Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Карэлiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
06.08.2024

Збіраем дзяцей у школу разам са шматдзетнай мамай з Карэліцкага раёна

  Ужо стала традыцыяй для журналістаў раённай газеты «Полымя» напярэдадні новага навучальнага года з бацькамі і дзецьмі са шматдзетных сем’яў наведваць гандлёвыя кропкі райцэнтра і збіраць вучняў у школу. Сёлета накіраваліся ў прамысловы аддзел Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага  таварыства і на свае вочы ўбачылі, колькі каштуе апрануць школьнікаў і якія канцылярскія прылады можна набыць. Чатыры радасці  сям’і Пісарык Сям’я Марыны і Аляксандра Пісарык з райцэнтра шматдзетная. Маці працуе загадчыкам аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі, бацька — індывідуальны прадпрымальнік. Яны выхоўваюць чатырох дачок і ласкава называюць іх сваімі радасцямі. Вікторыя ў гэтым навучальным годзе пойдзе ў пяты клас, Маргарыта — у трэці, Надзея і Анастасія наведваюць дзіцячы садок. Будучыя вучаніцы розныя па характары і памкненнях. Вікторыя — ціхая, спакойная, ураўнаважаная, выдатніца вучобы, удзельнічае ў розных конкурсах. Маргарыта — больш увішная дзяўчынка, захапляецца танцамі, вельмі гаваркая, мае шмат сяброў. Гэты кароткі аповед маці пра дачок пацвердзіўся ў гандлёвай кропцы: яны па-рознаму адносіліся да прымеркі абновак і выбару канцылярскіх прыладаў.   Ад школьнай формы  да заплечніка і алоўка Прадавец Валянціна Баўдзей У магазіне нас ветліва сустракае прадавец Валянціна Баўдзей. Прапаноўвае сукенкі сіняга колеру. Дзяўчынкі іх апранаюць — і абноўкі быццам шылі для школьніц. Цікавімся коштам сукенак: для Вікторыі яна каштуе 40 рублёў, для Маргарыты — 29,99. Яшчэ раз аглядзеўшы дзяўчынак, прадавец прапаноўвае трэцякласніцы прымерыць яшчэ спадніцу, блузку і штаны, якія каштуюць адпаведна 19,99; 29,99 і 32,99 рублёў. Гэтыя рэчы вельмі спадабаліся нашым пакупнікам, і яны вырашаюць іх набыць. Спартыўныя касцюмы каштуюць ад 57,93 да 74,98 рублёў, дзіцячыя калготкі — ад 8,00 да 12,00, фуфайкі розных колераў —  14,50. З абутку змагла прапанаваць толькі зменны 28 і 33 памераў коштам 15,31, 15,65, 19,63, 20,93 рублёў. Маргарыта і Вікторыя выбіраюць сабе ў школу заплечнікі адпаведна за 18,90 і 19,55 рублёў. Затым спыняюцца каля паліц з канцылярскімі прыладамі. Альбомы для малявання 2,85 — 4,77 рублёў, папкі для сшыткаў — 3,66 — 8,79, пеналы — 6,64 — 9,25, каляровы картон — 2,17 — 3,66, каляровая папера — 1,20 — 2,10, пластылін — 3,28 — 6,11, гуаш — 4,57 — 12,18, фламастары — 3,71 — 7,87, клей-аловак, клей ПВА — 1,07 — 2,18, каляровыя алоўкі — 2,36 — 6,43, акварэльныя фарбы — 2,82 — 7,71, ручкі — 0,25 — 1,02, сшыткі — 0,07 — 0,25, простыя алоўкі — 0,19 — 0,43, лінейка — 0,69 — 0,84, гумка — 0,89, тачылка — 0,40 — 1,20. Падводзім вынікі купленым рэчам да новага навучальнага года. Для Вікторыі набылі сукенку, штаны, спартыўны касцюм, зменны абутак, заплечнік, калготкі, і агульная сума складае 209 рублёў 54 капейкі. Для Маргарыты выбралі спадніцу, блузку, спартыўны касцюм, зменны абутак, заплечнік, калготкі, штаны на агульную суму 198 рублёў 83 капейкі. За канцылярскія прылады давялося выкласці па 46 рублёў 34 капейкі для кожнай вучаніцы. Пасля нашага візіту ў прамысловы аддзел Карэліцкага філіяла Гродзенскага спажывецкага таварыства пацікавілася ў магазіне Карэліцкага Дома быту, якія рэчы для школьнікаў тут можна набыць. Як высветлілася, маюцца сарочка верхняя для хлопчыкаў вытворчасці ААТ «Эліз» г. Дзяржынск, джэмперы для хлопчыкаў і дзяўчынак (ААТ «8 Сакавіка», ААТ «Світанак»), камізэлькі для хлопчыкаў і