02.07.2024
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь кіраўніцтва Карэліцкага раёна віншуе ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
1 ліпеня старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, прадстаўнікі органаў мясцовай улады наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Вольгу Іосіфаўну Хіневіч і дачку загінулага партызана Таццяну Аляксандраўну Валуевіч, каб павіншаваць з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
– Хутка мы адзначым галоўнае свята нашай краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Свой бясцэнны ўклад у незалежнасць нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўнеслі менавіта вы, паважаныя ветэраны. У той цяжкі для нашай краіны час вы, не шкадуючы сябе, змагаліся з ворагам, згуртаваўшыся, ішлі да перамогі, бо дабрабыт і бяспека Радзімы для вас стаялі на першым месцы. Вы падарылі нам самае дарагое – жыццё і свабоду, – адзначыў у віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей. – Мы ганарымся вашымі ратнымі і працоўнымі подзвігамі. Дзякуючы вам апаленая Беларусь адбудавалася з руін, і сёння мы жывём у свабоднай краіне, не ведаем жахаў вайны, ствараем будучыню. Мы ад усяго сэрца ўдзячныя вам за гераізм, сілу духу, невычэрпную веру ў перамогу і мір на роднай зямлі! Аляксей Гаўрош у сваёй прамове адзначыў, што ў Дзень Незалежнасці мы заўсёды схіляемся перад патрыётамі, якія аддалі сваё жыццё за свабоду Айчыны. Суверэнная, незалежная, мірная, квітнеючая – такая наша Беларусь. І такой яна стала дзякуючы самаадданай працы многіх пакаленняў.
Падчас урачыстасці старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей нагадаў, што з 1 ліпеня ўсе дамы-інтэрнаты перайменаваныя ў сацыяльныя пансіянаты, і ўручыў дырэктару Вользе Богук пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ДУ “Жухавіцкі сацыяльны пансіянат “Івушка”.
Кіраўнік пансіяната выказала словы ўдзячнасці за падтрымку кіраўніцтву раёна і ўсім сацыяльным партнёрам сацыяльнай установы: – Сённяшні памятны дзень назаўжды ўвойдзе ў гісторыю нашай установы. Змянілася назва, але нязменнай назаўжды застанецца наша галоўная задача: якасная дапамога і клопат пра людзей, якія ў ёй маюць патрэбу. Калектыў установы зробіць усё магчымае, каб кожны, хто пражывае ў нашым пансіянаце, адчуваў сябе тут як дома.
Сапраўднае свята з цудоўнымі мелодыямі для пражываючых пансіяната і для гасцей падрыхтавалі работнікі Жухавіцкага Дома культуры.
У гэты ж дзень паштоўкі з асабістымі подпісамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка, юбілейныя гадзіннікі і харчовыя наборы, шчырыя словы віншавання ад кіраўніцтва раёна атрымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй і Надзея Пятроўна Кужалевіч.