04.03.2024
Оперуполномоченный отделения криминального розыска Кореличского РОВД Максим Меленяко: «Мы собираем данные по крупицам, которые потом складываются в общую картину»
Многія ў дзяцінстве мараць стаць супрацоўнікамі міліцыі. Прыгожая форма, статус і павага – усё гэта і не толькі прыцягвае юнакоў і дзяўчат. Ураджэнец вёскі Горная Рута Максім Меляняка таксама вырашыў прысвяціць сябе службе ў міліцыі, каб ахоўваць грамадскі парадак і бяспеку людзей, і ажыццявіў сваю мару.
– З ранняга дзяцінства ведаў, што буду насіць пагоны міліцыянера, – пачынае свой аповед оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку старшы лейтэнант міліцыі Карэліцкага РАУС Максім Меляняка. – У працы міліцыянера я заўсёды бачыў шмат важных плюсаў, і гэта не толькі арганізаванасць, адказнасць, высокая заработная плата і прыгожая форма, але, вядома ж, юрыдычная граматнасць, магчымасць дапамагаць людзям у розных жыццёвых сітуацыях.
З органамі ў свой час звязалі сваё жыццё блізкія юнаку людзі: адзін дзядзька нёс службу ў Карэліцкім РАУС, адсюль і пайшоў на заслужаны адпачынак, а другі доўгі час працаваў у Навагрудку, дзе быў супрацоўнікам ДАІ. Так што ўзор сапраўды адказнага стаўлення да справы чалавека ў пагонах заўсёды быў перад вачыма.
– Пасля атрымання атэстата ў 2009 годзе спрабаваў паступаць у Акадэмію МУС, але на той час гэта было няпростым выпрабаваннем для выпускніка школы, бо ў вну быў вялікі конкурс. І мне не хапіла некалькі балаў, каб ажыццявіць мару дзяцінства. Пайшоў служыць у армію, і ўжо тады вырашыў, што гэты вопыт дапаможа мне стаць супрацоўнікам міліцыі. Так і выйшла, – з усмешкай сказаў Максім.
Спасцігаць асновы зносін з далёка не законапаслухмянымі грамадзянамі ён пачаў у Мінску: спачатку працаваў у Мінскім аддзяленні ўнутраных спраў на паветраным транспарце, потым два гады праслужыў у патрульнай службе, затым – у аддзяленні крымінальнага вышуку. У 2021 годзе вырашыў вярнуцца на родную Карэліччыну.
– Ужо з асабістага вопыту работы магу сказаць, што аснову працы супрацоўніка крымінальнага вышуку складаюць зносіны з людзьмі. Ні ў адной акадэміі не могуць падрыхтаваць да гэтага на 100%. Кожны чалавек – гэта новы свет, новае бачанне, новы метад зносін і зусім іншыя падыходы да кожнага. У задачу супрацоўнікаў аддзялення крымінальнага вышуку ўваходзяць не толькі размовы з правапарушальнікамі, якія ахвотна распавядаюць, што яны нарабілі, але і з тымі, хто да апошняга маўчыць і думае, што гэтым ён засцеражэ сябе ад пакарання за зробленае. У любым выпадку аператыўніку трэба ўмець знайсці тыя нітачкі, за якія можна пацягнуць – і чалавек раскрыецца. Думаю, што кожны з маіх калег лічыць сваёй маленькай перамогай, калі падазраваны, які адмаўляўся ісці на кантакт, пачынае гаварыць. Некаторым з парушальнікаў ад гэтага нават лягчэй становіцца, яны нібы груз з душы скідаюць. Але тут яшчэ таксама важна дайсці да ісціны, таму што часам нават у такім прызнанні можа хавацца маленькая хлусня. Гэта таксама трэба ўбачыць, часам нават адчуць інтуітыўна. Намаганні оперупаўнаважанага амаль ні ў адным дакуменце і выніковай справаздачы не адлюстроўваюцца. Гэта праца нялёгкая і амаль нікому не бачная. Аднак без яе любое злачынства вельмі цяжка раскрыць. Аператыўнікі збіраюць звесткі па крупінках, яны затым складаюцца ў адзін агульны вынік, – адзначыў важнасць справы оперупаўнаважаны.
Пра ўсе тонкасці сваёй працы як аператыўніка распавесці ён не можа нават пры ўсім жаданні. У супрацоўнікаў крымінальнай міліцыі шырокі аб’ём работы – ад радавых скаргаў насельніцтва да рэзанансных злачынстваў. З кожным выпадкам трэба разбірацца не па шаблоне, хоць многія справы падобныя і паўтараюцца па ўжо вядомых схемах. Але самае галоўнае – умець правільна ацаніць сітуацыю і зрабіць правільныя высновы.
Як і для любога іншага прадстаўніка праваахоўных органаў, Максіму важны надзейны тыл. Жонка Анастасія, дачка Сафія і маленькі Мацвей акружаюць мужнага служыцеля закона клопатам і ўвагай, разумеюць, што калі ён адправіўся ў пазаўрочны час на работу, то справа сур’ёзная. Анастасія заўсёды падтрымлівае мужа, з разуменнем ставіцца да выклікаў, бо ведае, што злачыннасць не дрэмле. Шасцігадовая дачушка татам вельмі ганарыцца, а калі ён апранае форму, то глядзіць на яго з захапленнем, а сынок яшчэ маленькі і шмат чаго не разумее, але заўсёды па-дзіцячы радуецца, калі бацька з ім гуляе.
Максім Меляняка ганарыцца сваёй прафесіяй і з радасцю чакае любімае свята — Дзень беларускай міліцыі. Усім тым, хто ў гэтым годзе стаіць перад выбарам будучай прафесіі, жадае выбраць справу па душы. Ён упэўнены, што сярод іх будзе нямала тых, хто спыніць выбар на службе ў міліцыі, бо стаяць на варце правапарадку — ганарова ва ўсе часы!
Не сакрэт, што праца ў праваахоўнікаў — не з лёгкіх, у ёй нямала асаблівасцяў. Часам бывае складана, але ў такіх сітуацыях калегі прыходзяць адзін аднаму на дапамогу, працягваючы слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў. Згуртаванасць і ўзаемадапамога дапамагаюць вартавым правапарадку паспяхова вырашаць задачы любой складанасці.