знаходжання ў коме Ліза заварушыла пальчыкамі і… адкрыла вочы, выразна прашаптала словы малітвы «Отче наш». Пацягнуліся доўгія месяцы змагання за жыццё: бальніцы, аперацыі, уколы, перавязкі. Нанава вучыліся есці, сядзець, хадзіць, праходзілі працяглую рэабілітацыю ў рэспубліканскім цэнтры ў Аксакаўшчыне. З дапамогай Усявышняга, цудоўных дактароў, нераўнадушных людзей, дзякуючы якім у многіх храмах Беларусі маліліся за здароўе дзяўчынкі, яна паволі ішла на папраўку і нарэшце прыехала дамоў! У сям’ю Орса вярнулася радасць, якая ўзрастала ўдвая, калі нарадзіліся яшчэ тры дачушкі, галоўны скарб для таты і мамы. Яны ўражваюць сваёй выхаванасцю, рознабаковасцю інтарэсаў, адоранасцю. Лізавеце — 22 гады, вучыцца ў Жыровіцкай семінарыі на аддзяленні іконапісу, піша цудоўныя вершы, друкуецца, у мінулым годзе выйшла замуж. Шаснаццацігадовая Анастасія — таленавіты мастак, асвойвае сакрэты вырабаў керамікі ў Мірскім мастацкім каледжы. Кацярыне — 11 гадоў, цікавіцца многім, знаходзіцца ў пошуку сябе, руплівіца, маміна памочніца. Чатырохгадовая Еўлалія (у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «добро говорящая») — маленькае сонейка, радасны званочак, рана пачала гаварыць, не па гадах мудрая, незвычайна кемлівая. Айцец Мікалай і матушка Валянціна — адзіныя ў падыходзе выхавання дачушак, будучых мамаў, кіруюцца словамі філосафа Арыстоцеля: «Выхаванне розуму без выхавання сэрца — гэта не адукацыя.» Таму закладваюць у іх сэрцах пачуццё Любові да блізкіх, родных, пашану да людзей..

У пропаведзях, з якімі звяртаецца да вернікаў айцец Мікалай, заўсёды гучыць перакананне: шчаслівым сем’ям уласціва агульнасць у поглядах на сямейнае жыццё. І ён, і матушка Валянціна ўпэўнены: сям’я — гэта перш за ўсё адказнасць за тых, за каго ты нясеш адказнасць; гэта Дом, калыска шчасця для дзяцей, дзе тваё сэрца. І абавязкова сям’я — зносіны, бо нішто на свеце не заменіць сардэчныя размовы за кубачкам гарбаты з жонкай, дзецьмі і радасць ад заняткаў любімым хобі з імі (для матушкі Валянціны — збор лекавых траў, чытанне духоўнай літаратуры, для айца Мікалая — работа ў садзе, агародзе, кветніку, рыбалка), ад сумеснага адпачынку. Каханне ўспрымаецца імі як пачуццё, якое дапамагае жыць, знаходзіць выхад у складаныя моманты, не губляць надзею нават тады, калі, здаецца, сіл не засталося… Яны не сумняваюцца, што сапраўднае шчасце — быць  часцінкай Бога, жыць у суладдзі з верай, без зайздрасці, зла, помсты, з усведамленнем сваёй патрэбнасці людзям, з адчуваннем радасці, што твае блізкія здаровы, з пастаяннай удзячнасцю Богу за яго дары…

Пытаю ў святара: «Калі б Вам далі чароўную палачку, што б Вы зрабілі ў першую чаргу?» Адказ здзівіў і ў той жа час узрадаваў: «Я б адмовіўся ад яе! Нішто не прыходзіць само па сабе, як, на жаль, лічаць некаторыя сучасныя маладыя людзі, і мы павінны дапамагаць ім пазбаўляцца ад такіх памылковых, ілюзорных спадзяванняў. Усё, што нас акружае, што мы маем — гэта плён працы чалавека. Розум, залатыя рукі — вось яна, чароўная палачка!»

Вялікдзень у сям’і благачыннага

Падрыхтоўка да Вялікадня пачынаецца з паста, з дачынення да таемнасці Перадвелікоднага тыдня. Галоўнае — наведаць у гэтыя дні службу ў храме, прыняць удзел у Хросным ходзе, у начным Богаслужэнні. А раніцай сабрацца ўсёй сям’ёй разам з роднымі за адным сталом, на якім будуць традыцыйныя стравы: дамашняя вяндліна, запечанае мяса, фарбаваныя яйкі, вядома ж, хрэн, духмяныя пірагі, любімыя дзецьмі і дарослымі селядзец пад шубай, салат аліўе, дамашняя каўбаса. Душа кожнага напоўніцца лікаваннем: “Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!” А мы цалкам пагодзімся з прачулымі словамі Віншавання айца Мікалая ў Велікодны дзень: “Няхай святло Велікоднай радасці асвятляе сэрца кожнага чалавека, а словы пра Крыж і Уваскрэсенне заўсёды жыватворча і дзейсна пранізваюць усе нашы думкі і ўчынкі. Будзем памятаць пра тое, што мір — гэта дар Божы, і прыкладзём усе намаганні, каб зберагчы яго. Хрыстос Уваскрос!”

Да святочнага стала. Куліч “Хуткі”

Малако — 1 шклянка, дрожджы свежыя — 50 г (альбо сухія, актыўныя, 1 ст. л.), яйкі — 4 шт., цукар — 1 шклянка, масла сметанковае — 100 г, алей — 2 ст. л., ванілін — 1 г., мука — 4 стаканы, разынкі (альбо цукаты) — па жаданні.
У шклянцы цёплага малака растварыць 1 ст. л. цукру, усыпаць дрожджы, размяшаць, пакінуць на хвілін 15. Дабавіць растопленае сметанковае масла і алей, усыпаць ванілін. Дабавіць дражджавую закваску, размяшаць. Дабавіць разынкі, цукаты, ледзь прыпудрыць мукой. Паступова ўсыпаць прасеяную муку, добра вымесіць, пакуль не атрымаецца негустое цеста. Выкласці дно і сценкі формачак паперай для выпечкі, змазаць алеем. Выкласці цеста ў формачкі. Іх накрыць рушніком і пакінуць пры пакаёвай тэмпературы на 3-4 гадзіны. Выпякаць у добра разагрэтай духоўцы пры тэмпературы 180С да гатоўнасці, праверыўшы сухой палачкай.


© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.