30 кастрычніка такая сустрэча прайшла ў вёсцы Лядкі Ярэміцкага сельсавета. Жыхары населенага пункта мелі магчымасць выказаць свае пытанні, просьбы і пажаданні старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксею Гаўрошу.
Напачатку сустрэчы Аляксей Іванавіч давёў да жыхароў інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і перспектывах на 2025 год.
– Мы з’яўляемся сведкамі таго, як паступова абнаўляецца асфальтавае пакрыццё дарог, вуліц і двароў не толькі райцэнтра, але і аграгарадкоў, вёсак Карэліччыны. Добраўпарадкуюцца месцы агульнага карыстання, умацоўваецца і ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры. Працуюць магазіны, а дзе іх няма, прыязджаюць аўталаўкі, дзе можна купіць усё неабходнае. У краіне, у кожным рэгіёне робіцца ўсё для камфортнага жыцця чалавека, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Гаворка ішла і пра будучую важную падзею — электаральную кампанію. Аляксей Іванавіч засяродзіў увагу, што 26 студзеня 2025 года ўсім неабходна прыняць удзел у вялікай палітычнай падзеі, выбарах Прэзідэнта рэспублікі.
— Мы павінны скарыстацца гэтым правам, бо ад нашага выбару залежыць будучыня краіны. Важна, каб кожны грамадзянін усведамляў сваю значнасць у гэтым працэсе і займаў актыўную жыццёвую пазіцыю ў адносінах да будучыні сваёй дзяржавы, — адзначыў прамоўца.
У ходзе сустрэчы абмеркаваны спектр пытанняў жыццядзейнасці населенага пункта, узнімаліся праблемы, якія сёння хвалююць жыхароў Лядак: падсыпка дарогі адной з вуліц вёскі, высечка расліннасці на перакрыжаванні дарогі з вёскі Лядкі з цэнтральнай дарогай Ярэмічы-Турэц, выдаленне аварыйных дрэў на вясковых могілках і іншыя. Пытанні, зададзеныя напрамую лідару раённага дэпутатскага корпуса, адразу знаходзяць адказы і варыянты рашэння.
У мэтах павышэння ўзроўню культуры бяспекі сярод насельніцтва начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста аграгарадка Ярэмічы Васілій Міхалкевіч правёў інструктыўна-тлумачальную гутарку па выкананні правілаў пажарнай бяспекі. Нагадаў правілы бяспечнай эксплуатацыі печаў, аб тым, што неабходна сачыць за станам электраправодкі, а таксама аб неабходнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у домаўладаннях.
Таксама была закранута тэма неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні сухой расліннасці.
— Пры навядзенні парадку на прысядзібным участку спальвайце сухую траву, смецце ў спецыяльна адведзеным месцы, якое павінна быць акапана,знаходзіцца ўдалечыні ад дамоў, пабудоў, сціртаў сена і саломы, а таксама рабіць гэта трэба ў зацішнае надвор’е, — звярнуў увагу работнік службы выратавання.
Сустрэча прайшла ў добрай, сяброўскай абстаноўцы. Жыхары з асаблівай цеплынёй і павагай гаварылі аб сваёй вёсцы і жыхарах. Такую эфектыўную форму работы з насельніцтвам можна лічыць адным са складаемых выканання галоўнага патрабавання Прэзідэнта да кожнага кіраўніка на месцах — жыць клопатамі людзей.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара