02.07.2024
У Карэліцкім раёне адкрылі памятныя таблічкі на вуліцах, названых у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны
Усяго на Карэліччыне было ўсталявана 6 памятных шыльдаў у гонар герояў Другой сусветнай вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы ў райцэнтры і аграгарадках раёна. Удзельнікі цырымоніі сабраліся на мемарыяльным комплексе “Зорка”, адкуль накіраваліся ў аграгарадок Ярэмічы, дзе ўсталявана таблічка ў гонар Уладзіміра Зянонавіча Царука — граматнага арганізатара, удзельніка Грамадзянскай вайны, кіраўніка антыфашысцкага падполля і партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза.
Пра кожнага з герояў вайны, чые імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц і на памятных шыльдах, расказаў старшы навуковы супрацоўнік УК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” Аляксей Караян.
Наступным прыпынкам стаў агр. Малюшычы, адна з вуліц якога названа ў гонар Яна Янавіча Фогеля — савецкага ваеначальніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра, загінулага ад смяротнай раны, якую атрымаў каля Малюшыч падчас вызвалення Беларусі.
Таксама памятныя шыльды былі адкрыты на вуліцах Мікалая Гастэлы , Міхаіла Белуша , Уладзіміра Царука і Аляксандра Матросава ў райцэнтры.
— Важна, каб падрастаючае пакаленне памятала, што менавіта гэтыя людзі вызвалялі нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — сказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка. — Вялікі подзвіг, які яны здзейснілі, немагчыма забыць.