22.05.2023
Навучэнец Мірскага дзяржаўнага каледжа Марк Дзмітровіч заваяваў сярэбраны медаль рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus
З 13 па 16 мая ў Мінску праходзіў V Рэспубліканскі конкурс прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023. Па выніках конкурсу навучэнец трэцяга курса ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж” Марк Дзмітровіч (кампетэнцыя “Вытворчасць мэблі”) стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені.
Арганізатарамі конкурсу прафмайстэрства ProfSkills Belarus-2023 з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Беларусі і УА “Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі“, партнёрамі – многія айчынныя і замежныя вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання, матэрыялаў, інструмента. Яго ўдзельнікі – прадстаўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама студэнты ВНУ і маладыя рабочыя з усіх рэгіёнаў краіны. Таксама ў спаборніцтвах прымалі ўдзел канкурсанты з Расійскай Федэрацыі і Казахстана. Ацэньвалі прафесійныя навыкі канкурсантаў каля 350 экспертаў. Больш за 300 чалавек дэманстравалі сваё майстэрства па 49 кампетэнцыях у галіне будаўнічых, вытворчых, інжынерных, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, транспарту і лагістыкі, сацыяльных і персанальных паслуг, творчых прафесій і модзе.
У складзе каманды Гродзенскай вобласці ў конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж” Марк Дзмітровіч (кампетэнцыя “Вытворчасць мэблі”), Мікіта Сіцько (кампетэнцыя “Сухое будаўніцтва”) і Ілья Сцепанчук (кампетэнцыя “Сталярныя работы”). У якасці экспертаў працавалі майстры вытворчага навучання: Яўген Чэрнік, Аляксей Якубоўскі і Аляксандр Белановіч.
Па выніках конкурсу Марк Дзмітровіч стаў уладальнікам сярэбранага медаля ў кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі”.
Кожны ўдзельнік павінен быў вырабіць тумбачку па вызначаным чарцяжы. На асноўную працу адведзена 12 гадзін, за якія канкурсанты павінны былі зрабіць усе патрэбныя дэталі і сабраць выраб без хібаў. Журы ацэньвала работы па мноствах пунктаў, ад якасці шліфоўкі да памераў шчылін на стыках.
– Атрымаць другое месца ў конкурсе рэспубліканскага ўзроўню для мяне вельмі прыемна і нечакана, бо былі моцныя і годныя супернікі – рабяты з вельмі высокім узроўнем ведаў і здольнасцяў, а гэта ўсяляла яшчэ большую сілу і адказнасць. Дзякую ўсім арганізатарам і экспертам за новыя і карысныя веды, неверагодныя ўражанні! Хацелася б адзначыць, што гэта найкаштоўнейшы вопыт і, адназначна, вялікі прафесійны скачок. Выдатная і, мабыць, лепшая магчымасць раскрыць свой патэнцыял, развіць асабістыя і прафесійныя якасці, неабходныя ў будучай спецыяльнасці, – лічыць пераможца.
Юнак родам з Карэліч. Пасля заканчэння школы, ні хвіліны не сумняваючыся ў выбары будучай прафесіі, пайшоў вучыцца ў Мірскі дзяржаўны каледж. У чэрвені ён ужо атрымае дыплом па спецыяльнасці “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, мастацка-афарміцельскія работы, дызайн інтэр’еру і сталярныя работы». Цікавасць да працы з дрэвам Марку прывіў яшчэ ў дзяцінстве бацька Аляксей Валер’евіч, які з’яўляецца кіраўніком гуртка “Не проста сталяр» у райцэнтры. Акрамя цікавасці да працы па спецыяльнасці, у хлопца шмат іншых захапленняў: ён добра іграе на гітары і спявае. Вялікая працаздольнасць, спалучэнне стараннасці і адказнасці заўсёды маюць свой плён. У далейшым ён марыць удасканальвацца ў сталярнай справе.
Майстар вытворчага навучання Мірскага дзяржаўнага каледжа Яўген Чэрнік адзначае:
– З Маркам мы на працягу паўгода сур’ёзна рыхтаваліся да ўдзелу, і поспех нас не абышоў. Мы шчаслівыя, бо гэта наша агульная перамога. Конкурс прафмайстэрства ProfSkills Belarus заўсёды складаны, пастаянна ўносяцца нейкія новыя крытэрыі і алгарытмы. Удзельнікам у плане падрыхтоўкі да спаборніцтваў даводзіцца вывучаць спецыфіку працы з абсталяваннем і ўкараняць нейкія новыя тэхналогіі.
Яўгену Аляксандравічу гэта вельмі знаёма, бо ён сам не раз удзельнічаў у конкурсе прафмайстэрства рэспубліканскага ўзроўню і быў уладальнікам залатога медаля. Будучы маладым спецыялістам, марыў узяць пад кіраўніцтва студэнта і падрыхтаваць новага чэмпіёна, падзяліцца сваім вопытам. І яму гэта ўдалося. Па словах майстра, кантактаваць са сваім навучэнцам як эксперт падчас конкурсу ён не мог: гэта пагражала дыскваліфікацыяй. Марк самастойна карыстаўся той базай, якую атрымаў падчас падрыхтоўкі.
Удзельнікі конкурсу, якія занялі прызавыя месцы, узнагароджаны медалямі, дыпломамі, грашовымі прызамі. Акрамя гэтага, пераможцы і прызёры конкурсных кампетэнцый атрымаюць ільготы пры паступленні ў профільныя ВНУ і каледжы.
Жыццё заўсёды ставіць перад чалавекам пастаянныя выклікі, і толькі прафесіяналы з вялікай літары здольныя правільна рэагаваць на іх. Прафесіянал заўсёды зможа забяспечыць сабе годнае жыццё і годную працу. Яны шчаслівыя людзі, якія робяць тое, што ім падабаецца, і могуць бачыць вынікі сваёй працы.