Адкрываючы семінар, Сяргей Кавальчук адзначыў, як важна забяспечыць бяспеку спартсменаў на ўсіх стадыёнах і пляцоўках краіны. Яшчэ на слыху трагічныя выпадкі траўміравання і нават гібелі дзяцей падчас заняткаў. То трэнер не заўважыў хваравітага стану дзіцяці напярэдадні, то праігнаравалі элементарныя правілы аказання медыцынскай дапамогі на трэніроўцы. Каб не чакаць чарговага трагічнага выпадку, варта ўжо цяпер прымяняць на практыцы ўстаноўленыя метады прафілактыкі траўматызму.
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей адзначыў, што ў раёне надаецца вялікая ўвага развіццю фізкультуры і спорту:
— Для заняткаў фізічнай культурай і спортам насельніцтву прадастаўлена 81 спартыўнае збудаванне: стадыён “Юнацтва” ў г.п. Карэлічы, 10 спартыўных залаў, 43 плоскасных збудаванняў, у тым ліку 32 спартыўныя пляцоўкі, 11 футбольных палёў, 15 прыстасаваных памяшканняў і трэнажорных залаў, 4 стралковых ціра. Вядзецца пастаянная работа па падрыхтоўцы спартыўнай базы да зімовага аздараўленчага сезона, ствараюцца і пастаянна ўдасканальваюцца ўмовы для актыўнага ўключэння насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам.
Для гэтых мэтаў у фізкультурна-спартыўных арганізацыях раёна праводзяцца мерапрыемствы па паляпшэнню спартыўнай базы, набываецца інвентар і абсталяванне для правядзення заняткаў і падрыхтоўкі каманд да абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.
За апошнія два гады на будаўніцтва новых і рамонт наяўных аб’ектаў фізкультуры і спорту з раённага бюджэту выдзелена больш за 481 000 рублёў.
За апошнія гады адкрыты: антывандальны трэнажорны комплекс з 10 трэнажораў з ценявым навесам, шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка, сучасная міні-футбольная пляцоўка з сінтэтычным пакрыццём, зала цяжкай атлетыкі; трэнажорны і фітнес-залы, турыстычна-інфармацыйны цэнтр у г.п. Мір.
На базе Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка і старшыня ДУ “Карэліцкі раённы ФСК” Наталля Галушка расказалі аб арганізацыі і напрамках работы спартыўных устаноў раёна, аб арганізацыі заняткаў, спаборніцтваў, заваяваных узнагародах, аб рабоце з адоранымі дзецьмі і падлеткамі з мэтай іх далейшага навучання ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, і тымі падлеткамі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, аб фінансаванні спартыўных мерапрыемстваў і пазабюджэтнай дзейнасці.
Акцэнт у выступленнях быў зроблены на бяспецы правядзення заняткаў і спаборніцтваў, прафілактычнай рабоце, накіраванай на недапушчэнне няшчасных выпадкаў, на працоўнай дысцыпліне і выкананні заканадаўства, якое рэгулюе пытанні бяспечнай жыццядзейнасці непаўналетніх і моладзі.
— Мэтанакіраваная работа спартыўных арганізацый раёна мае станоўчыя вынікі: назіраецца рост ўцягвання моладзі ў спартыўнае жыццё, а гэта азначае, што маладыя людзі адмаўляюцца ад шкодных звычак на карысць здаровага ладу жыцця, — сказаў Аляксандр Галушка. — Наступнае, што неабходна адзначыць, за апошні час незафіксавана няшчасных выпадкаў на аб’ектах фізічнай культуры і спорту, а непаўналетнія, якія знаходзяцца на розных уліках у інспекцыі па справах непаўналетніх, якія былі прыцягнуты да заняткаў спортам, не здзейснілі правапарушэнняў і злачынстваў, – заключыў прамоўца.
Сяргей Кавальчук адзначыў, што работа, наладжаная ў арганізацыях спорту і турызму Карэліччыны, — паказчык разумення і падтрымкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы развіцця спорту і турызму. Важна імкнуцца да прыцягнення большай колькасці насельніцтва да заняткаў спортам.
Далей удзельнікі семінара азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай раённай спартыўнай установы.
— На балансе ФСК са снежня 2022 года знаходзіцца будынак былога прафесійнага ліцэя, у якім абсталяваны фітнес- і трэнажорная залы, більярд, зала цяжкай атлетыкі. На стадыёне “Юнацтва” ёсць агароджаная хакейная пляцоўка, спартыўная шматфункцыянальная, антывандальная, гандбольная пляцоўкі і футбольнае поле. На базе ДУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна” асноўнымі відамі спорту з’яўляюцца гандбол, цяжкая і лёгкая атлетыкі.
Накіраваліся ў залу цяжкай атлетыкі. Аляксандр Галушка расказаў прысутным, што развівацца рух штангістаў на Карэліччыне пачаў у 1984 годзе: з’явіўся трэнер, спартсмены самі будавалі памосты, было вялікае жаданне трэніравацца. Затым быў перапынак. І толькі ў 2003 годзе рух быў адноўлены. У 2023 годзе палепшыліся ўмовы для трэніровак юных цяжкаатлетаў, пачала працаваць новая зала. Прыемна, што ў Карэлічах змаглі выхаваць чэмпіёнаў-цяжкаатлетаў, якія не аднойчы пакаралі не толькі рэспубліканскія п’едэсталы, але і сусветныя арэны. Дастаткова ўспомніць чэмпіёнку Еўропы і свету Алену Чычкан, удзельніцу чэмпіянатаў Еўропы Ірыну Бурак, шмат падрыхтавана кандыдатаў у майстры спорту і майстроў спорту.
У трэнажорнай зале Наталля Галушка адзначыла, што гэты аб’ект карыстаецца попытам наведвальнікаў асабліва ў вячэрні час. Кошт гадзіннага занятка на снарадах даступны для любога ўзросту. Тут некалькі зон, у кожнай з якіх спартыўны інвентар сабраны спецыяльна для пэўных відаў трэніровак. Напрыклад, у сілавой зоне можна займацца на трэнажорах, якія задзейнічаюць толькі канкрэтныя групы мышц. Трэнажоры кардыязоны маюць спецпраграмы трэніровак і магчымасць зрабіць яе пад свае патрэбы. Напрыклад, выставіць тэмп, супраціўленне, інтэрвалы працы. Так што замест размінкі на кожным з трэнажораў можна правесці паўнавартасны занятак на 45-60 хвілін.
У зале для правядзення фітнес-заняткаў удзельнікі семінара паназіралі за трэніроўкай групы жанчын залатога ўзросту.
Наступным прыпынкам працоўнай групы стаў стадыён “Юнацтва”, дзе міністру расказалі і паказалі, як развіваецца спартыўная база райцэнтра.
— У вас ёсць усе ўмовы, каб ператварыць стадыён у месца прыцягнення для жыхароў пасёлка, — адзначыў Сяргей Кавальчук. — Відаць, што ўжо многа зроблена, але яшчэ многае неабходна зрабіць.
На гандбольнай пляцоўцы стадыёна былі прадэманстраваны дзеянні трэнерскага саставу ў выпадку, калі адзін з членаў каманды атрымае траўму падчас трэніроўкі.
Напрыканцы сустрэчы госці Карэліччыны наведалі мемарыяльны комплекс “Зорка”, дзе памяць пра ўсіх, хто загінуў, вызваляючы родны край, была ўшанавана хвілінай маўчання. Да мемарыялу былі ўскладзены кветкі.
Сяргей СТОЛЯР
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтараў і Іны ЛЕЙКІ