02.06.2023
У аграгарадку Краснае адкрылася дзіцячая гульнявая пляцоўка
Выдатны падарунак да пачатку летніх канікул і Міжнароднага дня абароны дзяцей зрабілі мясцовыя ўлады маленькім жыхарам аграгарадка Краснае. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячай гульнявой пляцоўкі, такой доўгачаканай для мясцовай дзятвы. Новы аб’ект з’явіўся дзякуючы ініцыятыве Красненскага сельвыканкама, фінансавай падтрымцы СВК “Маяк-Заполле” і залатым рукам кіраўніка рэлігійнай абшчыны Евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксея Дзмітровіча і яго памочнікаў, удзельнікаў гуртка “Не толькі цясляр”.
Дзіцячая пляцоўка размясцілася ў цэнтры аграгарадка Краснае. Месца выбрана так, каб жыхарам было зручна, а дзецям бяспечна.
Як адзначыла старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка, на будаўніцтва і набыццё абсталявання дзіцячай пляцоўкі СВК “Маяк-Заполле” было выдзелена 14 тыс. рублёў. Стараліся зрабіць гульнявую пляцоўку для дзяцей розных узростаў. Комплекс з горкамі, скаладромам, металічным шастом для лазання, арэлі, а побач размясцілася і альтанка. У хуткім часе тут з’явяцца пясочніца і некалькі лавачак.
Адкрыццё пляцоўкі стала сапраўдным святам для ўсіх жыхароў аграгарадка. На ўрачыстасць сабраліся не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і іх бацькі, бабулі.
Старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка падзякавала праўленне сельгаспрадпрыемства за матэрыяльную падтрымку ініцыятывы, а за выдатна выкананую работу па будаўніцтве пляцоўкі Аляксею Дзмітровічу і ўручыла яму памятны падарунак.
Тут жа прысутнічалі і ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў і начальнік РАНС Дзяніс Стадольнік.
Аляксандр Шкадаў павіншаваў са святам дзяцінства усіх рабят, падзякаваў кіраўніцтву гаспадаркі за спонсарскую дапамогу, а сельвыканкаму за ініцыятыву і клопат пра людзей. — Пабудавана сучасная дзіцячая пляцоўка для адпачынку і заняткаў спортам, і гэта своеасаблівы ўклад ў доўгатэрміновую перспектыву: калі будзе развівацца інфраструктура аграгарадка, значыць, сюды будуць прыязджаць і работнікі, у якіх будуць нараджацца дзеці. А праца па адкрыцці такіх гульнёвых аб’ектаў у раёне будзе працягвацца.
Права адкрыць пляцоўку было прадастаўлена выканаўцу будаўнічых работ Аляксею Дзмітровічу і юным ініцыятыўным жыхарам аграгарадка Максіму Шэўку і Марыі Белай.
Аляксей Дзмітровіч, звярнуўшыся да дзяцей, сказаў:
— Створаны астравок дзяцінства, гуляйце, атрымлівайце мноства станоўчых эмоцый і абавязкова беражліва стаўцеся да таго, што зрабілі для вашага развіцця. Начальнік РАНС Дзяніс Стадольнік павіншаваў са святам, нагадаў і дзецям, і дарослым правілы бяспечных паводзін падчас летняга адпачынку. На свята заспяшаўся Белы Мішка, які павіншаваў з днём нараджэння Дзмітрыя Старжынскага, якому 1 чэрвеня споўнілася сем гадоў і падарыў хвіліны радасці не толькі імянінніку, але і ўсім прысутным.
– Паглядзіце, колькі тут усяго, што не толькі забаўляе дзіця, але і развівае яго маторыку, служыць яго фізічнаму і разумоваму развіццю, – кажа мясцовая жыхарка Вольга Глод, – даўно хацелі такую пляцоўку і вельмі рады яе з’яўленню. Вялікі дзякуй усім, хто мае дачыненне да стварэння гэтага забаўляльнага аб’екта для нашых дзяцей, цяпер ім будзе, дзе бавіць свой час.
Маладая жанчына ўнесла ад імя карыстальнікаў пляцоўкі ініцыятыву: кожнаму ўнесці пасільную лепту для даабсталявання месца пляцоўкі.