26.06.2024
У Карэліцкім РАНС адкрылі памятны знак у гонар Мікалая Гастэлы
26 чэрвеня 1941 года, на чацвёрты дзень вайны, лётчык Мікалай Гастэла здзейсніў свой знакаміты “ вогненны таран ”, коштам свайго жыцця знішчыўшы калону варожай тэхнікі. Памяць пра подзвіг капітана Гастэлы беражна захоўваецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў.
Праз 83 года пасля подзвігу Гастэлы на тэрыторыі Карэліцкага РАНС была адкрыта памятная шыльда ў гонар знакамітага земляка. Удзел у цырымоніі адкрыцця прынялі Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзім Сіняўскі, старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош, начальнік галоўнага аператыўна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Валянцін Асіповіч, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Лакіза, настаяцель храма Пакрова прасвятой Багародзіцы аг. Турэц Андрэй Абрамовіч.
Першым слова трымаў Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзім Сіняўскі:
— Подзвіг Мікалая Гастэлы, простага беларускага хлопца, чый бацька нарадзіўся на карэліцкай зямлі, прымушае ўсіх нас задумацца: якая ўнутраная моц павінна быць у чалавека, які, разумеючы, што ён можа выратаваць сваё жыццё, свой экіпаж, прыняў валявое рашэнне і накіраваў свой самалёт на калону варожай тэхнікі, якая рухалася па дарозе Мінск — Радашковічы. У жыцці кожнага чалавека заўжды ёсць выбар. Ёсць ён і у нас: добрасумленна выконваць свой службовы абавязак, быць патрыётам сваёй Бацькаўшчыны ці здрадзіць сваёй зямлі. Неабходна аб гэтым памятаць, вучыць гэтаму нашых дзяцей і ўнукаў, расказваць ім пра людзей, якія мужна змагаліся ў партызанскіх атрадах, на франтах, вучыць іх беражліва адносіцца да гэтай памяці.
— Сям’я Мікалая Гастэлы страціла сына і мужа, Радзіма набыла героя. Сярод несмяротных сталінскіх сокалаў назаўжды застанецца подзвіг чалавека, яки разлічыў сваю смерць як бясстрашны ўдар па ворагу, — адзначыў у сваёй прамове старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей. — Подзвіг здабыў вядомасць і адыграў важную ролю для ўздыму баявога духу лётчыкаў. Пасля, у перыяд вайны, нашымі лётчыкамі было здзейснена яшчэ 1276 паветраных таранаў, а таксама па наземных і надводных цэлях. Ён стаў прыкладам для пераймання як падчас вайны, так і пасля яе.
80 гадоў наша краіна жыве пад мірным, спакойным небам. Трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны мы надаём вялікае значэнне, памятаем усіх, хто аддаў свае жыцці за мірную будучыню.
Прыемна, што напярэдадні такой значнай даты, 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Карэліцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях узвёў памятны знак Герою Савецкага Саюза Гастэлу.
Самае дарагое і святое, што перадае адно пакаленне другому, — гэта памяць.
Памятны знак будзе з’яўляцца сімвалам мужнасці і гераізму, які прыцягне ўвагу грамадскасці і моладзі да такой усечалавечай святыні, як памяць аб загінулых. Гэта наш святы абавязак перад тымі, хто выпакутаваў і заваяваў перамогу.
Права адкрыць памятную шыльду прадастаўляецца Вадзіму Сіняўскаму і Андрэю Гардзею.
Асвяціў памятны знак іерэй Андрэй Абрамовіч, які адзначыў, што Царква заўжды ўшаноўвала і малілася за воінаў і военачальнікоў, якія аддалі жыццё за вызваленне роднай зямлі ад захопнікаў.