Дзмітрый Манкевіч з сядзібы “Мірскія крыніцы” расказаў, што падрыхтоўка да святаў ідзе поўным ходам:
— Па-першае, рыхтуем саму сядзібу. Пасля шчодрага снегападу наводзім парадак. Па-другое, упрыгожваем домік, альтанку, лазню: усё павінна зіхацець і ствараць святочны настрой. На Новы год плануем сустракаць гасцей у касцюмах Дзеда Мароза і Снягурачкі.
Дарэчы, сядзібу на навагоднія святы ўжо забраніравалі.
— Госці атрымаюць увесь комплекс нашых паслуг: лазню, купель, невялікае апавяданне аб Мірскім замку. Калі гэта будуць замежныя госці, абавязкова раскажам ім пра беларускую гісторыю, пазнаёмім з нашай нацыяльнай культурай. Піарым Беларусь! — дзеліцца Дзмітрый Міхайлавіч. — Дзіцячых прадстаўленняў у гэтым годзе не плануем, перанясём іх на наступны. Аднак нашыя маленькія госці без увагі не застануцца.
Дзмітрый кажа, што ў прыярытэце — арганізацыя якаснага адпачынку:
— Людзі прыязджаюць да нас адпачыць, і мы павінны стварыць усе ўмовы, каб ім спадабалася.
Павел Радзюкевіч з сядзібы “Белыя Лугі” кажа, што рыхтуюць пляцоўкі для актыўнага адпачынку сваіх гасцей:
— Робім снежную горку, заліваем каток для дзяцей. У навагоднюю ноч для гасцей будзе зладжана невялікае мерапрыемства. Мы замовілі артыстаў, якія будуць выконваць народныя песні і танцы. Звычайна да нас прыязджаюць сем’і з дзеткамі. Сваім гасцям мы прадастаўляем лыжы, санкі, ладзім прагулкі па вёсцы. Першага студзеня на вялікай пляцоўцы будуць танцы.
На пытанне, ці будзе навагодні салют, Павел Іванавіч адказвае адмоўна:
— Наўкола дзікая прырода, цішыня. Да нас прыходзяць лясныя звяры — іх нельга пужаць.
У Мірскім замку на Каляды будуць праводзіцца дзіцячыя балі. Ва ўстанове расказалі, што балі правядуць сёмага студзеня ў 12.00 і 15.00. А чатырнаццатага студзеня ў замку адбудзецца баль для дарослых. Таксама ва ўстанове адзначылі, што ўжо з другога студзеня рыхтуюцца сустракаць гасцей замка, якія ўжо актыўна вядуць запіс, каб правесці калядныя канікулы ў найпрыгажэйшым кутку Беларусі.