Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.07.2023

Шматдзетная сям'я Харошка шчасліва жыве ў добраўпарадкаваным катэджы, які выдзелены СВК "Маяк-Заполле"

  Сям’я, у якой  заўсёды пануюць лад, паразуменне і падтрымка, зусім не з’яўляецца выдумкай пісьменнікаў і кінарэжысёраў, якія распавядаюць нам пра гэта ў кнігах і з тэлеэкранаў. У нашай краіне сям’я  – нацыянальнае багацце, якое дзяржава імкнецца ўсяляк прымножыць. Гнуткая сістэма дапамог, субсідыі на жыллё, працоўныя гарантыі – усё гэта нядрэнны падмурак для моцнай і вялікай сям’і. Гадаваць адно дзіця – вялікая радасць. Калі ў сям’і адразу шмат дзяцей – гэта ўжо вялікі дар і, разам з тым, вялізная праца. Бацькі ў адказе за кожнага з іх – яны выхоўваюць маленькіх грамадзян роднай Беларусі, будучыню сваёй краіны. На шматдзетных глядзяць па-рознаму: адны — з захапленнем, іншыя — з кропляй зайздрасці, трэція — з прадузятасцю, але   такія сем’і нікога не пакідаюць абыякавым. Завіталі  ў  шматдзетную сям’ю Андрэя і Вольгі Харошка, якія жывуць  у вёсцы Паланая Красненскага сельскага Савета і выхоўваюць  у атмасферы любові, узаемаразумення і падтрымкі  чацвярых дзяцей. Маладыя гаспадары родам з Карэліч. Сустрэўшыся аднойчы,  яны  вырашылі стварыць сям’ю, цяпер сужэнцы жывуць і шчыруюць  у СВК “Маяк-Заполле”.  Вольга Сяргееўна  –  галоўны эканаміст, а Андрэй Віктаравіч – інжынер сельгаспрадпрыемства.  У іх сям’і растуць і выхоўваюцца  дванаццацігадовы Арцём,  дзесяцігадовы Максім,  шасцігадовая Ксенія і чатырохгадовая Настачка. Сям’я з 2017 года жыве ў прыгожым трохпакаёвым асабняку, які належыць гаспадарцы. А ўвогуле, на думку мужа і жонкі, фінансавая падтрымка шматдзетным у нашай краіне аказваецца  каласальная.  Харошкі не стамляюцца дзякаваць   уладам за дапамогу. –  У раёне ні адна шматдзетная сям’я  не абдзелена ўвагай. Кожны год  у канцы жніўня    аказваецца матэрыяльная дапамога  да новага навучальнага года, дзеці ва ўстановах адукацыі харчуюцца бясплатна, маюць ільготы пры карыстанні падручнікамі, ды і на рабоце як шматдзетная маці маю права на дадатковы аплачваемы выхадны дзень,  – зазначае Вольга Сяргееўна. –  Са з’яўленнем дзяцей мужчына і жанчына перастаюць жыць для сябе.  Муж – гэта любоў, падтрымка, паразуменне. Малыя ж дораць радасць мацярынства, пра якую марыць кожная і якая робіць жанчыну па-сапраўднаму шчаслівай. Шмат дзяцей – гэта  шчасце, памножанае ў разы. Нягледзячы на тое,  што з нараджэннем новага члена сям’і дадаецца клопатаў,  штодзённыя мыццё, уборка, гатаванне, хатняя работа не будуць у цяжар, калі рабіць усё з любоўю. Вольга лічыць: цеплыня і пяшчота, якую ўкладаеш у дзяцей, вяртаюцца ў разы.  Арцём – першы памочнік па гаспадарцы, Максім – аматар спорту,  Ксенія – калекцыянер аўтаручак, а маленькая Настачка  любіць расказваць вершы і танцаваць. – Каб дзеці развіваліся, трэба самому рухацца наперад, – працягвае шматдзетная мама. – Быць лакаматывам, за якім рухаецца ўвесь цягнік, і чым больш у гэтага складу “вагончыкаў”, тым хутчэй дасягаецца вызначаная мэта. Час ад часу сям’я выязджае на прагулкі ў парк.  Хай такое  адбываюцца нячаста, але заўсёды атрымліваецца весела, радасна, з гульнямі,  новымі ўражаннямі і агульнымі ўспамінамі. У  сям’і  ёсць  і свае  традыцыі,  і любімыя  святы  –  дні нараджэння, Новы год, Вялікдзень. На святочным стале галоўнай стравай становіцца запечаная качка.  За агульнай трапезай пачуццё згуртаванасці, яднання і гармоніі яшчэ больш узмацняецца. Вольга і Андрэй упэўнены, што калі дзеці  стануць дарослымі  і воляю лёсу раз’едуцца, яны заўсёды будуць памятаць і любіць сваіх бацькоў, падтрымліваць адзін аднаго і збірацца пад дахам роднай хаты, каб зноў адчуць сябе, як у дзяцінстве, адным цэлым, адной вялікай дружнай сям’ёй,  дзе ўсе адзін аднаго любяць, паважаюць і шануюць. Цікавімся: на чым трымаецца іх сям’я? Андрэй і Вольга тут аднадумныя: галоўнае — любоў і давер. З кожным годам іх адносіны становяцца толькі мацнейшымі. – Я не ўяўляю свайго жыцця без мужа і дзяцей, – кажа Вольга. – Жонка – мая надзейная падтрымка і апора. Яна ўсё паспявае:  за дзецьмі прыгледзець і нічога не выпусціць з-пад увагі, – гаворыць Андрэй. Напрыканцы размовы  сужэнцы адзначылі:  іх самае галоўнае жаданне — каб дзеці былі шчаслівыя. А ў сям’і, дзе пануюць любоў, згода і павага, па-іншаму і быць не можа. І сапраўды, каб быць шчаслівым і дома, і ў жыцці, трэба ўмець дараваць, дамаўляцца, умець знаходзіць кампраміс.  Нездарма адзін мудрэц сказаў, што самыя лепшыя лекі для чалавека — любоў і клопат. Хтосьці ўсумніўся: А калі не дапаможа? — Павялічце дозу! — адказаў мудрэц.