22.06.2024
У Карэлічах на мемарыяльным комплексе «Зорка» правялі мітынг-памяць "Не сцерці гадамі памяць пра вайну", прысвечаны Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
22 чэрвеня. А дванаццатай гадзіне на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў г. п. Карэлічы збіраюцца прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь. Тут праводзіцца мітынг-рэквіем «Не сцерці з гадамі памяць пра вайну», прысвечаны Дню памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.
Слова прадастаўляецца старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэю Гардзею:
— У гэты дзень, 22 чэрвеня 1941 года, 83 гады таму, насуперак мірнаму пакту аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР, пачалося вераломнае ўварванне гітлераўскіх войск на Савецкі Саюз. Беларусы першымі прынялі на сябе разбуральны ўдар нямецкай армады: звыш мільёна чалавек змагаліся на франтах, вялі жорсткую барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Фашысцкія акупанты ставілі сваёй задачай ліквідаваць дзяржаўнасць Беларусі, ператварыць яе ў аграрна-сыр’явы прыдатак Германіі. Па плану «Ост» гітлераўскае кіраўніцтва прадугледжвала на працягу 30 гадоў 75 працэнтаў беларускага насельніцтва па расавых і палітычных прыметах знішчыць ці высяліць на Усход, а астатнія 25 працэнтаў — анямечыць і выкарыстаць у якасці сельскагаспадарчых рабоў. Але нацысты пралічыліся, яны не даацанілі сілу духу нашых людзей, вялікую любоў да Радзімы, адданасць па абароне яе межаў.
Карэліцкі раён, знаходзячыся недалёка ад дзяржаўнай мяжы, адным з першых прыняў бой з рэгулярнымі войскамі фашысцкай Германіі. Ужо на трэці дзень вайны тут разгарнулася арэна жорсткіх баёў адступаючых падраздзяленняў Чырвонай Арміі з наступаючым праціўнікам. Часці Чырвонай Арміі ў шэрагу выпадкаў вымушаны былі змагацца ў акружэнні, несучы вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. Так, у Навагрудскім «катле», які таксама ахопліваў тэрыторыю Карэліцкага і Мірскага раёнаў, аказаліся ў акружэнні больш трох дывізій.
І сёння, пераацэньваючы па-новаму пачатковы перыяд вайны, можна зразумець трагедыю загінулых у акружэнні, не маючых магчымасці сябе абараніць. Да 28 чэрвеня Карэлічы і Мір былі захоплены фашыстамі. Яны ўстанавілі рэжым крывавай дыктатуры, па вёсках праводзіліся аблавы, падвяргаліся расправам савецкія работнікі і актывісты. Толькі ў Карэлічах было забіта 990 яўрэяў. Акупанты не шкадавалі нікога — жанчыны, старыя, дзеці — усе ішлі пад прэс кроважаднай гітлераўскай карнай машыны.
З першых дзён вайны на тэрыторыі раёна з’явіўся антыгітлераўскі падполны рух, утварыліся камсамольска-маладзёжныя групы, пазней — партызанскія атрады і брыгады. Першымі пачалі сваю падпольную дзейнасць камсамольцы вёскі Пагарэлка. Падобныя арганізацыі былі сфарміраваны ў вёсках: Сіняўская Слабада, Лядкі, Беражна. Кожны набліжаў дзень Вялікай Перамогі як мог, не шкадуючы ні сіл, ні жыццяў.
На тэрыторыі Карэліцкага раёна фашысцкія карнікі знішчылі звыш 4000 мірных жыхароў, 1200 чалавек былі вывезены на катаржныя работы, спалена 12 вёсак, каля 2000 не вярнуліся з поля бою.
Нягледзячы на ўсе іспыты і няўзгоды, якія выпалі на долю старэйшага пакалення, яны выстаялі. На абарону краіны падняўся ўвесь народ. І таму 22 чэрвеня па праву можна назваць і днём сілы, і духа, і мужнасці, адзінства шматнацыянальнай Айчыны, упэўненасці ў перамозе за правую справу, гонару за дзядоў, бацькоў, мацярэй, за сваю Радзіму.
Азіраючыся праз гады на подзвіг салдат, як нельга лепш разумееш, што ёсць на зямлі сіла, якую не здольныя знішчыць ні час, ні злосная воля. Гэта любоў да дзяцей, любоў да дома, любоў да Радзімы. Наша сённяшняя цырымонія — акт чалавечай справядлівасці і гонару, а мемарыяльны комплекс «Зорка» — сімвал выхавання ў моладзі пачуцця патрыятычнай адданасці.
Паважаныя ветэраны! Толькі вы, адчуўшыя ўсю горыч страт, з усёй глыбінёй разумееце і прымаеце суровыя ваенныя іспыты, урачыстасць Перамогі. Для нашага пакалення, маладых, мінулая вайна адышла ў мінулае, але яе ўрокі не падуладныя часу. Яны не падляжаць забыццю. Адстойваць справу міру — наш святы абавязак. Таму мы заўсёды павінны памятаць Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, дзень болю і смутку, дзень, які набліжаў Перамогу 45-га.
Слова трымае навуковы супрацоўнік установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Аляксей Караян:
— Вайна, пачатая фашысцкай Германіяй супраць Савецкага Саюза 22 чэрвеня 1941 года, стала цяжкім іспытам для нашага народа, у тым ліку і жыхароў Карэліцкага раёна. Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Германіі, кіруючыся аванцюрысцкай дактрынай «маланкавай вайны», разлічвала магутнымі ўдарамі буйных танкавых і мотарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць асноўныя сілы Чырвонай Арміі, выйсці на лінію Архангельск — Волга і за адзін-два месяцы закончыць вайну.
