Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

В Кореличах состоялся районный выпускной бал

13.06.2024
В Кореличах состоялся районный выпускной бал
 

10 чэрвеня ў 17 гадзін на галоўнай плошчы гарадскога пасёлка Карэлічы збіраюцца выпускнікі школ, бацькі, настаўнікі, госці. Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць раённы выпускны баль, на якім ушаноўваюцца лепшыя выпускнікі, гучыць шмат наказаў на дарогу.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца дырэктару сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Таццяне Шаплыка, класнаму кіраўніку Турэцкага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Марыі Стэльмах, выпускніку Лукскай сярэдняй школы Дзянісу Трыбуцю, а ўзняць сцяг г.п. Карэлічы — выпускнікам Івану Несену і Андрэю Шыманскаму з сярэдняй школы г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай і Сяргею Свірыду з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы.

Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў шчыра і сардэчна віншуе выпускнікоў з заканчэннем школы. «Перад вамі адкрыты ўсе шляхі, — гаворыць Аляксандр Віктаравіч. — І кожны з вас абавязкова знойдзе сваю дарогу. Паспяхова пройдзе ўсе іспыты, атрымае добрую прафесію, выбера справу па душы, сустрэне каханага чалавека, створыць утульны дом і моцную сям’ю.

Час не стаіць на месцы. У Беларусі сёння з’яўляюцца новыя інтарэсы, новыя сацыяльна-эканамічныя накірункі і задачы, якія рэалізуюць маладыя і таленавітыя людзі. І якой будзе наша краіна, наш Карэліцкі край — залежыць ад кожнага з вас. Упэўнены, што вы зоймеце дастойнае месца ў жыцці нашай дзяржавы і ўпішаце новыя імёны ў гісторыю Беларусі і Карэліччыны!»

У выступленні начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірыны Асташэвіч было адзначана, што вучэбныя класы пакідаюць сёння 66 выпускнікоў, 5 будуць узнагароджаны залатым медалём, 16 атрымаюць Пахвальныя лісты за асабістыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. «Чалавек не можа жыць без мэты, ідэалаў і маралі, калі ён хоча быць дастойным гэтага звання, а таму старайцеся слухаць сваё сэрца — самага дакладнага сведку чалавечых учынкаў».

Ірына Валер’еўна пажадала выпускнікам сустрэчы з разумнымі, сумленнымі людзьмі, якія змогуць ацаніць здольнасці, талент і дапамогуць спаўненню мары. Таксама зрабіць правільны выбар будучай прафесіі, якая будзе ў радасць і прынясе задавальненне. І не менш важна: кожнаму мець той свой «залаты ключык», які адкрые дзверы ў цудоўнае і незнаёмае жыццё, напоўніць яго творчым пошукам, шчасцем, дабрабытам. Здароўя, жыццялюбства, веры!

На сцэну запрашаюцца выпускнікі, якія атрымалі атэстат асаблівага ўзору, з узнагародай залатым медалём, і іх бацькі, якім уручаюцца Падзячныя пісьмы. Гонарам раёна з’яўляюцца пяць залатых медалістаў: Іван Клімко і  Ягор Цвірка з сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай, Паўліна Лебядзевіч з Жухавіцкай сярэдняй школы, Мікіта Чубрык з сярэдняй № 2 г.п. Карэлічы і Валерыя Швец з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы.

Адзін з урачыстых момантаў — уручэнне шматлікіх узнагарод. Прэмія Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта імя Ігната Дамейкі ўручаецца выпускніку сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Раману Макавецкаму, стыпендыі Беларускага дзіцячага фонду — Цімафею Рудзько з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы і Ангеліне Слінько з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, а стыпендыі Беларускага фонду міру — Максіму Уласевічу з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы і Сяргею Свірыду з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы.

Свае пажаданні выказала дзяўчатам і юнакам галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі «Беларускі дзіцячы фонд» Вольга Куляка: «Вельмі хочацца, каб было шмат дабра ў душы, любові ў сэрцы, адданасці нашай Радзіме». Прамоўца зычыла настаўнікам творчых поспехаў, бацькам — мудрасці і цярпення, усім — моцнага здароўя і мірнага неба.

