Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Кореличский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
15.05.2026

У Карэлічах праведзена свята «Сям’я — тэрыторыя кахання!»

  15 мая ў філіяле «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры» праведзена свята «Сям’я — тэрыторыя кахання!». Яно сабрала сем’і розных пакаленняў, якія крочаць па жыцці рука аб руку на працягу многіх гадоў сумеснага жыцця. Яны — прыклад кахання, клопату, павагі, адказнасці. Слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Маніла: — Паважаныя прысутныя! Рады шчыра вітаць вас на свяце, якое прысвечана Дню сям’і. Гэта цудоўная падстава адкласці штодзённыя клопаты, каб успомніць пра галоўныя каштоўнасці нашага жыцця. Сям’я — гэта не проста кроўныя вузы, а надзейная крэпасць, якая дорыць нам душэўнае цяпло, давер і абарону ў любыя складаныя моманты жыцця. Менавіта дома мы знаходзім бескарыслівую падтрымку і сілы для новых дасягненняў. Пераемнаць пакаленняў, павага да старэйшых і клопат аб дзецях фарміруюць тыя важныя традыцыі, на якіх будуецца моцная і стабільная краіна. У святочны дзень прадстаўнік мясцовай улады пажадаў, каб дамы заўсёды заставаліся ўтульнай і мірнай гаванню, якая напоўнена душэўным спакоем. Каб у іх панавалі ўзаемная павага, шчыры клопат і моцнае здароўе, а кожны пражыты год прыносіў толькі радасць і гонар за дзяцей і ўнукаў. Каб цяпло сямейнага ачага, якое сагрэта дзесяцігоддзямі кахання і мудрасці, аберагала ўсю вялікую сям’ю, а блізкія людзі заўсёды акружалі ўвагай і ўдзячнасцю. Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася і начальнік аддзела загса Карэліцкага райвыканкама Валянціна Вішнеўская: —Сям’я — такое маленькае слова, а які вялікі ў ім сэнс. Гэта самы каштоўны скарб, які людзі могуць мець у жыцці. Чалавек можа пабудаваць дом мары, але ён будзе там усё роўна адзінокі. Як важна, каб яго там чакалі і кахалі, разумелі і прымалі такім, які ён ёсць. Менавіта разам значна лягчэй супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям і разам радавацца поспехам і дасягненням. Асноўным прызначэннем сям’і можна назваць нараджэнне і выхаванне дзяцей. Вельмі важна, каб сям’я была трывалай. У сям’і дзіця вучыцца спасцігаць сакрэты зносін паміж людзьмі, любові і клопату. Праз сям’ю ад аднаго пакалення да другога перадаюцца традыцыі, мудрасць і веды. Сёння ўсё часцей у нашай рэспубліцы разглядаюцца пытанні ўмацавання аўтарытэту сям’і, павышэння нараджальнасці, падтрымкі старэйшага пакалення, фарміравання ў моладзі пачуцця адказнасці і павагі да сям’і. Валянціна Уладзіміраўна адзначыла, што органы загса маюць непасрэдныя адносіны да стварэння сям’і. Гаворачы першыя словы наказу і ўручаючы першы сямейны дакумент, бачым шчаслівыя вочы маладых. У нашым раёне шмат узорных сем’яў. Сёння запрошаны на свята юбілейныя сем’і — 50, 40, 35, 25, 20 і 15 гадоў сумеснага жыцця, каб яшчэ раз падкрэсліць значнасць сям’і, пераемнасць пакаленняў. Яны прайшлі дастаткова доўгі шлях і змаглі захаваць каштоўнасці сямейных адносін. У маладога пакалення ёсць з каго браць прыклад, і яны павінны ведаць: сям’я не можа існаваць без кахання, а каханне — без вернасці. Гэтыя крытэрыі неразлучныя паміж сабою. Начальнік аддзела загса павіншавала ўсіх з гэтым цудоўным святам і пажадала, каб у сэрцах заўсёды жыло каханне, дзякуючы якому адбываюцца сапраўдныя цуды, і галоўным цудам будзе сямейнае шчасце і ўсмешкі дзяцей, унукаў, праўнукаў, а таксама — міру і дабрабыту ўдзельнікам свята і іх сем’ям. Сапраўды, людзі, якія