Главная / Новости / Новости района
10.01.2022

Награждены победители смотра-конкурса на лучшую новогоднюю композицию «Зімовая казка»

 Традыцыйна ў пачатку снежня ўстановы і арганізацыі раёна набываюць новае аблічча — навагодняе: на фасадах уключаюцца гірлянды і каляровыя ліхтары, на тэрыторыях з’яўляюцца казачныя персанажы. Плошча 17 Верасня ў Карэлічах ператвараецца ў выставачную залу пад адкрытым небам, дзе з’яўляюцца ўнікальныя навагоднія фігуры, зробленыя сваімі рукамі. Так у раёне праходзіць агляд-конкурс «Зімовая казка».

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама расказалі, што такі конкурс — добрая традыцыя нашага рэгіёна, закліканая ствараць святочны настрой у жыхароў і гасцей раёна. Прыемна, што ў конкурсе ўдзельнічаюць не толькі працоўныя калектывы, але творчую ініцыятыву праяўляюць і жыхары населеных пунктаў. На гэты раз у аргкамітэт паступіла 19 заявак у дзвюх намінацыях: «Казачны персанаж» і «Лепшае афармленне аб’ектаў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і прыватных домаўладанняў да Новага года».

Лепшыя казачныя персанажы, на думку членаў журы, атрымаліся ў Мірскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, КУСП «Чарняхоўскі-Агра» і КСУП «Малюшычы».

— Пры падрыхтоўцы да конкурсу мы ўзгадалі старыя добрыя казкі і вырашылі, што змайструем Мышынага караля з казкі «Шчаўкунок і Мышыны кароль» Эрнста Гофмана, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Канстанцін Петрыман. — У ход пайшлі дрэва, пластык, тканіна, карону зрабілі з вісюлек ад старой люстры. Пяцёра майстроў працавалі тыдзень і, па-мойму, атрымалася арыгінальна.

Калектыў КУСП «Чарняхоўскі-Агра» вырабіў з пенапласту сімвал новага года — блакітнае Тыграня, якое сядзіць у зіхоткай клетцы. Дарэчы, у клетку да тыгра можа зайсці любы ахвочы і зрабіць навагодняе фота.

У КСУП «Малюшычы» да вырабу казачнага персанажа падышлі з не меншай фантазіяй, пры гэтым вырашылі выкарыстаць другасную сыравіну. Так, зношаныя аўтамабільныя покрыўкі і пару кіло льнянога валакна ператварыліся ў паўтараметровага тыгра, які трымае ў лапах зямны шар, унутры яго — навагодняя зіхоткая ялінка.

Пераможцамі ў намінацыі на лепшае афармленне будынка да Новага года сталі РУП ЖКГ, ДРБУ-158 і УКП БАН.

Камунальнікі ўпрыгожылі свой адміністрацыйны будынак каляровымі ліхтарамі, гірляндамі і гадзіннікам, які свеціцца, дарожнікі ператварылі свой у бліскучы замак. Работнікі бытавога абслугоўвання стварылі арыгінальную фотазону, разынкай якой стаў снегавік з 500 пластыкавых стаканчыкаў.

Усіх пераможцаў конкурсу павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка, уручыла Дыпломы і грашовыя прэміі.