Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Старшы інспектар групы кадраў Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі працуе ў органах унутраных спраў дваццаць гадоў

06.03.2024
Старшы інспектар групы кадраў Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі працуе ў органах унутраных спраў дваццаць гадоў
 Міліцыянер  не проста чалавек у форме, які змагаецца са злачыннасцю. Ён ахоўвае наш спакой,  а гэта тое, што заслугоўвае павагі.  Служба   патрабуе асаблівых намаганняў. Яе адрозніваюць небяспека і моцнае псіхалагічнае напружанне,  але калі чалавек загадзя падрыхтаваны, ведае, чаго хоча і да чаго імкнецца, то любыя цяжкасці ён зможа пераадолець.  З поўнай упэўненасцю можна  сказаць, што міліцыянер – гэта гучыць горда.

Старшы інспектар групы кадраў  Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі  родам з  вёскі Сулятычы,  што на Навагрудчыне.

– З дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Мне падабалася дапамагаць людзям, абараняць тых, хто меншы і слабейшы. Пачуццё адказнасці і справядлівасці, бясспрэчна, уласцівыя людзям гэтай прафесіі. І ў маім характары гэтыя якасці адыгрываюць не апошнюю ролю. Барацьба са злом, са злачынцамі – усё гэта здавалася мне цікавай,  займальнай і патрэбнай справай.  Заўсёды падабалася форма, выпраўка    людзей у пагонах, – успамінае Аляксандр Іванавіч.

Пасля службы ў  арміі  ў 2003 годзе вырашыў ажыццявіць мару дзяцінства і  паступіў на службу  ў РАУС  г. Навагрудка. Працаваў спачатку ў  патрульна-паставой службе. Для таго, каб удасканаліцца ў прафесіі,  паступіў у Магілёўскі каледж МУС Рэспублікі Беларусь,  пазней скончыў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Давялося некаторы час быць інспектарам ДАІ г. Навагрудка. А перайшоўшы на службу ў Іўеўскі РАУС,  папрацаваў з непаўналетнімі. У 2019 годзе жыццёвыя абставіны склаліся так, што паступіў  на службу ў Карэліцкі РАУС, дзе займаю пасаду  старшага інспектара групы  кадраў.

У паслужным спісе Аляксандра Шыдлоўскага маюць месца  заслужаныя ўзнагароды сістэмы МУС, органаў выканаўчай улады і іншых сілавых ведамстваў, якімі ён  быў неаднаразова адзначаны.

За гады службы  Аляксандру Іванавічу рознае давялося пабачыць. Не раз даводзілася сутыкацца  як з  нязначнымі правапарушэннямі, так і з небяспечнымі, і жорсткімі.  Ніколі ён не пашкадаваў аб сваім выбары, хаця былі і складаныя моманты.    Галоўнымі якасцямі,   як для любога чалавека, так і для супрацоўніка міліцыі,   ён лічыць сумленнасць, цвярозасць розуму, кампетэнтнасць і прынцыповасць у рабоце. Час не стаіць на месцы. Ён патрабуе ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў высокага адукацыйнага ўзроўню і прафесійных навыкаў, умення хутка арыентавацца  ў экстрэмальных сітуацыях,  дзейнічаць самастойна, умела і рашуча, праяўляць  уважлівасць,  павагу да людзей.

Да графіка работы  ў органах унутраных спраў за дваццаць гадоў прызвычаіўся. Змог знайсці і такі неабходны баланс паміж працай і сям’ёй. Усе службовыя пытанні пакідае ў сценах райаддзела і не абмяркоўвае іх у сямейным крузе.  Дома  спраў хапае:  трэба больш часу прысвяціць дзецям, а іх у сям’і  чацвёра: два сына і дзве дачушкі.  Менавіта бацькоўскі прыклад з’яўляецца правадніком для засваення агульначалавечых каштоўнасцяў.

© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.