22.01.2024
"Полымя" аб'ядноўвае людзей. У рэдакцыі газеты ўзнагародзілі пераможцаў фотаконкурсу на лепшую навагоднюю ёлку
Навагоднія святы цвёрда асацыююцца з упрыгожанай ялінкай. У некаторых сем’ях ёсць цэлыя традыцыі і нават абрады, звязаныя з упрыгожваннем лясной прыгажуні. Перад новым 2024 годам рэдакцыя газеты “Полымя”, РА РГА «Белая Русь» і РК ГА «БРСМ» аб’явіла конкурс на лепшую навагоднюю ялінку. На электронны адрас рэдакцыі прыслалі 21 фотаздымак. У кожнага аўтара атрымалася перадаць атмасферу свята і казкі. За спадабаўшуюся ялінку прагаласавала больш за тысячу наведвальнікаў сайта. У выніку трэцяе месца заняла лясная прыгажуня Вольгі Каласоўскай, другая пазіцыя ў ялінкі Марыны Гузень, а больш усяго галасоў аддалі навагодняму дрэву з дзіцячага садка г.п. Мір.
Віншавала пераможцаў галоўны рэдактар газеты “Полымя” старшыня РА РГА “Белая Русь” Іна Лейка:
— Вялікі вам дзякуй, паважаныя ўдзельнікі конкурса, за вашу актыўнасць, за тое, што вы адгукнуліся, вырашылі паўдзельнічаць. А дзякуючы таму, што вы падключылі да галасавання сваіх сяброў і родных, атрымалася сапраўднае спаборніцтва, дзе да канца не было зразумела, хто ж у выніку пераможа.
Вольга Каласоўская расказвае, што традыцыя ўпрыгожваць ялінку існуе ў яе сям’і з дзяцінства:
— Раней мае бацькі прыносілі елку з лесу, а цяпер мы ўпрыгожваем штучную. У мяне даўно была мара зрабіць асаблівую ялінку, бо Новы год — адметнае свята, калі чакаеш цудаў, гэта не толькі падарункі пад навагоднім дрэвам, але і тое, што на ім. У нас у сям’і ёсць традыцыя ўпрыгожваць ялінку цацкамі, якія хтосьці падарыў, шмат засталося навагодніх упрыгожванняў з савецкіх часоў. З часам прыйшла ідэя ўпрыгожыць елачку цацкамі, зробленымі сваімі рукамі, таму на яловых галінках з’явіліся вязаныя кручком шары, анёлы, зоркі.
Пра конкурс Вольга даведалася з сацыяльных сетак:
— Мы сочым за конкурсамі, якія праводзіць раёнка, а ў гэтым годзе вырашылі самі паўдзельнічаць. Да галасавання падключылі родных і сяброў, калег па працы. Дзякуй за конкус. Дзякуючы астатнім удзельнікам з’явіўся азарт, які ўзрастаў у геаметрычнай прагрэсіі, што надало бадзёрасці і актыўнасці.
Падзякавала за конкурс і Марына Гузень:
— Вельмі добра, што ў конкурсе было шмат удзельнікаў. Гэта дазволіла паглядзець, як упрыгожваюць ялінкі іншыя, пазычыць у іх нейкія ідэі.
Жанчына расказвае, што ўдзел у галасаванні прынялі яе калегі па працы, калегі мужа, аднакласнікі дачкі, сябры і знаёмыя:
— Я падзялілася спасылкай на галасаванне ў гісторыях у сацыяльных сетках. Вельмі прыемна, што многія адгукнуліся на просьбу прагаласаваць, пакідалі свае водгукі. Асабліва прыемна, што пісалі нават людзі, з якімі даўно не мелі зносін, але з якімі вучыліся ў школе. Упэўнілася, што ў нас вельмі многа добрых, спагадлівых людзей.
Загадчык дзіцячага садка г.п. Мір Наталля Купрыенка кажа, што на працягу многіх гадоў займае прынцыповую пазіцыю — ялінка ў садку павінна быць быць жывой. У гэтым годзе ў садку таксама вырашылі ўпрыгожыць лясную прыгажуню вырабамі, зробленымі сваімі рукамі. Да працы падключыліся работнікі садка і бацькі, кожны, хто мог праявіць сябе. Акрамя ялінкі, упрыгожылі таксама і залу, у якой яна стаяла:
— На тварах дзяцей і бацькоў з’яўляецца захапленне, калі яны ўваходзяць у залу. Таму на конкурсным фотаздымку мы пастараліся перадаць прыгажосць не толькі нашай ялінкі, але і ўсёй кампазіцыі.
Наталля кажа, што ў садку пастаянна сочаць за навінамі, якія публікуюцца ў раёнцы, таму, калі ўбачылі на сайце газеты аб’яву аб правядзенні конкурсу, адразу вырашылі прыняць у ім удзел. Аб галасаванні расказалі бацькам выхаванцаў, родным і сябрам:
— Я ўсім казала, што на сайце газеты праходзіць галасаванне, і калі ім спадабаецца наша ялінка, яны могуць аддаць свой голас за яе. Мне патэлефанавала калега, якая сказала, што яна прагаласавала за нашу елачку і дадала: “Нам патрэбна перамога!”. Тады я зразумела, што мы ўжо перамаглі, нават, калі па колькасці галасоў мы і не зоймем першага месца, але перамаглі, бо вакол нас многа спагадлівых людзей, якія адносяцца да нас з цеплынёй.