Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Навучэнец Мірскага дзяржаўнага каледжа Марк Дзмітровіч заваяваў сярэбраны медаль рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus

22.05.2024
Навучэнец Мірскага дзяржаўнага каледжа Марк Дзмітровіч заваяваў сярэбраны медаль рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus
 З 13 па 16 мая ў Мінску праходзіў V Рэспубліканскі конкурс прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023. Па выніках конкурсу навучэнец трэцяга курса ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж” Марк Дзмітровіч (кампетэнцыя “Вытворчасць мэблі”) стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені.

Арганізатарамі конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023 з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Беларусі і УА “Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі“, партнёрамі – многія айчынныя і замежныя вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання, матэрыялаў, інструмента. Яго ўдзельнікі – прадстаўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама студэнты ВНУ і маладыя рабочыя з усіх рэгіёнаў краіны. Таксама ў спаборніцтвах прымалі ўдзел канкурсанты з Расійскай Федэрацыі і Казахстана. Ацэньвалі прафесійныя навыкі канкурсантаў каля 350 экспертаў. Больш за 300 чалавек дэманстравалі сваё майстэрства па 49 кампетэнцыях у галіне будаўнічых, вытворчых, інжынерных, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, транспарту і лагістыкі, сацыяльных і персанальных паслуг, творчых прафесій і модзе.

У складзе каманды Гродзенскай вобласці ў конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж” Марк Дзмітровіч (кампетэнцыя “Вытворчасць мэблі”), Мікіта Сіцько (кампетэнцыя “Сухое будаўніцтва”) і Ілья Сцепанчук (кампетэнцыя “Сталярныя работы”). У якасці экспертаў працавалі майстры вытворчага навучання: Яўген Чэрнік, Аляксей Якубоўскі і Аляксандр Белановіч.

Па выніках конкурсу Марк Дзмітровіч стаў уладальнікам сярэбранага медаля ў кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі”.

Кожны ўдзельнік павінен быў вырабіць тумбачку па вызначаным чарцяжы. На асноўную працу адведзена 12 гадзін, за якія канкурсанты павінны былі зрабіць усе патрэбныя дэталі і сабраць выраб без хібаў. Журы ацэньвала работы па мноствах пунктаў, ад якасці шліфоўкі да памераў шчылін на стыках.

– Атрымаць другое месца ў конкурсе рэспубліканскага ўзроўню для мяне вельмі прыемна і нечакана, бо былі моцныя і годныя супернікі – рабяты з вельмі высокім узроўнем ведаў і здольнасцяў, а гэта ўсяляла яшчэ большую сілу і адказнасць. Дзякую ўсім арганізатарам і экспертам за новыя і карысныя веды, неверагодныя ўражанні! Хацелася б адзначыць, што гэта найкаштоўнейшы вопыт і, адназначна, вялікі прафесійны скачок. Выдатная і, мабыць, лепшая магчымасць раскрыць свой патэнцыял, развіць асабістыя і прафесійныя якасці, неабходныя ў будучай спецыяльнасці, – лічыць пераможца.

Юнак родам з Карэліч. Пасля заканчэння школы, ні хвіліны не сумняваючыся ў выбары будучай прафесіі, пайшоў вучыцца ў Мірскі дзяржаўны каледж. У чэрвені ён ужо атрымае дыплом па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацка-афарміцельскія работы, дызайн інтэр’еру і сталярныя работы». Цікавасць да працы з дрэвам Марку прывіў яшчэ ў дзяцінстве бацька Аляксей Валер’евіч, які з’яўляецца кіраўніком гуртка “Не проста сталяр» у райцэнтры.  Акрамя цікавасці да працы па спецыяльнасці, у хлопца шмат іншых захапленняў: ён добра іграе на гітары і спявае. Вялікая працаздольнасць, спалучэнне стараннасці і адказнасці заўсёды маюць свой плён. У далейшым ён марыць удасканальвацца ў сталярнай справе.

Майстар вытворчага навучання Мірскага дзяржаўнага каледжа Яўген Чэрнік адзначае:

–  З Маркам мы на працягу паўгода сур’ёзна рыхтаваліся да ўдзелу, і поспех нас не абышоў. Мы шчаслівыя, бо гэта наша агульная перамога. Конкурс прафмайстэрства ProfSkills Belarus заўсёды складаны, пастаянна ўносяцца нейкія новыя крытэрыі і алгарытмы. Удзельнікам у плане падрыхтоўкі да спаборніцтваў даводзіцца вывучаць спецыфіку працы з абсталяваннем і ўкараняць нейкія новыя тэхналогіі.

Яўгену Аляксандравічу гэта вельмі знаёма, бо ён сам не раз удзельнічаў у конкурсе прафмайстэрства рэспубліканскага ўзроўню і быў уладальнікам залатога медаля. Будучы маладым спецыялістам, марыў узяць пад кіраўніцтва студэнта і падрыхтаваць новага чэмпіёна, падзяліцца сваім вопытам. І яму гэта ўдалося. Па словах майстра, кантактаваць са сваім навучэнцам як эксперт падчас конкурсу ён не мог: гэта пагражала дыскваліфікацыяй. Марк самастойна карыстаўся той базай, якую атрымаў падчас падрыхтоўкі.

Удзельнікі конкурсу, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны медалямі, дыпломамі, грашовымі прызамі. Акрамя гэтага, пераможцы і прызёры конкурсных кампетэнцый атрымаюць ільготы пры паступленні ў профільныя ВНУ і каледжы.

Жыццё заўсёды ставіць перад чалавекам пастаянныя выклікі, і толькі прафесіяналы з вялікай літары здольныя правільна  рэагаваць на іх. Прафесіянал  заўсёды зможа забяспечыць сабе годнае жыццё і годную працу. Яны шчаслівыя людзі, якія робяць тое, што ім падабаецца, і могуць бачыць вынікі сваёй працы.

© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.