пражылі ў міры і згодзе пяцьдзясят гадоў, выклікаюць пачуццё захаплення і павагі, і гэта добры прыклад маладым сем’ям. І доказ таму — сям’я Віктара Васільевіча і Антаніны Міхайлаўны Гурын. Сорак гадоў сумеснага жыцця ў шлюбе — рубінавае вяселле, а рубін здаўна лічыўся каменем вернага і адданага кахання, шчаслівага сямейнага жыцця. У гэты дзень былі ўшанаваны Алег Генадзьевіч і Іна Анатольеўна Мамонька, Анатолій Эдуардавіч і Наталля Віктараўна Блашко. Каралавым вяселлем называюць трыццаць пяць гадоў у шлюбе. Калі сямейная пара крочыць па жыцці столькі часу — каханне праверана часам. На свята былі запрошаны Мікалай Мікалаевіч і Ларыса Фёдараўна Кулініч. Дваццаць пяць гадоў сумеснага жыцця ў шлюбе — сярэбранае вяселле. За чвэрць стагоддзя каханне загартавалася гадамі, і ў сям’і паважаюць і кахаюць адзін аднаго. Сярэбраныя сямейныя пары — Алег Мікалаевіч і Аксана Іванаўна Краскоўскія, Дзмітрый Аляксандравіч і Вольга Паўлаўна Пахольчык, Валянцін Віктаравіч і Наталля Віктараўна Сухоцкія. Дваццаць гадоў сумеснага жыцця лічыцца фарфоравым вяселлем. А яшчэ лічыцца, што да гэтага часу адносіны паміж мужам і жонкай становяцца мяккімі і гнуткімі, але разам з тым моцнымі і трывалымі. Іх прадстаўнікі — Сяргей Сяргеевіч і Ірына Ігараўна Логіш, Андрэй Міхайлавіч і Марына Чаславаўна Пясецкія, Аляксандр Уладзіміравіч і Вольга Мікалаеўна Касцюк. І ў рэшце рэшт, калі пятнаццаць гадоў крочыць па жыцці разам рука аб руку, можна адзначаць крыштальнае ці шкляное вяселле. Існуе меркаванне, што гэты своеасаблівы юбілей сімвалізуе чысціню, празрыстасць і трываласць адносін, якія прайшлі праверку часам, але патрабуюць беражлівых адносін, як крышталь. У гэты святочны дзень былі ўшанаваны Вадзім Вячаслававіч і Ірына Леанідаўна Канавалік. На ўрачыстасці прагучалі цудоўныя мелодыі і шмат пажаданняў. Сапраўды, як адзначалася на свяце: «Сям’я — гэта праца, клопат адзін пра аднаго, шмат дамашняй работы» і «Сям’я — гэта важна і складана, але шчасліва жыць аднаму немагчыма». Дык няхай моцнымі і трывалымі будуць сем’і, і пануюць у іх давер, павага, лад. Каб праз гады яны змаглі пранесці вялікае пачуццё — каханне. Да гэтага трэба абавязкова імкнуцца, і доказ таму — нашы землякі, якія ўшаноўваліся ў Дзень сям’і. СЛОВА — УДЗЕЛЬНІКАМ СВЯТА Ірына ЛОГІШ, маці чацвярых дзяцей, жыхарка г.п. Карэлічы: — Дзень сям’і — самае дарагое для мяне свята. Дзеці — гэта тое, дзеля каго хочацца жыць, працаваць, прыкладаць намаганні, каб яны выраслі працавітымі і добрымі людзьмі. Дзякуй арганізатарам свята, якія падарылі яго, а разам — і надзею ў заўтрашні дзень. Вольга ПАХОЛЬЧЫК, маці дваіх дзяцей, жыхарка райцэнтра: — На такім свяце ўпершыню. 16 лютага споўнілася 25 гадоў, як жывём з мужам Дзмітрыем Аляксандравічам. У нас дарослыя дзеці: 24-гадовая дачка Святлана і 20-гадовы сын Аляксей. Я шчаслівая тым, што ў мяне дружная сям’я, жывуць нашы бацькі, любімая праца. Трэба, каб панаваў мір на зямлі, і ўсе сем’і былі шчаслівымі. Алеся РАЧЫНСКАЯ, хормайстар Карэліцкага РЦКіНТ, выканаўца песень свята «Сям’я — тэрыторыя кахання»: — Сёння, у дзень святкавання Дня сям’і, адчуваю вялікую радасць ад таго, што ёсць такія цудоўныя сем’і, з якіх хочацца браць прыклад. Сям’я — гэта свайго роду мелодыя, якую трэба слухаць, якую пачынаеш спяваць, і ноты гэтай мелодыі хочацца пранесці праз усё жыццё. Жадаю сем’ям раёна здароўя, міру, дабрабыту. Каб у іх усё ладзілася, і новы дзень прыносіў толькі добрыя навіны. Галіна СМАЛЯНКА Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