На тэрыторыі Беларусі, на галоўным накірунку наступлення фашысцкіх войск, знаходзілася буйнейшая нямецкая групіроўка армій «Цэнтр» у саставе 4-й і 9-й палявых армій і 3-й танкавых груп, усяго 50 дэвізій. Яго падтрымліваў 2-гі паветраны флот — больш 1700 баявых самалётаў. У састаў групы армій «Цэнтр» было перададзена больш трэці ўсіх інжынерных і дарожна-будаўнічых войск, каля паловы асобных артылерыйскіх, зенітных, супрацьтанкавых дэвізій і батарэй рэзерва сухапутных войск Германіі.
На нашай зямлі жыхары Брэста, Баранавіч, Гродна, Ваўкавыска, Кобрына і іншых гарадоў Беларусі ўжо паспыталі жах фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў, а на Карэліцкай зямлі ўсё яшчэ ішла мірная ноч…
Жыхары раёна аб пачатку вайны даведаліся 22 чэрвеня ў 12 гадзін дня з выступлення намесніка Старшыні Савета Народных Камісараў, наркому замежных спраў В. М. Молатава, які ад імя Савецкага ўрада выступіў перад народам і паведаміў аб вераломным нападзенні на нашу краіну фашысцкай Германіяй. Зварот заканчваўся аптымістычнымі словамі: «Наша справа правая. Вы пераможаце ворага. Перамога будзе за намі».
Згодна з пастановай ЦК КП(б)Б ад 22 чэрвеня 1941 года «Аб задачах і мерах у сувязі з выступленнем па радыё намесніка Старшыні СНК СССР В. М. Молатава» былі прыняты неадкладныя меры ў Карэліцкім і Мірскім раёнах перавод усяго жыцця на ваенны рэжым. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 чэрвеня 1941 года акружныя ваенныя камісары Карэліцкага і Мірскага акругоў з 23 чэрвеня пачалі мабілізацыю прызыўнікоў. Ва ўсіх сельскіх Саветах, арганізацыях і ўстановах райцэнтраў прайшлі мітынгі і сходы, на якіх працоўныя выказалі ўпэўненасць у хуткім разгроме ворага.
Пачатак ваенных дзеянняў для Чырвонай Арміі аказаўся няўдачным. Ім даводзілася адступаць пад ударамі нямецка-фашысцкіх войск. Адсутнасць паўнацэннага фронту давала ворагам магчымасць наносіць танкавымі і матэрызаванымі часцямі ўдары ўглыбіню, што прыводзіла да таго, што нашы байцы змагаліся ў акружэнні супраць ворагаў. Адно з такіх акружэнняў было названа «Навагрудскі кацёл». У дадзеным катле, які ахопліваў у тым ліку і тэрыторыю сучаснага Карэліцкага раёна, у акружэнне папалі часці 3, 10 і 13 арміі. З іх толькі 155-я, 64-я, 55-я стралковая дэвізія змаглі прарваць кальцо і выйсці да сваіх войск. Многія з тых, хто не змог вырвацца з катла, асядалі ў мясцовых лясах і вёсках.
Напрыклад, такая сітуацыя склалася ў лёсе малодшага сяржанта А. А. Крутава, які спыніўся ў в. Кайшоўка. У далейшым ён стане ўдзельнікам партызанскага руху.
Юныя патрыёты Карэліцкага раёна з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны аказвалі самую разнастайную дапамогу для адступаючых часцей Чырвонай Арміі.
25 чэрвеня Анатолій Цобкала вакол забалочаных мясцін правёў 300 савецкіх салдат. Юнакі з вёскі Пагарэлка Іван і Аляксандр Мацко дапамаглі пераправіць праз раку Нёман 7 соцен салдат. Юныя патрыёты дапамагалі чым маглі: забяспечвалі прадуктамі харчавання, стваралі падпольныя шпіталі, дзе аказвалі медыцынскую дапамогу салдатам, збіралі зброю, боепрыпасы, якія ў далейшым стануць асновай узбраення партызанскіх атрадаў і брыгад.
Так пачалася Вялікая Айчынная вайна для Карэліцкага раёна. Наперадзе тры гады акупацыі, жорсткасць захопнікаў і мясцовых калабарацыяністаў. Аднак жыхары дадзенай тэрыторыі, як і жыхары ўсёй тэрыторыі Беларусі, не зламаюцца. Яны будуць працягваць змагацца ў падпольных ячэйках і партызанскіх атрадах. Праводзіць агітацыю і расклейваць лістоўкі, арганізоўваць рэйдавыя аперацыі, граміць варожыя гарнізоны на акупіраванай зямлі і рыхтаваць глебу да Вялікага вызвалення, якое прыйдзе ў наш раён у ліпені 1944 года ў ходзе аперацыі «Баграцыён».
Памяць загінулых на вайне ўшаноўваецца хвілінай маўчання.
Удзельнікі мітынгу ўскладваюць вянкі і кветкі да падножжа мемарыялу.
Пасля мітынгу адбылася акцыя забрання глебы з Воінскіх могілак у райцэнтры. Таксама глеба будзе забрана з усіх помнікаў загінулым у Другой сусветнай вайне на Карэліччыне. Капсула з глебай будзе асвечана ў ходзе Усебеларускага хрэснага хода, які адбудзецца ў Карэлічах 24 чэрвеня, і перададзена ў музей Вялікай Айчыннай вайны.