06.05.2025
Красную звезду Героя установили на памятнике ветерана Великой Отечественной войны Константина Филипповича Вырко
У 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі на Гродзеншчыне стартаваў праект абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” і ўпраўлення адукацыі аблвыканкама “Чырвоная зорка Героя”, накіраваны на ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе праекта наладжаны пошук пахаванняў ветэранаў, збор звестак пра іх і ўстаноўка на магілах чырвонай зоркі — напаміну пра важнасць захавання гістарычнай памяці.
Напярэдадні свята чырвоная зорка была ўсталявана на магіле Канстанціна Піліпавіча Вырко, ураджэнца в. Краснае Карэліцкага раёна. Канстанцін Піліпавіч быў прызваны ў дзеючую армію 25 ліпеня 1944 года, накіраваны ў 346-ы стралковы полк, у складзе якога ваяваў па кастрычнік 1944 года. У лютым 1945 года быў накіраваны ў 311-ы стралковы полк кулямётчыкам.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”, кавалер ордэна Славы ІІІ ступені. Пасля вайны працаваў настаўнікам Запольскай васьмігадовай школы.
Каля магілы ветэрана сабраліся вучні і настаўнікі Красненскай сярэдняй школы, члены РА ГА “Белая Русь” і Беларускай партыі “Белая Русь”, прадстаўнікі Красненскага сельвыканкама і СВК “Маяк-Заполле”. Расказваючы пра акцыю “Чырвоная зорка Героя”, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан адзначыў, што зоркі на помніках ветэранаў — добрая нагода падыйсці да магілы і моўчкі выказаць словы падзякі ўсім, хто адваяваў права жыць пад мірным небам, пакланіцца ўсім, дзякуючы каму ў маі 1945 года над светам прагрымеў салют Перамогі.
— У нашай школе захоўваецца памяць пра ветэранаў, — запэўніла дырэктар Красненскай сярэдняй школы Наталля Бурак. — Акрамя зоркі, якую мы ўсталявалі сёння, будзе ўстаноўлена яшчэ дзесяць чырвоных зорак на магілах нашых землякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Памяць пра ветэрана ўшанавалі хвілінай маўчання. У гонар усіх, хто змагаўся на палях вайны, іерэй Дзмітрый Пачобут прачытаў малітву.