Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.08.2024

Ураджайнасць ільнотрасты ў Карэліцкім раёне вышэйшая за мінулагоднюю

  Карэліччына здаўна славіцца сваім ільном, які цэніцца не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.  Тут не толькі перапрацоўваюць ільновалакно, але і вырошчваюць гэту патрабавальную культуру. Карэспандэнт “Полымя” паглядзеў, як убіраюць паўночны шоўк. Сёлета работнікам ААТ “Карэлічы-Лён” трэба было выцерабіць 2150 га лёну. Сабрана 420 тон ільнонасення пры ўраджайнасці 4,6 ц/га. Гушчыня пасеваў была добрай, таму нават пры неспрыяльных умовах надвор’я палегласці не назіралася. Гадавы дзяржзаказ склаў 700 т доўгага льновалакна і 1300 т кароткага. Ён выконваецца згодна з графікам. На прадпрыемстве сёлета апрацоўваюць 6 гатункаў паўночнага шоўку, з іх 5: «Стойкі», «Надзейны», «Моцны», «Рубеж» і «Запал» — беларускай селекцыі. На палях вядуцца работы па яго абгортванні і прэсаванні. Завадчане таксама пачалі рыхтаваць глебу пад ураджай будучага года. — На 19 жніўня ўраджайнасць ільнотрасты складае 44,4 ц/га, гэта значна вышэй, чым летась, — расказаў галоўны аграном ільнозавода Яўгеній Жук. — Лён, як і любая сельскагаспадарчая культура, патрабуе граматнага захавання тэхналогіі вырошчвання. Трэба дакладна прытрымлівацца ўсіх стадый льнаводчага ланцужка: ад сяўбы да атрымання канчатковай прадукцыі. Немалаважная роля ў гэтым працэсе адводзіцца селекцыі. Гатунак — гэта адзін з галоўных элементаў тэхналогіі вырошчвання. Паводле слоў галоўнага агранома, сёлета добры вынік пры  севе і вырошчванні лёну на прадпрыемстве атрымалі дзякуючы захаванню ўсіх тэхналагічных тэрмінаў. Ільнонасенне пачалі высейваць з пачатку красавіка, своечасова ўнеслі ўгнаенні, і да пачатку ліпеньскай засухі расліны былі ўжо сфарміраваныя. У сваю чаргу сонца дапамагло ім выспець. Ураджай гэтага года дазволіць загрузіць вытворчыя магутнасці завода на 100%. Праца па прэсаванні льнотрасты праходзіць з 9 да 19.00. — У гэтым годзе мы плануем нарыхтаваць 460 т уласнага льнонасення — гэта поўная патрэба для засева нашых плошчаў у наступным сезоне, — падкрэсліў Яўгеній Жук. — Да гэтай колькасці дадаткова плануем закупіць насенне высокай рэпрадукцыі — абавязковага кампаненту для абнаўлення культуры. Нарыхтоўка лёну складаецца з некалькіх этапаў: церабленне, якое праходзіць з адначасовым ачосам насенных скрыначак і расцілам ільнотрасты, абгортванне для раўнамернага вылежвання і атрымання максімальна якаснай сыравіны, успушванне (ільнотраста прыўздымаецца з зямлі і праветрываецца ад вільгаці), прэсаванне і транспарціроўка на завод. Зачасанае і абмалочанае камбайнам насенне адпраўляецца на праверку і ачыстку. Прыязджаем на поле каля вёскі Волца, дзе прэсуюць лён. Напрошваюся ў кабіну да механізатара ААТ “Карэлічы-Лён” Алега Доня. Трактар выязджае ў поле. Юнак засяроджаны, пастаянна пераводзіць позірк са стужкі выцерабленага лёну на бартавы камп’ютар, азіраецца на прэс-падборшчык. Хутка ў кабіне раздаецца сігнал, які апавяшчае: рулон гатовы. Пакуль адбываецца выгрузка, хлопец расказвае, што на прадпрыемстве працуе трэці год: — Пасля заканчэння Карэліцкага прафтэхліцэя прыйшоў на завод на адпрацоўку. Шчыраваць спадабалася. Умовы добрыя, таму і застаўся. Сяргей СТОЛЯР Фота аўтара