У нашай краіне турызм адыгрывае значную ролю ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту, стварэнні дадатковых працоўных месцаў, выступае каталізатарам сацыяльна-эканамічнага развіцця. Менавіта таму ў Гродзенскай вобласці рэалізуецца пілотны праект па стварэнні турыстычных інфармацыйных цэнтраў, у якіх вядзецца распрацоўка канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту.
На адкрыцці цэнтра выступіў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан, які адзначыў, што Карэліччына мае багаты турыстычны патэнцыял: свае традыцыі, сваю гісторыю, свае гісторыка-культурныя каштоўнасці. І невыпадкова, што ўстанова з’явілася менавіта ў гэтым невялікім гарадскім пасёлку, які мае надзвычай багатую гісторыю. Сімвалічна і тое, што турцэнтр адкрываецца ў юбілейны год вызвалення гэтага населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Новы аб’ект – сімвал таго, што наша краіна развіваецца і гатова да супрацоўніцтва з любым кутком свету для стварэння і развіцця. Мы хочам, каб грамадзяне нашай краіны і замежныя турысты па вартасці ацанілі каларыт Карэліцкай зямлі.
Гарадскі пасёлак Мір ужо даўно лічыцца месцам прыцягнення турыстаў. Цэнтру прыйдзецца шмат працаваць, каб не толькі прыняць турыста, але і зразумець яго, каб мець зваротную сувязь.
Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Максім Малахоўскі пажадаў паспяховай працы турыстычнаму інфармацыйнаму цэнтру.
-З мая 2021 года ў вобласці пачаў рэалізацыю пілотны праект “Сістэма турысцка-інфармацыйных цэнтраў і паўнавартасных пунктаў турысцкай інфармацыі”, – патлумачыў Максім Уладзіміравіч. – Галоўная мэта праекта – стварэнне сеткі турысцка-інфармацыйных цэнтраў ва ўсіх раёнах вобласці, якія маюць аднолькавыя мэты, задачы і функцыі, накіраваныя на фарміраванне адзінай рэгіянальнай палітыкі ў сферы турызму. Сёння ў рэгіёне мы адкрываем ужо дванаццаты турцэнтр. Спадзяюся, што дзякуючы рабоце цэнтра турысты будуць ведаць не толькі пра Мірскі замак, але і пра іншыя турыстычныя аб’екты Карэліччыны.
Кіраўнік Цэнтра Караліна Анісенка падзялілася планамі па прасоўванні турыстычнага прадукту Карэліцкага раёна.
Права перарэзаць чырвоную стужку каля ўваходу ў турыстычны інфармацыйны цэнтр пад апладысменты ўдзельнікаў мерапрыемства было прадастаўлена Яўгену Чычкану, Максіму Малахоўскаму і Караліне Анісенка.
Удзельнікі цырымоніі наведалі памяшканне турыстычнага цэнтра, пазнаёміліся з інфармацыйнымі матэрыяламі.
Нумары мастацкай самадзейнасці падарылі ўдзельнікам урачыстасці работнікі Жухавіцкага Дома культуры.
Жыхарка г.п. Мір Наталля Квач лічыць:
-Турыстычны цэнтр у нашым пасёлку створаны не на пустым месцы, ужо ёсць шмат інфармацыйных матэрыялаў. Але гэтую працу трэба працягваць і развіваць, бо г.п. Мір знаходзіцца на перасячэнні трох абласцей, а адкрыццё турцэнтра дазволіць у поўнай меры актывізаваць турыстычны патэнцыял усяго нашага рэгіёна.