Права ўшанаваць выпускнікоў і ўручыць прэмію РГА «Белая Русь» прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і кіраўніку гэтай  арганізацыі Яўгену Чычкану. Прадстаўнік мясцовай улады пажадаў выпускнікам мець сваю мэту ў жыцці, і каб яны ведалі, як яе дасягнуць. Выказаў надзею, што пасля атрымання прафесіі юнакі і дзяўчаты вернуцца на родную Карэліччыну.

Сярод узнагароджаных — Віялета Лісоўская з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы  і Паўліна Лебядзевіч з Жухавіцкай сярэдняй школы.

Свае віншаванні выказала ў адрас выпускнікоў  і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка, якая ад імя ўсіх маці Карэліцкага раёна павіншавала выпускнікоў з важнай падзеяй у жыцці і пажадала, каб шлях іх быў светлым, а наперадзе чакалі сонечныя і мірныя дні. Стыпендыі арганізацыі прысуджаны Карыне Звонка і Паліне Купрас з сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы.

На ўрачыстасць завітала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока. Эльвіра Аляксееўна адзначыла, што сёння выпускнікі — радасныя, вясёлыя, шчаслівыя, і пажадала, каб у далейшым яны заставаліся такімі, каб выбралі свой шлях і рэалізавалі сябе. «Мы любім вас і верым, што ўсё зробіце на карысць нашай Радзімы», — выказала ўпэўненасць парламентарый.

За актыўную жыццёвую пазіцыю ўзнагароджваецца старшыня Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў Арына Гаўрош.

Са словамі на дарогу да выпускнікоў звяртаецца настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла, протаіерэй Мікалай Орса. Святар пажадаў дзяўчатам і юнакам паступіць у навучальныя ўстановы, знайсці справу па душы, стаць добрымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі Айчыны, памятаць сваіх бацькоў, не забываць школу і настаўнікаў і Боскай дапамогі ва ўсіх пачынаннях. Падзячнымі пісьмамі Карэліцкага благачыння за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праведзены сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквою, узнагароджваюцца выпускнікі сярэдняй шолы № 2 г.п. Карэлічы Анжаліка Галушка, Юлія Дзедуль, Сяргей Свірыд.

Права перадаць летапіс выпускнікоў 2022 года начальніку ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірыне Асташэвіч прадастаўляецца выпускніку сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай, дыпламанту абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Край Гарадзенскі» Івану Клімко.

Віншуюць выпускнікоў і выхаванцы ясляў-сада № 1 г.п. Карэлічы, якія жадаюць юнакам і дзяўчатам знайсці сваю дарогу ў жыцці.

Яго Вялікасць Вальс закружыў выпускнікоў —  як гэта цудоўна і прыгожа.

У неба запускаюцца шары і галубы. Гучыць фінальная песня.

У добры шлях, выпускнікі 2022 года!

Пасля завяршэння ўрачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч і выпускнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу «Зорка».

СЛОВА — ВЫПУСКНІКАМ

Мікіта ЧУБРЫК,

сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы:

— Яшчэ няма ўсведамлення таго, што я закончыў школу. Хаця ад гэтага адчуваецца радасць, бо змагу вызначыць сваё будучае. У жыцці хочацца знайсці сваю справу і дапамагаць іншым.

У людзях цаню сумленнасць і дабрыню. Вельмі удзячны бацькам за іх падтрымку, і за тое, што гэтыя рысы характару імкнуліся выхаваць у мяне. Сябрам жадаю знайсці сваё месца ў жыцці і быць карыснымі грамадству.

Ягор ЦВІРКА,

сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай:

— Доўга чакаў гэтай падзеі і нават не верыцца, што гэты дзень наступіў. Хвалююся, бо трэба прымаць рашэнне і рабіць свой выбар у жыцці. Я хачу быць праграмістам, гэта ў мяне з дзяцінства. Мне падабаюцца новыя тэхналогіі, і гэтая прафесія важная ў наш інфармчас. Хачу закончыць ВНУ, знайсці добрую справу, быць паспяховым ў кар’еры. Хачу выказаць слова ўдзячнасці бацькам і настаўнікам, а выпускнікам сказаць: «Не адкладвайце свае мары на потым, а шукайце сябе ў жыцці».

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

© Кореличский районный исполнительный комитет, 2024.