Главная / Новости / Новости района
22.07.2021

Вандруем разам з «Полымя» і завітваем у пасёлак Першамайскі, сапраўдны музей пад адкрытым небам

 Пасёлак Першамайскі, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Карэліч, пабудаваны ў пасляваенныя гады і налічвае 70 з невялікім гадоў. А вось сядзіба Вобрына, якая прымыкае да пасёлка, з’явілася ў XVI стагоддзі і мае багатую гісторыю. На жаль, сядзібны дом да нашых дзён не захаваўся. Але аб пышнасці сядзібы сведчаць захаваныя гаспадарчыя пабудовы і архіўныя фотаздымкі.

Першым вядомым уладальнікам Вобрыны ў XVI стагоддзі быў Яцэк Ратомскі. Затым сядзіба перайшла ў рукі графа Хадкевіча, пазней яе набыў Карл Дунін-Раецкі. Па спадчыне маёнтак перайшоў Юзафу Кашчыцу, маршалку шляхты Навагрудскага павета, які таксама быў афіцэрам напалеонаўскага войска. У 1831 годзе Юзаф узначаліў паўстанцкія атрады ў Навагрудскім і Слонімскім паветах. У гады вымушанай эміграцыі зблізіўся ў Францыі з Адамам Чартарыйскім, сябраваў з Адамам Міцкевічам. Ад Юзафа маёнтак перайшоў сыну Канстанціну, жанатаму на Юліі Несялоўскай. З-за ўдзелу Канстанціна ў паўстанні на маёнтак у 1864 г. была накладзена забарона на карыстанне. Пасля разбіральніцтва маёнтак застаўся за Канстанцінам. Па спадчыне ў 1881 годзе маёнтак перайшоў сынам Юзафу і Аляксандру. Апошнім уладальнікам быў Фелікс Кашчыц, якога ў 1943 годзе расстралялі немцы за сувязь з партызанамі.

Вобрына. Сям’я Кашчыцаў. Фота да 1939 г.

75-гадовы мясцовы жыхар Аляксандр Аляксандравіч Мазур бярэцца правесці мяне па мясцовых славутасцях.

Сядзібны дом, які быў разбураны ў гады Другой сусветнай, быў двухпавярховым з мансардным трэцім паверхам і высокім дахам. Да Першай сусветнай дом належаў да ліку найбольш багатых мастацкімі і навуковымі каштоўнасцямі: бібліятэка, архіў, вялікі збор фарфору, галерэя карцін, сямейныя рэліквіі, вытанчаная мэбля, вялікія люстэркі, фарфоравыя насценныя свяцільнікі ў стылі ракако. На жаль, ад дома захавалася толькі паўразбураная сцяна падвальнага паверха, складзеная з цэглы і валуноў.

— Часткай гэтай цэглы і валуноў, якімі быў засыпаны роў, работнікі мясцовага калгаса выбрукавалі дарогу, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч. — Я тады працаваў на пагрузчыку. Сам гэтыя камяні і вазіў. Многія мясцовыя шукалі ў гэтых падвалах каштоўнасці і віно, аднак так нічога і не знайшлі.

Тунэль. Фота 2021 г.

Аляксандр Аляксандравіч паказвае на добра захаваны тунэль, пракладзены пад алеяй. Ён звязваў сядзібны дом са свіранам. Мы праходзім па змрочным тунэлі, як калісьці гэта рабілі дваровыя людзі, а, магчыма, і самі гаспадары. На падмурку свірана, на вялікім камені, добра чытаецца надпіс: 1839 — год будаўніцтва гаспадарчай пабудовы. Пры Кашчыцах тут захоўвалі авёс, жыта, ячмень і пшаніцу. Пасля вайны мясцовыя жыхары засыпалі сюды бульбу. Аляксандр Аляксандравіч расказваае, што некалькі гадоў таму нейкі бізнесовец планаваў уладкаваць тут гасцініцу і бар, аднак неўзабаве задуму пакінуў. А шкада, турыстам даспадобы прыйшліся б і багатая гісторыя, і мясцовыя краявіды. А ўжо для аматараў прыроды — гэта і зусім рай. У старым парку выдатна захаваліся старыя конскія каштаны, вялізныя белыя таполі, абхапіць якія пад сілу хіба што 6 чалавекам. Як сведчаць дакументы, у парку раслі сасна Веймутава, сасна сібірская кедравая, лістоўніца еўрапейская, ліпа амерыканская, ліпа буйналістая, рэдкі для нашых месцаў ясень пенсільванскі. Мелася шмат дэкаратыўных кустоў, з якіх захаваліся толькі бузіна чорная і чырвоная, бэз, рабіна, біручына, спірэя дуброўкалістая. Тут і сёння выдатна сябе адчуваюць вінаградныя слімакі, якія з’яўляюцца паказчыкам экалагічна чыстай мясцовасці. У парку размешчаны вадаём, вадой з якога палівалі газоны перад домам, а таксама выкарыстоўвалі ў сыраварні. Кажуць, на гаспадарчым двары мелася 150 дойных кароў, з малака якога рабілі адмысловыя сыры.

На вялікім гаспадарчым двары меліся стайня, кароўнік, адрыны, кузня, збудаванне для малатарні. Добра захавалася стайня з зубчастымі франтонамі. Як сведчаць дакументы, тут жа быў гадавальнік драўняных раслін. За стайняй размяшчаўся вялікі фруктовы сад, яблыкі з якога куплялі для продажу мясцовыя яўрэі.

Аляксандр Аляксандравіч расказвае, што ў 300 метрах ад маёнтка Кашчыцы пабудавалі капліцу-пахавальню. Каб дабрацца да месца, нам даводзіцца прабівацца праз густы зараснік.

Капліца. Фота 2021 г.

— Капліцу разбурылі, як і панскі дом, — гаворыць мой праважаты. — Захавалася толькі ўсыпальніца, дзе спачываюць уладальнікі сядзібы. Тут у 1844 годзе пахаваны заснавальнік сядзібы Канстанцін Дунін-Раецкі, у 1874 годзе — дачка Соф’я, праз шлюб з якой маёнтак перайшоў да Кашчыцаў. Памятную пліту ўладкавалі нявестка Юлія Несялоўская і яе дзеці: Соф’я, Юзаф, Аляксандр і Ванда Кашчыцы. У 1923 годзе тут пахаваны 21-гадовы Станіслаў Кашчыц.

Аляксандр Аляксандравіч успамінае, што пасля вайны тут пасвілі сваіх кароў сіроты з дзіцячага дома, які размясціўся ў Чыжыноўцах. Яны разбурылі магілы, дасталі прах. Мясцовыя жыхары перапахавалі астанкі, усталяваўшы на вокнах моцныя краты ад ліхіх людзей.

Аб былой велічы капліцы сведчыць цудам захаваная падлога, упрыгожаная мазаікай, шырокая каменная лесвіца і некалькі надмагілляў. Можна толькі ўявіць, як уладальнікі маёнтка, укленчыўшы перад труной блізкага чалавека, смуткавалі і маліліся аб царстве нябесным.

Шматвекавыя белыя таполі не абхапіць

Сёння пасёлак Першамайскі — сапраўдная скарбніца для аматараў гісторыі і архітэктуры, дзе на кожным кроку можна адкрываць новыя невядомыя старонкі.