дзяўчынак (ААТ «Палессе»), спартыўныя касцюмы для дзяўчынак (ААТ «Бабруйсктрыкатаж»). «Плануем павялічваць асартымент і запрашаем карэліччан за пакупкамі», — сказала прадавец Ганна Раманюк. Нікога не пакінуць  па-за ўвагай Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, у гэтым годзе аднаразовую матэрыяльную дапамогу атрымаюць 204 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 460 школьнікаў. На гэтыя мэты выдзелена з раённага бюджэту 63200 рублёў. Выплата на аднаго школьніка складзе 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму на 1 жніўня 2024 года — 129,9 рубля. — Мы вельмі рады і ўдзячны дзяржаве за аказваемую падтрымку шматдзетным сем’ям па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Гэтыя выплаты ідуць на набыццё чагосьці з адзення для дзяцей і канцылярскіх прылад, — адзначае Марына Пісарык. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказваецца малазабяспечаным сем’ям (у тым ліку шматдзетным). Памер выплат вызначаюць раённыя камісіі ў кожным выпадку індывідуальна. Улічваецца даход сям’і і канкрэтная жыццёвая сітуацыя. За атрыманнем дапамогі неабходна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога на суму 2619,42 рублі назначана дзвюм шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць дзевяць дзяцей. Гэтая дапамога выдзяляецца для шматдзетных, малазабяспечаных, сацыяльна ўразлівых катэгорый сем’яў. Агульная сума ўсёй аказанай дапамогі да новага навучальнага года па стане на 31 ліпеня 2024 года склала 7539,42 рубля. Яна аказана 50 сем’ям, у якіх выхоўваюцца 94 дзіцяці. Дапамогу па месцы работы могуць атрымаць работнікі, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў, калі яна прапісана ў калектыўных дагаворах, лакальных актах арганізацыі. Звяртацца неабходна да наймальніка. Дапамогу па месцы працы за кошт сродкаў прафсаюзных арганізацый у раёне аказалі 15 сем’ям, у якіх выхоўваецца 31 дзіця на суму 1160 рублёў, а дапамога па месцы працы за кошт сродкаў наймальнікаў аказана 33 сем’ям, у якіх выхоўваецца 54 дзіцяці на суму 3760 рублёў. ЦСАН Карэліцкага раёна дапаможа сабрацца ў школу 40 дзецям на суму 1500 рублёў. Міжнародная дабрачынная арганізацыя «ЮніХэлп» прадаставіла канцылярскія тавары і сродкі асабістай гігіены. У рамках правядзення штогадовай акцыі «Збяром дзяцей у школу!» для падрыхтоўкі да новага 2024-2025 навучальнага года акажуць матэрыяльную дапамогу і грамадскія арганізацыі раёна: раённае аддзяленне «Беларускі дзіцячы фонд», Карэліцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і іншыя. Руку падтрымкі працягнуць розным катэгорыям сем’яў: шматдзетным; сем’ям, у якіх непаўналетнія прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы; сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда; малазабяспечаным, прыёмным і апякунскім сем’ям і дзецям, якія прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і знаходзяцца ў ДУА «СПЦ Карэліцкага раёна». Моцная сям’я —  моцная дзяржава Шматдзетная маці Святлана Стацэвіч называе сябе багатым чалавекам. Разам з мужам Мікалаем выхоўваюць пяцёра дзяцей, чацвёра з якіх пойдуць у школу — у першы, трэці, пяты, восьмы класы. Падрыхтоўку да новага навучальнага года маці называе няпростай, але прыемнай справай. Разам з мужам пры пакупцы рэчаў для дзяцей-школьнікаў стараюцца ўлічваць і іх пажаданні. Наведваюць прамысловыя магазіны райцэнтра і рынак гарпасёлка. Святлана Міхайлаўна ўдзячна нашай дзяржаве, якая праяўляе пастаянны клопат пра шматдзетныя сем’і, і адчувае сапраўднае мацярынскае шчасце ў прадаўжальніках роду. Сапраўды, моцная сям’я — моцная дзяржава. Галіна СМАЛЯНКА Фота Сяргея СТОЛЯРА