Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
10.06.2024

У Карэлічах прайшоў раённы этап рэспубліканскага праекта "Уладар сяла-2024"

  7 чэрвеня з размахам, па-душэўнаму цёпла ў г.п. Карэлічы прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла- 2024”, які закліканы садзейнічаць умацаванню сямейных традыцый, папулярызацыі працы і жыцця на вёсцы. Прыбраныя ў нацыянальныя касцюмы канкурсанты, усмешлівыя групы падтрымкі, музыка — усё гэта падымала настрой і стварала атмасферу свята. Павітаў прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка, які ў сваёй прамове адзначыў важнасць сям’і для кожнага чалавека, зычыў поспехаў у выпрабаваннях кожнаму з удзельнікаў праекта.  Сёлета за ганаровае званне “Уладар сяла” змагаліся тры сям’і: Мікалай і Юлія Карнічэнкі з сынамі Даніілам, Аляксандрам, Мікалаем і дачкой Ірынай з СВК “Свіцязянка-2003”, Аляксей і Паліна Лункіны з дачкой Дзіянай з ДП “Племзавод-Карэлічы”, Мікалай і Таццянай Шэўчыкі з сынамі Міраславам і Макарам з ДП “Чарняхоўскі-Агра”. “Уладарам сяла” трэба было прайсці чатыры конкурсныя этапы, прадэманстраваць свае ўменні і творчыя здольнасці, узаемаразуменне і ўзаемадапамогу, зладжанасць, пачуццё гумару і кемлівасць. Ацэньвала выступленні кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Таццяна Русак, першы сакратар РК грамадскага аб’яднання “БРСМ” Аксіння Ждан, старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Высоцкая, галоўны бухгалтар Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Валчэцкая, дырэктар ДУ “Карэліцкі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр” Караліна Анісенка. Падчас першага конкурснага задання “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі пазнаёмілі прысутных і членаў журы з сям’ёй, традыцыямі, захапленнямі, любімым хобі, відах адпачынку. Яны таксама прадставілі свае творчыя работы, выкананыя ў розных тэхніках і прымеркаваныя да Года якасці. Тым часам на конкурснай пляцоўцы станавілася ўсё цікавей і гарачэй, бо ў наступным конкурсным заданні “Дрывасек” удзельнікі павінны былі як мага хутчэй распілаваць бервяно. Ацэньваліся якасць і хуткасць выканання задання. Як жа працавалі сужэнцы! Адразу відаць, што ўсю працу ў сем’ях робяць разам, усім аказалася заданне пад сілу. У спартыўна-забаўляльнай эстафеце ўдзельнічалі як дарослыя, так і дзеці. Сем’ям трэба было прайсці шлях з перашкодамі. І з гэтым заданнем яны выдатна справіліся. Яны, удосталь павесяліўшыся, паказалі спартыўны спрыт і шпаркасць. Фінальны конкурс – “Звініць каса – жыве вёска”. У ім гаспадары прадэманстравалі ўменне працаваць з косамі, гэтым неад’емным інструментам у гаспадарцы, а гаспадынькі далі майстар-клас па навядзенні парадку на ўчастку. Пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, прысутныя атрымлівалі асалоду ад канцэртных нумароў, падрыхтаваных работнікамі культуры. І кульмінацыйны момант – цырымонія ўзнагароджання. Яе правяла Аксіння Ждан. Па выніках усіх конкурсных заданняў Дыпломам першай ступені ўзнагароджана сям’я Шэўчык. Дыплом другой ступені атрымала сям’я Карнічэнка, Дыплом трэцяй ступені — сям’я Лункіных. Галоўны бухгалтар Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Валчэцкая ўручыла памятныя падарункі ад раённага прафсаюза АПК. Сям’я Шэўчык прадставіць Карэліцкі раён на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2024”. Пажадаем ім ўдачы! Слова – удзельнікам – Сям’я – гэта муж, жонка і дзеці, таму мы і павінны быць заўсёды і ва ўсім разам, – дзеляцца Мікалай і Таццяна Шэўчык. – Мы ўвесь час дапамагаем адзін аднаму. Бо што галоўнае ў адносінах? Павага, любоў, давер і падтрымка. Дзяцей таксама выхоўваем сваім прыкладам. Заўсёды прытрымліваемся сямейных традыцый. Дзеці павінны любіць Радзіму, паважаць бацьку і маці, расці годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Мы вельмі любім сваіх дзяцей, хочам, каб яны раслі шчаслівымі і здаровымі. Яны ў нас маленькія, але тым не менш мы стараемся даваць ім права выбару, каб яны раслі самастойнымі і ў будучым прымалі ў сваім жыцці верныя рашэнні.