Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Праздник хлеборобов отметили в агрогородке Цирин

28.08.2024
Праздник хлеборобов отметили в агрогородке Цирин
 Адна з вечных ісцін абвяшчае, што хлеб лёгкім не бывае. Круглы год праца і думкі аграрыяў падпарадкаваныя толькі хлебу, бо на ўраджай працаўнікі вёскі працуюць цэлы год. У мінулую суботу заслужаныя словы падзякі і ўзнагароды за сваю нялёгкую працу атрымлівалі хлебаробы КСУП “Лукі-Агра”.

На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, дырэктар КСУП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна і старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза.

Сімвалам заканчэння жніва здаўна лічыцца каравай, выпечаны з мукі новага ўраджаю. А для таго каб ураджай наступнага года быў большы, чым у цяперашнім, па традыцыі караваі былі асвечаны айцом Алегам. Народная мудрасць абвяшчае: “У каго хлеб, у таго і шчасце”. Сваім шчасцем хлебаробы падзяліліся з гасцямі. Караваі ўраджаю-2023 уручылі Генадзю Шатуеву і Мікалаю Гавіне.

Першым павіншаваў аграрыяў з “Дажынкамі” Мікалай Аляксандравіч Гавіна:

— Паважаныя жыхары і госці аграгарадка Цырын! З гэтай сцэны я хачу абвясціць вынікі працы ўборачнага комплексу нашай вялікай гаспадаркі. Нам давялося ўбраць 3183 га зерневых і зернебабовых культур, 700 га рапсу. Масавая ўборка пачалася 17 ліпеня, скончылася 20 жніўня і цягнулася 33 дні. Намалочана 17 487 тон збожжа, 2064 тоны азімага рапсу. Ураджайнасць збожжавых склала 54,9 ц/га, рапсу — 29,2 ц/га. Па аддзяленні “Лукі” намалочана 9140 тон збожжа з ураджайнасцю 54,5 ц/га, па аддзяленні “Цырын” — 8220 тон з ураджайнасцю 57,7 ц/га. Чатыры ўборачных экіпажа намалацілі больш за 2000 тон, адзін вадзіцель перавёз больш за 3000 т. Экіпаж Андрэя Штэйна і Аляксандра Гурына займае пятае месца ў раёне, Андрэй Сянюта — другі сярод вадзіцеляў, Сяргей Валько — трэці. Мне найбольшае задавальненне дастаўляе тое, што сёлета мы працавалі як адзіны механізм. Кожны, хто быў задзейнічаны ва ўборцы, шчыраваў годна, на сумленне, з павагай да хлеба. Вялікі дзякуй усім, хто працаваў на палях, іх сем’ям за цярпенне, за павагу да агульнай працы.

Для вітальнага слова і віншавання аграрыяў на сцэну запрасілі Генадзія Мікалаевіча Шатуева:

— У гэтым годзе ўборка была няпростая. Але цяпер, калі мы падводзім вынікі, ганарымся атрыманым караваем. Засушлівае надвор’е адбілася на яравых пасевах, але ў цэлым па раёне атрыманы добры хлеб. Сабрана 16 745 т рапсу пры ўраджайнасці 42,5 ц/га, 104 777 тон збожжа пры ўраджайнасці 60,5 ц / га. Сёлета толькі чатыры раёны вобласці намалацілі больш за сто тысяч тон збожжа — Гродзенскі, Ваўкавыскі, Шчучынскі і, традыцыйна, Карэліцкі. У вашай гаспадарцы самы высокі намалот у раёне — 17 488 тон. На вынік спрацавала адзіная каманда КСУП “Лукі-Агра”. Гонар вам і пашана!

Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы Карэліцкага райвыканкама Андрэю Штэйну і Віталію Вараб’ёву, Падзячнымі пісьмамі ўзнагароджаны Андрэй Сянюта і Аляксандр Лук’яновіч.

На сцэну запрасілі тых, хто працаваў на палях, стараўся якасна і своечасова убраць хлеб — механізатараў. Сёлета на палі прадпрыемства выйшла 10 экіпажаў. Кожны атрымаў падарункі ад старшыні КСУП “Лукі-Агра” Мікалая Гавіны. Наступнымі атрымалі ўзнагароды чатырнаццаць вадзіцеляў, якія перавозілі ўраджай на зернесушыльныя комплексы. Павіншаваць іх выйшаў галоўны інжынер прадпрыемства Генадзій Жыгала. Для ўзнагароджання работнікаў КЗС на сцэну падняўся галоўны аграном гаспадаркі Павел Тананка, які адзначыў, што работнікі зернесушыльных комплексаў днямі і начамі рабілі ўсё магчымае, каб захаваць убраны ўраджай.

Таксама словамі падзякі адзначылі вадзіцеляў пагрузчыкаў, тых, хто працаваў на дастаўцы паліва, работнікаў сталовай і тых, хто адвозіў абеды ў поле.

Пасля свята Павел Тананка адзначыў, што цяперашнім ураджаем у цэлым задаволены:

— Мы не чакалі сёлета такога намалоту, прагназавалі, што ён будзе меншы. Ураджай мог быць і лепшым, але на пасевах негатыўна адбілася надвор’е, засуха вельмі моцна паўплывала на яравыя культуры, асабліва на ячмень. Але сёння ў палях добры ўраджай кукурузы, пасеяна 1000 га, таму нарыхтуем кармоў столькі, колькі неабходна нашым жывёлаводам.

— Якія культуры будуць пасеяны на палях прадпрыемства?

— Ужо пасеялі 500 га рапсу, затым яшчэ 100 га свірэпіцы, 200 га ячменю, 550 га трыцікале і 1700 га азімай пшаніцы.

— Якая культура добра прыжылася на палях прадпрыемства?

— Сёлета мы ўпершыню пасеялі азімы ячмень, не ведалі, чаго ад яго чакаць, але ён парадаваў і перавысіў нашы чаканні.

© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.