Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.03.2023

89-гадовая жыхарка вёскі Падгор'е Зінаіда Уласевіч дзеліцца сакрэтамі даўгалецця

  Сустрэча з вяскоўцамі заўсёды ў радасць. У іх шмат дабрыні і мудрасці, і яны ахвотна дзеляцца гэтым скарбам. Нягледзячы на сталыя гады, многія прадаўжаюць бачыць сэнс жыцця ў працы. Дом у вёсцы Пагор’е Красненскага сельсавета пад нумарам 14 знаходзім адразу. Сустракаем рухавую не па гадах жанчыну. — Я ўсё жыццё працавала, — пачынае аповед Зінаіда Іванаўна. — Цяпер таксама не магу без працы, у асабістай гаспадарцы — карова, куры, трусы, індыкі. Дочкі цікавяцца: «Мама, дакуль будзеце трымаць карову?» У адказ кажу: «Пакуль буду хадзіць». Жанчына нагадвае пра тое, што па спецыяльнасці яна заатэхнік (мае вышэйшую адукацыю) і ветфельчар (сярэднюю спецыяльную). Зінаіда нарадзілася на хутары каля вёскі Загор’е. Там прайшло  дзяцінства. Закончыла чатыры класы Загорскай школы. Затым вучылася ў Карэліцкай сярэдняй школе. Пасля смерці бацькі пераехалі ў вёску Пагор’е. Школу скончыла ў Шчорсах. Пасля вучобы ў Ваўкавыскім ветэрынарным тэхнікуме прыехала на працу ў мясцовы калгас. Завочна закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. — Увесь час працавала ў калгасах «Новае жыццё» і «Маяк», — апавядае далей суразмоўца і нагадвае свае прафесійныя прыступкі: ветэрынарны работнік, заатэхнік-селекцыянер, загадчык фермы, лабарант, на пенсіі — вартаўнік фермы. Яна мае каля сарака гадоў працоўнага стажу. У 1962 годзе Зінаіда  выйшла замуж за Міхаіла Уласевіча. Юнак  праходзіў практыку ў мясцовай гаспадарцы. Калі пажаніліся, працаваў аграномам. Міхаіл Адамавіч пэўны час узначальваў калгас «Новае жыццё». Добры па характары і вельмі клапатлівы, кіраўнік праяўляў увагу да вяскоўцаў і  падтрымліваў іх у складанай сітуацыі. Зінаіда Іванаўна на пенсіі прадаўжала займацца асабістай гаспадаркай: трымала дзвюх кароў і шмат свіней. «Старалася  дзеля дзяцей, каб вывесці іх у людзі. Старанні не аказаліся дарэмнымі: дочкі знайшлі свае дарогі ў жыцці. Жанна працуе ўрачом, у Марыны справа эканамічнага накірунку. Сэрца радуюць чацвёра ўнукаў і праўнучка Сафія», — гаворыць шчаслівая жанчына. На гэтым клопаты руплівіцы не заканчваюцца: яна прадаўжае даглядаць 90-гадовую суседку Таццяну Мікалаеўну Бумай. «Удваіх весялей ды дочкі падтрымліваюць», — тлумачыць на гэта Зінаіда Іванаўна. Падчас нашага візіту гаспадыня варыла бульбу. «Гэта для ўнукаў, якія завіталі ў госці. Крысціна працуе праграмістам, а Антон — урачом. Любяць аладкі, але іх  спяку пазней,» — жанчына ўвесь час у прыемных клопатах. — У чым сакрэт даўгалецця? — цікаўлюся ў 89-гадовай жанчыны. — Працавала ўсё жыццё, — у чарговы раз паўтарае субяседніца і дадае: шмат ездзіла на веласіпедзе, жывёла пасвілася на пашы, і трэба было  ўсюды паспець. Галоўнае правіла жыцця: неабходна пастаянна рухацца і жыць змястоўным жыццём. Зінаіда Іванаўна наведвае царкву і чытае часопісы. З надзеяй чакае вясну, каб ізноў пачаць працаваць на прысядзібным участку. —  Самае галоўнае, каб быў мір на планеце, а астатняе ўсё залежыць ад нас саміх. Трэба жыць і працаваць, — сказала напрыканцы сустрэчы доўгажыхарка.