28.04.2023
Напярэдадні Дня працы старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Лідзія Шэўка падводзіць вынікі працы за мінулы год
Першае Мая — дзень з багатай гісторыяй, які традыцыйна аб’ядноўвае працоўных усёй планеты. Свята асацыіруецца з вясновым аднаўленнем, квітнеючымі садамі і сонечным святлом. Напярэдадні Дня працы старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Лідзія Шэўка падводзіць вынікі працы за мінулы год.
— Лідзія Мікалаеўна, колькі членаў налічвае ў сваіх шэрагах Карэліцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў?
— Прафсаюз налічвае 6856 прадстаўнікоў розных пакаленняў, ад моладзі да людзей пенсійнага ўзросту, уключае 82 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 11 галіновых прафсаюзаў і 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі, 11 цэхавых арганізацый, прафсаюзных груп тых пярвічак, якія зарэгістраваныя за межамі нашага раёна, але маюць тут свае структурныя падраздзяленні. Ахоп прафсаюзным членствам складае 98,8%.
— З якімі вынікамі падышлі да Першамаю арганізацыі аб’яднання раёна?
— Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь вызначана, што кожны работнік мае права на абарону сваіх сацыяльна-эканамічных інтарэсаў, у тым ліку і права на аб’яднанне ў прафсаюзы. Для максімальнай рэалізацыі гэтых правоў Федэрацыяй прафсаюзаў вядзецца актыўная праца па стварэнні новых пярвічных прафсаюзных арганізацый. За 2022 год у раёне створана дзве пярвічкі, а за апошнія пяць гадоў — 22.
— Адной з асноўных задач пярвічных арганізацый з’яўляецца кантроль за бяспекай умоў працы. Як у нашым раёне ажыццяўляецца грамадскі кантроль заканадаўства аб працы і ахове працы?
— На прадпрыемствах Карэліцкага раёна ажыццяўляюць грамадскі кантроль 176 грамадскіх інспектараў, што дапамагае выявіць і прадухіліць рознага роду парушэнні. Так, праз правядзенне маніторынгаў, аказанне практычнай дапамогі за 2022 год па выніках работы накіравана 15 рэкамендацый на ліквідацыю 87 парушэнняў патрабаванняў аховы працы. Пры правядзенні маніторынгаў асаблівая ўвага надавалася стварэнню ў арганізацыях належных санітарна-бытавых умоў, у тым ліку ўмоў для харчавання работнікаў, а таксама забеспячэнню працуючых спецыяльнай вопраткай і абуткам, іншымі сродкамі індывідуальнай абароны. Асаблівая ўвага была ўдзелена маніторынгу выканання тэмпературнага рэжыму ў перыяд нізкіх і высокіх тэмператур, маніторынгу выканання заканадаўства аб ахове працы і бяспечнай арганізацыі адпачынку дзяцей у аздараўленчых лагерах Карэліцкага раёна, а таксама выканання заканадаўства аб ахове працы ў перыяд вясенніх палявых і ўборачных работ у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. У раёне актыўна працуе мабільная група па ахове працы, у рабоце якой прымаюць удзел старшыні раённага аб’яднання і райкама АПК.
— Што б Вы хацелі пажадаць членам прафсаюзаў раёна з нагоды свята?
— Гэты дзень аб’ядноўвае ўсіх нас незалежна ад узросту, прафесіі і пасады. Дзякуючы працы чалавек жыве і развіваецца. Шчыра дзякую ўсім за працу на карысць роднага краю і сям’і, за штодзённыя поспехі, майстэрства і прафесіяналізм. Хай для кожнага з вас праца будзе ў радасць! Хай кожны працоўны дзень прыносіць зарад бадзёрасці і аптымізму. Міру ўсім і дабра, дабрабыту ў сем’ях. З Першамаем!